Не, крытыка павінна быць... Але аб тым, якая яна павінна быць, ужо дастаткова сказана. І давайце лепш памяркуем, ці можа яна быць такой, калі для гэтага не будзе адпаведнай атмасферы, калі ўсе мы — паэты, празаікі, рэдактары — не будзем дастаткова прынцыповымі самі.
1971
УРОКІ ПАЭТА-ГРАМАДЗЯНІНА
Да 150-годдзя з дня нараджэння М. А. Някрасава
Яго імя стала сінонімам паэта-грамадзяніна. Гэта тлумачыцца і характарам яго паэзіі, і тым, што ён, як ніхто іншы, выразна, з уласцівай яму сілай і афарыстычнасцю, вызначыў у сваіх вершах грамадскае прызначэнне паэта. Мы яшчэ са школьнай парты ведаем на памяць някрасаўскія радкі, мы часта паўтараем іх. Асабліва калі размова заходзіць аб грамадзянскасці, аб сацыяльнай скіраванасці паэзіі. На жаль, ад завучанасці і частага механічнага паўтарэння ісціны трацяць часам свой першапачатковы сэнс. Тое самае адбываецца і з паняццем грамадзянскасці. Мы тлумачым яго, кожны на свой лад, вельмі ўжо адвольна. Настолькі адвольна, што ўжо вылучаем «грамадзянскую лірыку» ў асобны жанр, аддзяляем яе ад паэзіі асабіста-лірычнай. I ледзь не зводзім грамадзянскасць да одапісу, да гучных рыфмаваных адпісак з нагоды святочнай падзеі.
Між тым адзін з урокаў някрасаўскай музы якраз і заключаецца ў тым, што сіла і веліч паэтычнага твора залежыць ад сілы і велічы яго аўтара як асобы. I яшчэ Луначарскі пярэчыў супраць штучнага адрыву аднаго ад другога ў дачыненні да Някрасава. «Някрасаў грамадзянскі паэт, — пісаў ён, — але гэта грамадзянскі паэт, у тым і ўся сіла. Слабыя паэты з моцным грамадзянскім пачуццём заслугоўваюць павагі, але рэдка прыносяць карысць! Перш за ўсё мастацтва павінна быць мастацтвам, гэта значыць павінна, паводле Льва Талстога, заражаць душэўным перажываннем мастака, запальваць нашу душу духоўным яго полымем… Патрэбна перш за ўсё, каб у душы мастака гарэла гэта полымя, каб яго перажыванне было вышэйшае за нашы перажыванні, каб гэта быў вялікі чалавек; чалавек невялікі не можа быць вялікім паэтам таму, што заражаць няма чым…»
Перачытваючы вершы М. А. Някрасава —чытаеш старонкі яго жыцця. I пераконваешся ўправільнасці гэтага сілагічнага рада: грамадзянін — паэт — асоба — чалавек, які любіць. Някрасаў быў вялікім чалавекам. Не ў сэнсе выключнасці, ідэальнасці. Мы сфальшывім, калі нават называем яго «рыцарам без страху і папроку». Бо яму быў вядомы страх. «Запугал меня с детства отец», — прызнаўся ён у адным вершы. Потым яго застрашвалі будачнікі, жандары, суд, цэнзары, царскі рэжым… Ён піша аб гэтым у сваім «Суде (современной повести)». Яму былі ўласцівыя сумненні («Злобою сердце питаться устало — много в нем правды, да радости мало», «Плохо верится в силу добра» іг. д.) Яго пропаведзінатуральна пераходзілі ў гранічна шчырыя споведзі, у горкія, часам да бязлітаснасці самакрытычныя прызнанні («Народ! Народ! Мне не дано геройство служить тебе, — плохой я гражданин», «Мне борьба мешала быть поэтом, песни мне мешали быть бойцом», «Я настолько же чуждым народу умираю, как жить начинал» і г. д.)
Так, усё гэта так. I ўсё гэта пацвярджае толькі, што ён быў Чалавекам. Жывым. Зямным. Поўным барацьбы, пошуку, гарэння, неспакою. Ёсць яркі дакумент, які найлепшым чынам асвятляе ісціну. Чарнышэўскі пісаў 14 жніўня 1877 года з Сібіры А. Н. Пыпіну: «Калі, як ты атрымаеш маё пісьмо, Някрасаў яшчэ будзе працягваць дыхаць, скажы яму, што я горача любіў яго як чалавека, што я
дзякую яму за яго добрыя адносіны да мяне, што я цалую яго, што я перакананы: яго слава будзе бессмяротная, што вечная любоў Расіі да яго, самага геніяльнага і высакароднага з усіх рускіх паэтаў. Я рыдаю аб ім. Ён сапраўды быў чалавек вельмі незвычайнай высакароднасці душы і чалавек вялікага розуму…»
Дададзім яшчэ — і чалавек вялікай любві.
Любіць, любоў… Гэта адно з асноўных слоў у слоўніку паэта. Пачуццё, дакладней, цэлая гама пачуццяў, вызначаных гэтым словам, утвараюць глыбіннае цёплае цячэнне, своеасаблівы Гальфстрым у бурным і суровым моры някрасаўскай паэзіі. Глыбіннае і шматслойнае. Тут, у гэтай плыні, любоў да маці. Любоў да жанчыны — абранніцы сэрца і да жанчыны-працаўніцы. Любоў да дзяцей і да сяброў-аднадумцаў. Любоў да людзей, перш за ўсё да працоўных, але абяздоленых, бяспраўных, да «брата-чалавека». Любоўда «зялёнага шуму» жыцця іроднай прыроды, любоўда радзімы… Любоў паэта набывае ідэйны сэнс, становіцца сімвалам рэвалюцыйнай свядомасці («За убежденья, за любовь иди и гибни безупречно») і сінонімам ідэалу («Уведи меня в стан погабающих за великое дело любви»). Пушкін аддаваў перавагу слову «праўда». Някрасаў спыніўся на «любві». Ён — чалавек другой біяграфіі і другога часу, калі некаторыя метафізічныя катэгорыі ўступаюць месца паняццям больш рэальным, маральна і сацыяльна канкрэтызаваным. Праўду можна толькі знаць ці не знаць. Любоў у самім сэрцы, яна хвалюе, непакоіць, рухае, абавязвае. «Кто живет без печали и гнева, тот не любит отчизны своей».