Выбрать главу

Прыклад Някрасава дапамагае нам зразумець дыялектыку любві і нянавісці ў грамадзянскай паэзіі, паказвае нам, што паэт не можа быць абыякавым і самазадаволеным, не можа жыць без «смутку і гневу», калі ён здольны любіць. Мера любві — мера грамадзянскасці.

Павучальна і другое. Вучачы і прапаведуючы, паэт ні разу не стаў у позу настаўніка і не ўзняўся на катурны бясхібнага ў сваёй праваце прапаведніка. Ён быў тонкім лірыкам і быў глыбока іранічным і саркастычным у сваёй сатыры. Але галоўнае, што заўсёды

прыцягвала яго ўвагу і было пастаянным прадметам яго «жгучего, святого беспокойства», — гэта драма чалавечага жыцця. У адным са сваіх ранніх вершаў ён напісаў:

Но оба вы — извозчик-дуралей И ты, смешно причесанная дама. — Вы пробуждаете не смех в душе моей — Мерещится мне всюду драма.

Спачатку драма толькі мроілася, і мроілася ў акаляючым жыцці. Потым паэт усё больш усведамляе яе, перажывае яе сам, як асоба і як мастак, перажывае «пытку творческого духа». Паэт спавядаецца, прызнаецца, раскайваецца, пакутуе, спадзяецца, сумняваецца, верыць. Але ад гэтага, як ні дзіўна, толькі ўзрастае маральная сіла яго паэзіі.

Такім чынам — гэта яшчэ адно патрабаванне някрасаўскай традыцыі — слова паэта павінна адпавядаць яго ўнутранаму свету, яго душэўнаму складу. «У грамадстве, —пісаў М. А. Някрасаў у аглядзе часопісаў за 1855 год, — яшчэ бываюць абставіны, дзе вы вымушаны падаваць руку чалавеку двухсэнсоўнаму, назваць той ці іншы факт не тым імем, якога ён заслугоўвае, — у літаратуры не існуе такой нязручнасці. Літаратура не павінна нахіляцца на ўзровень з грамадствам у яго цёмных ці сумніўных праявах. У што б ні стала, пры якіх бы абставінах ні было, яна павінна ні на крок не адступаць ад сваёй мэты — узвысіць грамадства да свайго ідэалу — ідэалу дабра, святла і ісціны!»

Паэт, юбілей якога мы сёння ўрачыста адзначаем, пацвердзіў праз гады вернасць самому сабе, сваім словам, сваёй любві дадабра і нянавісці да зла.

* * *

1. У чым, на Ваш погляд, заключаецца сучаснасць паэзіі Някрасава і якое значэнне някрасаўскіх традыцый у развіцціграмадзянскай паэзіі?

2. Што даў мастацкі вопыт Някрасава асабіста Вам як паэту?

Анкета часопіса «Вопросы литературы» да 150-годдзя з дня нараджэння М. А. Някрасава

Творчая спадчына мастака сучасная тады, калі яна захоўвае жывую сілу ўздзеяння, адпавядае нашым духоўным патрэбам. Паэзія Някрасава нязменна задавальняе адну з самых глыбокіх гэтых патрэб — патрэбу ў чалавечнасці. Звяртаючыся да Бялінскага, свайго настаўніка, паэт сказаў: «Ты нас гуманно мыслить научил». I сам Някрасаў быў і застаецца вялікім настаўнікам чалавечнасці, і мы вучымся ў яго гуманна думаць і адчуваць, любіць і ненавідзець.

Прыклад Някрасава вытлумачвае нам адзін з асноўных законаў паэзіі — закон пераходу энергіі любві, энергіі маральнага пачуцця ў ідэйна-мастацкую якасць. Яго прыклад дапамагае нам зразумець дыялектыку любві і нянавісці ў грамадзянскай паэзіі і пераконвае нас у тым, што сапраўдная грамадзянскасць можа грунтавацца толькі на гуманізме. Таму някрасаўскія традыцыі такія плённыя, таму яны самым актыўным чынам агітуюць за грамадзянскую, рэвалюцыйную паэзію.

Адказваючы на другое пытанне, дадам да сказанага вышэй наступнае. Незадоўга да смерці паэт напісаў на палях сваёй кнігі: «Наогул уласцівасць мая такая — як толькі сказаў, што асабліва займала, што здавалася важным і карысным, дык і даволі, — сумна расказваць байку». Прызнанне вельмі паказальнае. Някрасаў не любіў літаратурных «баек» і «баечак». I мне як паэту глыбока імпануе гэтая яго асаблівасць — гаварыць па сутнасці.

1971

ЯСНАСЦЬ СТАЛАЙ ПАРЫ..

Калі паэт гаворыць, што яго біяграфію трэба шукаць у яго вершах, то мы павінны яму верыць. Бо інакш і не можа быць, бо тут пацвярджаецца адзін з няўхільных законаў паэтычнага мастацтва. Толькі разумець гэта трэба не літаральна, не ў тым сэнсе, што вось, маўляў, паэт пераказвае ў вершах пэўныя факты і падзеі свайго жыцця, з дзённікавай дакладнасцю інфармуе чытача аб тым і аб гэтым. Разумець трэба ў тым сэнсе, што ў паэзіі, як і ў прыродзе наогул, нічога ні з таго ні з сяго не ўзнікае, што ў аснове верша можа быць толькі пэўны жыццёвы факт, пэўны жыццёвы вопыт.