Інакш кажучы, паэт спачатку жыве, а потым ужо піша. Спачатку хвалюецца, а потым вылівае сваё хваляванне ў радкі. Спачатку назірае, думае, асэнсоўвае, а потым дзеліцца ў вершах сваіх роздумам. Прычына — жыццё, вынік — верш. Другой залежнасці і паслядоўнасці тут няма. «Материя песни, ее вещество» — гэта і рэаліі акаляючага свету, і назіранні, хваляванне, роздум паэта, яго пераконанні, яго маральны ідэал.
Генадзь Бураўкін — а я вяду размову менавіта ў сувязі з яго новай кнігай «Жніво» — якраз і адносіцца да ліку тых паэтаў, якія свае вершы не высасваюць з пальца і не бяруць са столі. Ён ідзе ад жыцця — грамадскага і асабістага, ён дыхае (адзін з яго ранейшых зборнікаў так і называўся: «Дыханне»), ён жыве ў сваіх вершах. Жыве з сваім характарам, з сваім грамадзянскім тэмпераментам. Сам ён пра гэта піша так:
Гэты верш, які аўтар напісаў, маючы на ўвазе радкі Пімена Панчанкі: «На пісьмовы стол, нібы на плаху, болей галавы не пакладу», — сведчыць і пра другое — пра сацыяльную скіраванасць і маральную завостранасць паэзіі Г. Бураўкін. Грамадзянскасць — яго стыхія. Яго лірычны герой — а ў дадзеным выпадку лірычны герой, як гэта і павінна быць, неаддзельны ад аўтара, — актыўны ўдзельнік падзей, сумленны працаўнік, бескампрамісны барацьбіт за праўду і справядлівасць.
У другім вершы («Што паробіш, калі ціхманы...») паэт піша пра тое, як ён «не чакае нябеснай манны і вядзе баі на зямлі», як часам нялёгка змагацца з маной, але затое якім радасным бывае вынік.
Пячаткай грамадзянскай баявітасці, змагання за «чыстае зерне праўды» пазначаны такія — адны з лепшых у кнізе — вершы, як «Хлапчукі» і «Кампрамісы». Яны, апрача таго, сведчаць аб уменні аўтара натуральна, непрымушана пераводзіць на мову верша валеныя грамадскія катэгорыі і з'явы.
Наогул, для Г. Бураўкіна як лірыка характэрна здольнасць пісаць пра час, як пра сябе, і пра сябе, як пра час, набліжаць далёкае, канкрэтызаваць маштабнае, рабіць асабіста прысутным агульнае. Аб чым бы ён ні пісаў — пра горад («Мінскі трыпціх»), пра наш век («О, век дваццаты: гэтакія штормы...»), пра ахвяры мінулай вайны («Хатынскі снег») ці пра заўчасную гібель першага касманаўта Гагарына («Паэма расстання»), — ён заўсёды знаходзіць лірычны подступ да тэмы, не баіцца гаварыць ад першай асобы, ад свайго «я», выказваючы такім чынам свае асабістыя адносіны, сваё асабістае перажыванне. Асабліва характэрная ў гэтым сэнсе «Паэма расстання», якая вылілася ў пранікнёны, усхваляваны, па-чалавечаму ўзрушаны рэквіем па героі космасу.
Зборнік «Жніво» адкрываецца радкамі: