Выбрать главу

Чытаючы кнігу, пераконваешся, што падобнае прызнанне з'явілася не выпадкова. Гэтак жа, як не выпадковы той факт, што ў кнізе можна знайсці нямала радкоў, звязаных з асеннімі матывамі і малюнкамі (таму, мабыць, і кніга так называецца — «Жніво»), Паэт піша пра асеннюю «смугу і лагоднасць», пра «яснасць сталай пары», калі аглядваюць набыткі, калі падводзяць вынікі зробленага і калі, можа, «прыходзяць да простых, як хлеб і паветра, высноў». Гутарка, словам, ідзе аб тым, што сталее сам паэт з яго лірычным героем. Так яно і ёсць. Аб гэтым сведчаць яго схільнасць да жанру так званай медытатыўнай лірыкі, лірыкі роздуму, у прыватнасці такія творы зборніка, як «Не, я ужо даўно не малады», «Халодны сквер дашчэнту абляцеў» і інш. Аб гэтым сведчаць і «Некалькі жартаўлівых дыялогаў», напісаных з мудрай філасофскай усмешкай. Пачуццё ўсё больш павяраецца розумам, эмоцыі — мудрасцю.

Няма ў мяне юнацкіх прывілегій, Бяру ўсё на-даросламу ўсур'ёз, І не баюся ўжо мужчынскіх слёз, І не смяюся з сябравых элегій...

Словам, сталасць, «яснасць сталай пары». І гэта натуральна, і гэта добра. Больш таго, кажучы: словамі антычнага аўтара, «мудрасць — вось сапраўдных вершаў выток і пачатак».

1972

У ПУШКІНА

«Болдзінская восень». Болдзіна. «Обитель дальняя трудов и чистых нег».

Сапраўды дальняя, далёкая. Для Пушкіна — у прасторы. Для нас — і ў часе.

За дальнасцю і за даўнасцю яно, гэтае сяло, было — для мяне асабіста, у прыватнасці — нечым амаль нерэальным, абстракцыяй. Так, каму невядома, што лёс закінуў Пушкіна ў яго радавы маёнтак Болдзіна, што тут ён марыў аб сваім шлюбе з юнай прыгажуняй Наталляй Ганчаровай, ірваўся да яе, але яго трымаў каранцінны палон, і паэт — няма ліха без дабра — вымушаны быў пісаць і стварыў за тры месяцы шмат выдатных твораў, якія ўвайшлі ў залаты фонд рускай і ўсёй сусветнай літаратуры... Каму гэта невядома? Але гэта разам са школьным урокам адыходзіць у мінулае і робіцца далёкім, як паданне. І калі ты верыш у Міхайлаўскае і Ясную Паляну, то вера твая ў Болдзіна толькі на гэтым паданні і трымаецца. Дзе ты — Болдзіна? У якім кутку неабдымнай зямлі рускай? Якое ты, калі ты ўсё ж існуеш у сапраўднасці?

Болдзіна адгукаецца, Болдзіна дае пра сябе знаць. Самым сучасным, самым рэальным, самым звычайным спосабам. З Болдзінскага музея-запаведніка А. С. Пушкіна (жыве Болдзіна, ёсць такі музей!) прыходзіць у Саюз пісьменнікаў запрашэнне прыняць удзел у юбілейных урачыстасцях. Пушкінскае Болдзіна запрашае ў госці! І мы з Петрусём Макалем выпраўляемся ў шлях.

«Если ехать вам случится...» Ляцім да Масквы самалётам, адтуль, другім самалётам, да Горкага. А з Горкага дабіраемся да сяла Вялікае Болдзіна (у адрозненне ад другой назвы — Малае Болдзіна). Недзе на паўдарозе пачынаеш памалу адчуваць не зусім звычайнае, трывояша-шчымлівае хваляванне — хваляванне паломніка. Яно звязана ў падсвядомасці з адчуваннем, што ты пераадольваеш не толькі прастору, але і рухаешся ў часе. Пачынае наогул змяшчацца ўяўленне аб часе. Упершыню я перажыў такое адчуванне, калі наведаў Жалудок у пошуках слядоў Валерыя Урублеўскага. Цяпер яно зноў было ў душы. І яно, па меры набліжэння, усё мацней і мацней забірала сэрца. І ўзмацнялася яшчэ тым, што я ўзяў з сабой у дарогу томік пісем Пушкіна і мы іх перачытвалі... «Я ад'язджаю ў Ніжні, не ведаючы, Што мяне чакае ў будучым... Восень падыходзіць. Гэта любімы мой час — здароўе маё звычайна мацнее — пара маіх літаратурных турбот, — а я павінен клапаціцца пра пасаг ды пра вяселле, якое згуляем бог ведае калі... Еду ў вёску, бог ведае, ці буду там мець час займацца і душэўны спакой, без якога нічога не зробіш, акрамя эпіграм на Качаноўскага... Мая дарагая, мая мілая Наталля Мікалаеўна, я ля вашых ног, каб падзякаваць вам і прасіць даравання за прычыненыя вам турботы... Даношу табе, майму ўладару, што сёлетняя восень была дзетароднай і што калі твой пакорны васал не здохне ад сарацынскага паморку, халерай названага і занесенага нам крыжовымі воінамі, гэта значыць бурлакамі, то ў замку тваім, «Литературной газете», песні трубадураў не змоўкнуць круглы год... Што за цуд тутэйшая вёска! Уяві: стэп ды стэп: суседзяў ні душы; ездзі вярхом колькі табе хочацца, пішы дома колькі ўздумаецца, ніхто не перашкодзіць... Я жыву ў вёсцы, як на востраве, акружаны каранцінам...»

Гулі маторы, пагойдваўся самалёт, транспарт быў самы што ні ёсць сучасны, але ў той жа час гучалі словы Пушкіна, за імі чуўся яго такі натуральны — то ўзрушаны, то пяшчотны, то іранічны, то жартаўлівы — голас, мы ляцелі да яго ў госці, і сцены часу бурыліся, падалі... Знаёмае паломнікам адчуванне.