Цікавы, напрыклад, такі факт. Аўтар «Пярсцёнка», будучы натурай неспакойнай, любіў падарожнічаць, любіў адкрываць для сябе новыя мясціны. («Я паеду. Клясціся не стану. Я магу шапнуць табе: «Люблю!» А затым пайду і зноў растану там, дзе неба сходзіць на зямлю».) Значную частку кнігі складаюць вершы, навеяныя падарожнымі ўражаннямі. І вось, чытаючы іх, здзіўляешся не толькі назіральнасці паэта, яго вострай успрымальнасці, а і яго здольнасці тут жа рэагаваць на ўсё ў вершы, знайсці дакладныя словы, каб перадаць новае адчуванне. Вось страфа з верша таежнага цыкла:
Натуральнасць і эмацыянальная ўзрушанасць характэрны не толькі для тых твораў, якія А. Сербантовіч прысвячае сваім асабістым перажыванням. Ён астаецца такім жа лірыкам, калі бярэцца за тэмы грамадскага значэння. Як неаддзельна ў яго вонкавае ад унутранага, так і неаддзельна грамадскае ад асабістага.
У шмат якіх творах зборніка выяўляецца шырокі кругагляд паэта, яго грамадзянскі тэмперамент. Ён не забывае «год сорак першы — нянавісць і боль». Джунгарскія вароты нагадваюць яму абеліскі, што стаяць над брацкімі магіламі (верш «Джунгарскія вароты»). Ён напісаў два вянкі санетаў, прысвечаных тэме вайны («Курган» і «Салдат»). Творы гэтыя заслугоўваюць нашай увагі і ўдзячнасці і астануцца цікавай з'явай у нашай паэзіі.
Сюды ж трэба аднесці і яшчэ адзін вянок санетаў «Васілёк», дзе паэт шукае свой падыход да ленінскай тэмы, кідае паэтычны позірк на рэвалюцыйнае мінулае народа. Паэт, плённа выкарыстоўваючы класічную форму санета, знаходзіць новыя рашэнні адказнай тэмы, дасягае ў многіх санетах вянка пераканаўчай мастацкай выразнасці:
«Высокае святло», «крыло агніста-белае», «каб светлым, як сонца, быў і, як вінаградзіна, чыстым»... У лексіконе кожнага паэта ёсць свае любімыя словы і эпітэты. Анатоль Сербантовіч любіў эпітэт «светлы» і блізкія да яго па свайму гучанню. І гэта не выпадкова. Светлым, па-чалавечы харошым быў яго талент. Аб гэтым красамоўна сведчыць кніга «Пярсцёнак».
1973
СТАГОДДЗІ - НІБЫ ДНІ ПРАЙШЛІ...
Паэзія не можа быць абыякавай да мінулага, таму што яна... парываецца наперад, у будучыню. У гэтым вонкава парадаксальным сцвярджэнні няма супярэчнасці. Прыгадаем словы Герцэна: «Паўней усведамляючы мінулае, мы вытлумачваем сучаснае, глыбей апускаючыся ў сэнс былога — раскрываем сэнс будучага, гледзячы назад — крочым наперад». У дачыненні да паэзіі гэта ісціна мае асаблівы сэнс, бо тут нельга без ідэалу, без традыцыі, без духоўнай пераемнасці.
Узнаўляць сувязь часоў, пастаянна падтрымліваць яе — адна з важнейшых стваральных магчымасцей і адна з галоўных маральна-грамадскіх задач паэзіі.
Гэтая і падобная да яе думкі прыходзяць, калі чытаеш новую кнігу Янкі Сіпакова «Веча славянскіх балад...» — кнігу цікавую, своеасаблівую і ў пэўным сэнсе характэрную для пашай сучаснай паэзіі, якая, несумненна, пашырае тэматычныя і жанравыя абсягі, выходзіць на новыя ідэйна-мастацкія рубяжы.
«Веча славянскіх балад...» Веча — паняцце гістарычнае, звязанае, як вядома, з існаваннем старажытнарускіх рэспублік, у прыватнасці Наўгародскай. Жанр балады таксама мае на ўвазе гістарычны змест. Значыць, паэт звяртаецца да мінулага? Калі чытаеш кнігу — пераконваешся, што яе назва і яе жанравае вызначэнне зусім не ўмоўныя, што яна сапраўды з'яўляецца спробай зрабіць паэтычны экскурс у гісторыю славянскіх народаў. Перад намі праходзяць як сівая мінуўшчына, так і падзеі недалёкага мінулага, праходзіць галерэя як безыменных герояў, безыменных прадстаўнікоў народа, так і вядомых гістарычных дзеячаў... Скарына і Ян Гус, Налівайка і Разін, Ламаносаў і Капернік, Хрыста Боцеў і Мація Губец, рускі цар Пётр Першы, які вучыцца кавальскай справе ў Мікітава Дзямідкі, і балгарскі дар Барыс, якога ў народзе таксама называюць кавалём, бо