Выбрать главу
Толькі штосьці ўсё ж трывожыць (Халадае нават кроў!), Што не ворагаў, а можа, Зваявалі мы сяброў?

Балада «Пыл», дзе выразна ўваскрашаецца адна са старонак барацьбы з татара-мангольскім нашэсцем, — гэта прасякнутыя горыччу радкі пра адшчапенца «баяна»,

Які, пярхаючы ад пылу, спявае:

— Слава, слава, слава Батыю! І дзякуе, дзякуе «вызваліцелям» За нагрэты ў запыленых бурдзюках Ханскі кумыс...

Надзвычай драматычны ракурс знаходзіць Янка Сіпакоў, вырашаючы тэму здрадніцтва ў баладзе «Еш!»... Вязні нямецка-фашысцкага канцлагера выбіраюць са свайго асяроддзя больш моцнага, чым іншыя, і робяць На яго сваю апошнюю стаўку.

Усе пайкі свае і сілы З надзеяй аддаюць яму штодзень, Каб стаў ён моцным, каб ён змог падужаць Наглядчыка, што здзекуецца, кат. — Еш! Еш... Вязні не маглі нават падумаць, Што той, хто пайкі іхнія жарэ, — Не сябра іх. Ён здраднік, здраднік, здраднік, Якога сам наглядчык падаслаў... — Падавіся!

Наогул, у дадзеным выпадку можна смела гаварыць аб цэласнасці кнігі, аб скразной ідэйна-тэматычнай дамінанце. Пры гэтым кніга не пакідае ўражання аднастайнасці, манатоннасці. Наадварот, яна багатая на фарбы і інтанацыі. Аўтар умела мадыфікуе выбраны ім жанр. Мы знаходзім у зборніку і «партыйную баладу», і баладу-легенду, і баладу-жарт, і баладу-плач, і баладу-казку. Тут ёсць і адкрыта публіцыстычныя радкі (на жаль, яны часам пераходзяць у рыторыку), і лірычныя звароты, і жанравыя сцэнкі, і дыялог... Словам, балада паўстае перад намі ў кнізе Я. Сіпакова ў абноўленым выглядзе. Яно і зразумела. «Немолод очень лад баллад, не если слова болят и слова говорят про то, что болят, молодеет и лад баллад...»

Іншая справа, калі ў чытача ўзнікне пытанне такога характару: ці заўсёды ўдаецца паэту ўзняцца над гістарычным матэрыялам? Ці не з'яўляюцца часам яго балады вершаванымі ілюстрацыямі да пэўных падзей? Бо кожнага мастака, у тым ліку і паэта, які звяртаецца да гістарычнай тэмы, падсцерагае такая небяспека — трапіць у палон фактаграфіі. Можа ўзнікнуць тут і яшчэ адно пытанне, якое ўжо выходзіць за рамкі дадзенага разгляду: ці можа ў паш час, час масавай інфармаванасці, мастацкі твор на гістарычную тэму, скажам, тыя ж балады, прэтэндаваць на эфект першаадкрыцця, быць пазнавальным?

На апошняе пытанне можна адказаць, як мне здаецца, даволі пэўна. У навукі і паэзіі розныя падыходы, розныя метады мыслення. І калі вядомы матэматык прызнае, што паэзія «нечакана вобразна фармулюе такія складаныя сітуацыі, для апісання якіх у матэматыка няма адэкватных сродкаў», то такое ж прызнанне можа тым больш прагучаць з вуснаў гісторыка. Ён і паэт не выключаюць, а, наадварот, дапаўняюць адзін другога.

А вось што датычыць ілюстрацыйнасці, то ў некаторых выпадках Янку Сіпакову не ўдаецца яе пазбегнуць. І не ўдаецца, відаць, тады, калі ён мае справу з рэальным гістарычным эпізодам або героем. У якасці прыкладу можна прывесці баладу «Кузня», дзе расказваецца аб тым, як Пётр Першы вучыцца ў народнага майстра каваць. Аўтар не знайшоў тут новай вобразна-мастацкай інтэрпрэтацыі тэмы і як вынік не дасягнуў належнага ўзроўню абагульнення. Надта знаёмай выглядае ў баладзе «Касцёр» бабуля, якая («святая прастата!») падкідвае паленца ў агонь, на якім спальваюць Яна Гуса. Тут аўтар ідзе па шляху вершаванага пераказу. Паэт недвухсэнсоўны ў сваіх сімпатыях і антыпатыях, і гэта добра. Але часам ён бывае і просталінейным. Ну, скажам, у ацэнцы абывацеля ў баладзе «Дасвецце».

Але гэта толькі асобныя выпадкі. У пераважнай сваёй большасці «славянскія балады» — гэта сапраўды паэтычнае асэнсаванне мінулага. Адным са сродкаў, дзякуючы якім дасягаецца ў творах адпаведная, так сказаць, мастацкая атмасфера, адпаведны эмацыянальны лад, з'яўляюцца трапна знойдзеныя дэталі: насенне ў «беларускай баладзе», мячык — у «польскай», чырвоны перац — у «балгарскай», крылы — у «рускай», літаўры — ва «ўкраінскай», пыл — у «баладзе Кіеўскай Русі» і г. д. Паэт па-майстэрску выкарыстоўвае, накшталт вопытнага кінааператара, буйны план і іншыя ракурсы, якія даюць магчымасць наблізіць далёкае, ажывіць забытае. І тут думаеш пра таямнічую памяць сэрца, якая сапраўды «сильней рассудка памяти печальной». І ахвотна падзяляеш з аўтарам словы яго развітальнай, «заключнай балады», звернутай да мінулага:

Ваш боль, ваш сум не абміналі, І вашу радасць перайшлі... І дні — стагоддзямі міналі, Стагоддзі — нібы дні прайшлі.