1974
ПОДЗВІГ РАТНЫ, ПОДЗВІГ ТВОРЧЫ
Да 50-годдзя В. Быкава
Васіль Быкаў… Без гэтага імя цяжка ўявіць сёння нашу беларускую, і не толькі беларускую літаратуру. Вядомасць В. Быкава даўно выйшла за рамкі нашай краіны. Яго творы перакладзены на многія мовы свету — на балгарскую, польскую, чэшскую, венгерскую, нямецкую, французскую, іспанскую і інш. Колькасць перакладаў працягвае расці. Тут мы маем справу якраз з такога роду папулярнасцю, якая не толькі не мае тэндэнцыі ісці на спад ці нават трымацца на адной вышыні, а якая, з кожным новым творам пісьменніка, усё расце і робіцца ўсё больш трывалай. Характэрна, што кантынгент чытачоў В. Быкава сталы, паважны і ў той жа час вельмі шырокі. Самую непасрэдную цікавасць да яго творчасці і яго асобы праяўляюць людзі самых розных узростаў і прафесій — ветэраны мінулай вайны, героі кніг В. Быкава, і зусім маладыя людзі, якія ведаюць вайну толькі па тых жа кнігах і фільмах, убеленыя сівізной настаўнікі і іх юныя вучні, гарадскія жыхары і працаўнікі сяла, вучоныя і людзі фізічнай працы… Аб творчасці В. Быкава заходзіць размова ў нашых пісьменніцкіх паездках па краіне, пра яго пытаюцца ў нас на сустрэчах з чытачамі. Сам ён атрымоўвае шмат запрашэнняў выступіць, на яго адрас ідзе паток пісем…
Словам — шырокае прызнанне, вядомасць, поспех. Вялікі поспех на нялёгкім шляху да розуму і сэрца чытача.
У чым сакрэт такой вядомасці, такога поспеху? Пытанне тым больш, відаць, слушнае, калі прыгадаць, што Васіль Быкаў стаў пісаць параўнаўча нядаўна, што першая кніга яго «Жураўліны крык» выйшла ў свет у 1960 годзе. Да гэтага часу многія равеснікі В. Быкава паспелі ўжо выдаць па некалькі кніг і сталі ўжо вядомымі. Біяграфія В. Быкава складвалася напачатку не так удала. Юначыя гады аддадзены вайне, пасля вайны дэмабілізацыя на яго як на кадравага афіцэра не распаўсюджваецца, і ён яшчэ доўга служыць у арміі — за мяжой, потым на Далёкім Усходзе. Дарэчы, тут, на адным з астравоў Курыльскай грады, былі напісаны першыя апавяданні, якія не ўбачылі свету… «Усю вайну, — расказвае В. Быкаў у сваёй аўтабіяграфіі, — і яшчэ дзесяць год пасля яе быў далёка ад Беларусі, але светлы вобраз роднага краю мацярынскай пяшчотай жыў у маім сэрцы. Радзіма клікала ў снах, трывожыла ў марах, напамінала аб сабе паўзабытай матчынай мовай…»
Клікала не толькі радзіма. Даваў, відаць, ведаць аб сабе і талент мастака, які ўсё спеў і патрабаваў выйсце.
Але сакрэт у дадзеным выпадку не толькі ў таленце, а і ў той глыбока ўсвядомленай адказнасці, з якой пісьменнік падыходзіць з самага пачатку да «бастыёна вялікай праўды аб вайне» (словы з той жа аўтабіяграфіі). Нялёгка браць гэты «бастыён», непрыступна высіцца яго вяршыня, але інакш нельга: патрабуе суровая непазбыўная памяць вайны, патрабуюць мёртвыя…
Паказаць праўду аб вайне — значыць паказаць чалавека на вайне, паказаць, якой цаной ён здабывае перамогу, як ён змагаецца і як, натуральна, памірае. Ніхто, здаецца, не паказваў яшчэ з такой сілай, з такім глыбокім эмацыянальным і псіхалагічным пранікненнем смерць салдата, як гэта рабіў і робіць у сваіх творах Васіль Быкаў. Шмат якія старонкі б’юць па сэрцы, як акорды рэквіема, балюча адзываюцца ў ім.
Так, многія героі твораў Быкава паміраюць. Ледзьве мы паспелі палюбіць іх, як ужо надыходзіць сумная часіна развітання, як любоў наша перарастае ў боль страты. Ды ў нас няма ніякай падставы папракнуць тут у нечым аўтара, мець да яго нейкую прэтэнзію. Бо героі яго паміраюць не таму, што так захацелася аўтару, што вось ён узяў і вырашыў, пасля адпаведных ваганняў (гісторыя літаратуры ведае такія выпадкі), скончыць менавіта так свой твор. Ну, скажам, для таго, каб больш нагнясці драматызму. Не, справа тут не ў аўтарскай прыхамаці і нават не ў яго добрай ці дрэннай волі. Гэта не той выпадак, калі пісьменнік можа, не зграшыўшы супраць праўды, вырашыць: забіваць яму героя ці пашкадаваць яго, а заадно і пашкадаваць нервы чытача. Не той выпадак. Бо гутарка ідзе пра мінулую вайну. Вялікую Айчынную — для нас, Другую сусветную — для ўсяго чалавецтва. Самую знішчальную, самую крывавую з усіх 14 513 малых і вялікіх войнаў, якія адбыліся, як палічылі гісторыкі, з 3200 года да нашай эры і па наш час. Мы страцілі, як вядома, у ёй 20 мільёнаў чалавечых жыццяў. Дваццаць мільёнаў! Такой цаной была здабыта перамога. Безліч «праклятых вышынь» было на шляху да яе. I кожную з іх трэба было атакоўваць. («Што ж, атака — дужа звычайная на вайне справа».) I за кожную з іх трэба было плаціць не чым іншым, як чалавечымі жыццямі, «стратамі ў жывой сіле».