Выбрать главу

Вялікая вайна. Вялікая перамога. Вялікі подзвіг. I — вялікая цана. Адно адпавядае другому. А для літаратуры — вялікая тэма. I падыходзіць да яе можна толькі па вялікім рахунку — з вялікім веданнем і з самай вялікай маральнай адказнасцю. Другі падыход тут супрацьпаказаны. Бо ён будзе або недаравальна аблегчаны, без належнага пранікнення ў тэму, або зусім непраўдзівы, фальшывы, што яшчэ больш недаравальна.

Былы франтавік, баявы афіцэр Васіль Быкаў добра ведае, што такое бліжні бой, ведае горкі прысмак пораху, помніць, чым аплачваўся кожны подзвіг, кожны ваенны поспех. Да таго ж сёння, з дыстанцыі гадоў, многае бачыцца лепш і ў іншым святле. I натуральна, што пісьменнік падыходзіць да сваёй сталай тэмы — тэмы вайны — з пэўным маральна-гуманістычным маштабам, суадносіць вайну, яе «вялікі грымотны свет» з асобным чалавекам у шынялі, з «яго адзіным і такім неабходным яму жыццём», а перамогу — з яе цаной. Гэта не толькі яго права, гэта — і яго абавязак. Абавязак удзельніка і сведкі падзей, абавязак пісьменнікаграмадзяніна.

Многія героі В. Быкава паміраюць, дакладней: гінуць… Гіне Глечык («Жураўліны крык»), гіне Жаўтых («Трэцяя ракета»), гіне Сотнікаў («Сотнікаў»), гіне Іваноўскі («Дажыць да світання») і г. д. I тым не менш мы не можам папракнуць аўтара ў фаталізме, у тым, што яго героі, маўляў, выглядаюць занадта пасіўнымі, асуджанымі, што ім не хапае актыўнага, гераічнага пачатку. Для такой крытыкі ў нас няма падставы. Прыгадаем, напрыклад, адзін з самых трагічных па сваім гучанні твораў — аповесць «Праклятая вышыня». Усе яе героі, яе дзейныя асобы — Ананьеў, Ванін, Васюкоў, Крывашыеў, Піліпенка — гінуць. Але што ў іх агульнага з пасіўнымі ахвярамі? Нічога. Наадварот, яны, прынамсі, лепшыя з іх, смела глядзяць у твар небяспецы, з усіх сіл служаць сваёй ратнай справе. Яны гатовы стаяць насмерць. Герой другой аповесці думае за некалькі хвілін да смерці аб тым, што «застануцца жыць іншыя. Яны перамогуць, ім аднаўляць гэтую зялёную шчаслівую зямлю, дыхаць на поўныя грудзі. I кахаць. Але хто ведае, ці не залежыць шчаслівы іх лёс ад таго, як памрэ на гэтай дарозе дваццацідвухгадовы камандзір узвода лейтэнант Іваноўскі?»

…Для тых, хто ляжыць у братніх магілах, вайна скончылася разам з іх жыццём. Для жывых яна скончылася ў Дзень Перамогі. Для былога воіна і сённяшняга пісьменніка Васіля Быкава яна працягваецца. Кожны раз, калі ён пачынае свой новы твор, ён як бы ідзе зноў на вайну. I кожны раз, калі ён заканчвае свой твор, ён як бы вяртаецца з вайны — у сваё часовае перамір’е, у свой кароткатэрміновы, да наступнай аповесці, зацішак. Кожны раз… I гэта — незвычайная справа, незвычайная творчасць. Творчы акт заўсёды патрабуе вялікага напружання душэўных сіл. I тады, калі гутарка ідзе аб звычайным жыцці, аб мірным чалавечым існаванні. Якія ж, уявіце сабе, сілы, якія рэзервы ўнутранай, духоўнай энергіі патрабуюцца і выдаткоўваюцца для таго, каб увасобіць у слове подзвіг ратны! Колькі вымагаецца ад мастака лепшай крыві яго сэрца, каб уваскрасіць для новага жыцця — жыцця ў мастацкім творы — мёртвых і каб потым, у гэтым жыцці, падзяліць з імі іх горкі лёс. Якім самаахвярным павінна быць тут пераўвасабленне! Іншымі словамі, подзвіг ратны вымагае подзвігу творчага. I мы павінны быць удзячныя пісьменніку за гэты яго подзвіг. I мы павінны аддаць яму належнае — сваю чытацкую любоў і павагу.

1974

ПАЭЗІЯ — ЗЯМЛЯ МАЯ...

Як гэта, можа быць, ні парадаксальна, але адно з самых любімых слоў у актыўным лексіконе горскага паэта Кайсына Куліева — слова «зямля». Не «строма», не «скала», не «цясніна», нават не «гара» (апошняе таксама ўжываецца часта), а менавіта «зямля». Не, паэт не забывае свае родныя горы («Калі я гавару з гарамі, я з цэлым светам гавару...»), ён па-ранейшаму любіць горныя вяршыні («Я вас люблю, мае суровыя, настаўнікі сівагаловыя, вяршыні гор, вяршыні гор!»). Але перавагу ўсё ж ён аддае зямлі, зямлі прысвячае самыя пранікнёныя, самыя прачулыя радкі... «Зямля, ты мне сілу сваю дала, жыццё тваё — моц мая», «А ўсё ж, а ўсё ж ні ўноч, ні ўдзень я цябе, зямля мая, не кляў», «Сціскаю ў пальцах я камяк зямлі...», «Удзячны будзь ты кожнаму шматку зямлі, што бачыў на сваім вяку. Зямлю, як скарб, патрэбна шанаваць...» і г. д. Найлепшая для паэта кніга — гэта «кніга зямлі».

Кніга зямлі! Крыніца прагі маёй, Кніга пра баязліўца і храбраца. Няма такіх, хто хацеў бы расстацца з табой, Няма такіх, хто б цябе прачытаў да канца. Кніга зямлі, буду да забыцця Кожны радок твой чытаць, кожны радок. Кніга зямлі, ты — сувязная жыцця. Усё жывое ў табе. Без цябе — холад і змрок.