Выбрать главу

Горы нельга не заўважыць. Горы ўражваюць. Горы вабяць. Горы будзяць фантазію. Горы ўвасабляюць покліч вышыні і ўсяляюць у сэрцы «мару прагнага ўзыходжання». Горы могуць быць для чалавека «меркаю ўсяго высокага». Гэта так. Але ў той жа час ёсць, аказваецца, вялікі сэнс і невыказная слодыч у тым, каб «ціхім летнім вечарам вярнуцца з гор дамоў», каб спусціцца з горнага схілу на зямлю. Зямля сустрэне цябе цеплынёй сваёй абжытасці, сваімі, такімі блізкімі для цябе, галасамі, фарбамі, пахамі...

Зямля мая, дзе зелянее трава, Дзе кветак духмяны пах, Дзе храбусціць пад нагамі снег І хрупаціць пясок, Зямля, дзе шпаркія рэкі цякуць І выспявае хлеб...

Тут, на зямлі, гаворыць паэт, твой дом і твой ачаг. Тут твае суседзі з іх адвечным мудрым законам: «Горцу, як ачаг яго астыне, жару з ачага сусед прышле». Тут, па зямлі, жанчыны, любоўю якіх ты даражыш...

Чытаючы «Кнігу зямлі» Кайсына Куліева, я па адпаведнай асацыяцыі прыгадаў і яшчэ лепш зразумеў філасофскі верш нашага Максіма Багдановіча «Мне спілася» — верш аб тым, як чалавек узнімаецца ўсё вышэй і вышэй на гару, а значыць, і бліжэй да сонца, і робіць там, па гары, нечаканае для сябе адкрыццё: чым бліжэй да сонца, тым яно халадней, і цеплыні трэба шукаць там, унізе.

Словам, паэзію К. Куліева, яе галоўную сутнасць, можна характарызаваць перш за ўсё як зямную. Пры ўсёй сваёй схільнасці да ўзнёсласці, пафаснасці, а часам — і рытарычнасці, паэт застаецца верным сваёй першай і галоўнай любові — зямлі людзей, зямлі чалавечага жыцця. І калі гаварыць больш канкрэтна, гутарка ідзе аб пачуццях, звязаных з родным краем, з яго працоўнымі людзьмі — продкамі і сучаснікамі. Адно з гэтых пачуццяў — глыбокі дэмакратызм, шчырая гордасць за сваё, так сказаць, зямное паходжанне.

Якога б ні дайшоў я навучання, Якіх бы я ні дасягнуў вышынь, Але калі іду я на спатканне З аулам родным, я — сялянскі сын... І ганарыцца я да дамавіны Тым буду, што ў душы маёй відна Адкрытасць хлебароба-селяніна І прастадушнасць горца-чабана.

У адным з сваіх лепшых вершаў («У зямлі я вучыўся і неба...») паэт расказвае аб тым, што менавіта ў роднай прыроды і людзей роднага краю вучыўся ён распазнаваць «прызначэнне дабра і зла», разумець «з'яў навакольных складанасць і веліч, і майстэрства пляцення плятня». З тых жа крыніц вучыўся паэт і песеннаму слову. Аб гэтым красамоўна сведчыць ужо адзін такі факт з яго біяграфіі: яшчэ хлопчыкам ён павучыўся спяваць народныя песні, слыў у сваім родным Чэгеме маленькім ашугам і ў гэтай якасці не раз прымаў удзел у дарослых застоллях, седзячы побач з тамадой.

Так, паэтычная творчасць Кайсына Куліева прасякнута народным светаадчуваннем, арганічна звязана з фальклорнай мудрасцю, з песеннымі скарбамі гор. Але сказаць пра яе толькі гэта — значыць сказаць вельмі мала. Справа ў тым, што ў дадзеным выпадку мы маем справу з паэтам-наватарам, паэтам-шукальнікам. Шануючы традыцыю, нацыянальна-фальклорныя формы верша, паэт у той жа час па-свойму пераасэнсоўвае іх, ідзе далей. Яго правіла:

Людзі, спыняцца не маем мы права: Лепшае слова і лепшая справа — Усё наперадзе ў нас, Час у дарогу, Час!.. Здзейснена спраў неўміручых нямала, Ці не таму, што жыццё прадчувала Шлях, што наперадзе ў нас. Час у дарогу, Час!

Такі баявы дэвіз добра стасуецца з тэмпераментнай, неспакойнай, рашучай паэзіяй выдатнага балкарскага паэта, — наватарскай не толькі па форме, але і па сутнасці, і па духу, і па ідэйна-маральным змесце. Напрыклад, адным з нязменных атрыбутаў каўказскай паэзіі быў кінжал. Зрэшты, ён быў не толькі атрыбутам, прадметам апявання, але і сам адыгрываў тут актыўную ролю. Як пісаў Расул Гамзатаў,

В старину писали не спеша Деды на кинжалах и кинжалами То, что с помощью карандаша Тщусь я выразить словами вялыми.

«Я не пяю, а пішу на паперы...» — прызнаецца з адценнем шкадавання і Кайсын Куліеў у вершы «Продкі мае». Але ён не пагаджаецца са старажытным звычаем — садзіцца з кінжалам за стол.

Горац, з кінжалам за стол я не сяду, Меч не бяру я ў паходы свае. Але мяне не судзіце за здраду, Продкі мае, Продкі мае!