Выбрать главу

 Былі сустрэчы снежаньскія, Андрэй Германаў бачыў Беларусь зімовую, такой яна адлюстравалася ў яго вершах. А потым, у наступны свой прыезд, ён убачыў яе, нарэшце, у вясновым святле, у маёвай зелені. Гэта быў май 1972 года, былі памятныя дні балгарскай літаратуры ў БССР, у якіх прыняў удзел разам са сваімі калегамі Д. Ангелавым, Н. Вылчавым, I. Давыдкавым і Андрэй Германаў. Гасцяванне на гэты раз выйшла за рамкі літаратурнага асяроддзя; па адным з маршрутаў дэкады А. Германаў паехаў па рэспубліцы, меў магчымасць глянуць на яе шырэй, сустрэцца з чытачамі — рабочымі, калгаснікамі, настаўнікамі, студэнтамі… Вярнуўшыся на радзіму, ён з захапленнем і ўдзячнасцю пісаў у газеце «Пулс» пра свае ўражанні. Напісаў пранікнёны верш, прысвечаны Хатыні. Увогуле — парадніўся з Беларуссю, з яе літаратурай, яе паэзіяй. Аднойчы ён паведамляў мне, што, будучы праездам у Маскве, сустрэў там выпадкова беларускую пісьменніцкую дэлегацыю… «Дыхнула на мяне нечым мілым, простым, цёплым, і апаліла пякучая настальгія. Захацелася ў Беларусь! Ніхто не забыты, нішто не забыта!»

Цяпер, я спадзяюся, зразумела, колькі ёсць важкіх падстаў для выдання гэтай кнігі. Яна — не проста адзін з чарговых перакладных зборнікаў паэзіі, гэта яшчэ і канкрэтны вынік жывога творчага супрацоўніцтва, акт нашага сяброўства, нашай супольнасці.

Але справа не толькі ў гэтым. Калі б нават адсутнічалі тыя прычыны і абставіны, пра якія ішла размова, вершы Андрэя Германава ўсё адно павінны былі б рана ці позна стаць здабыткам беларускага чытача. Бо інакш яго ўяўленне аб сучаснай балгарскай паэзіі было б няпоўным. Яна, гэтая паэзія, сёння вельмі разнастайная, багатая на імёны, таленты, пошукі. Але тым не менш Андрэй Германаў у ёй не губляецца, ён займае сваё адметнае месца, яго ні з кім не зблытаеш. Ды гэта, уласна кажучы, і натуральна. Інакш і не можа быць, калі гутарка ідзе пра сапраўднага паэта — паэта, які свеціць сваім уласным, а не адлюстраваным святлом. Эпітэт «сапраўдны» найлепш стасуецца з імем Андрэя Германава. I, бадай, найлепшым характарызуе яго як паэта. Помню, што калі я ўпершыню знаёміўся з яго вершамі, то перш за ўсё кінулася ў вочы і падкупляла ў іх менавіта гэтая вось сапраўднасць, прысутнасць рэальнага, жывога, я б сказаў, дзейнага пачатку. (Спадзяюся, што ўсім нам, хто перакладаў кнігу, удалося гэты пачатак перадаць.)

Урэшце, сакрэту тут асаблівага няма, зноў-такі. Як вядома, лепшая творчая манера — адсутнасць усякай манеры. Андрэй Германаў не мае патрэбы ні ў яўнай паэтычнасці, ні ў стылізацыі, ні, тым больш, у дзяшовым арыгінальнічанні. Для гэтага ён занадта сур’ёзна глядзіць на паэзію, занадта давярае ёй сябе як чалавек, грамадзянін, асоба. Вершы для яго — гэта яго эмоцыі, яго роздум, яго радасць і яго боль, яго жыццё. Ён стварае іх па сваім вобразу і падабенстве. Што гэта так, ён прызнаецца сам, гаворыць пра гэта ў сваіх вершах («Гісторыя гэта бясконца старая», «Хітрун», «Усмешка» і інш.). Што гэта так, я мог асабіста пераканацца, калі пазнаёміўся з ім бліжэй у яго роднай Балгарыі. (Балгары — народ гасцінны. Андрэй Германаў тут не выключэнне. Ён запрасіў у госці: «Прыязджай, калі ласка… Паездзім па маёй камяністай зямельцы…» Сустрэўшы, пасадзіў побач на сваю машыну і павёз па краіне, паказваючы і расказваючы…)

У лірыцы паэта можна выдзеліць (умоўна, вядома) дзве плыні — патрыятычную і маральна-філасофскую. Да першай адносяцца вершы, прысвечаныя непасрэдна Балгарыі, яе мінуламу і сённяшняму, яе героям і яе звычайным працоўным людзям, яе гарам і яе далінам… Падарожнічаючы з Андрэем па яго «камяністай зямельцы» (лепшага падарожжа я не ўяўляю!), я ўвачавідкі пераконваўся, якая арганічная для яго тэма радзімы, як закаханы паэт у яе, як помніць яе мінулае і бачыць яе сённяшні і заўтрашні дзень… У музеі Васіля Леўскага ён спыніўся перад партрэтам рэвалюцыянера, з захапленнем глядзеў на яго і гаварыў мне: «Ты паглядзі толькі! Ты толькі паглядзі, які прыгожы чалавек!» I потым, па дарозе, гаварыў пра верш Хрыста Боцева, прысвечаны гібелі Леўскага, потым заспяваў гайдуцкую песню… Другім разам, калі размова зайшла пра мае балгарскія ўражанні, ён прызнаўся: «Была б у мяне магчымасць — я б запрашаўадусюль усіх сваіх сяброў і паказваў бы ім сваю Балгарыю». Думаю, што самым вялікім адкрыццём майго балгарскага падарожжа гэта была незвычайная, сапраўды сыноўская, пяшчотная любоў паэта Андрэя Германава да сваёй Балгарыі — пачуццё, якое напаўняе яго вершы.