Выбрать главу

У сваіх «Нататках аб творчасці аднаго пакалення балгарскіх паэтаў» Н. Гілевіч зазначае, што самая характэрная і каштоўная якасць А. Германава — абвостраная сумленнасць. Бадай, гэтая якасць і вызначае другую плынь лірыкі паэта — маральна-філасофскую. Тут паэт, зноў-такі, верны сам сабе. Вершы яго падобны на аўтара, аўтар падобны на свае вершы — патрабавальныя, неспакойныя, дзейныя… I, дадам яшчэ, вельмі падобныя на тыя выказванні, якія гучалі з вуснаў Андрэя Германава ў час нашага сумеснага падарожжа ад Сафіі да Варны.

Ёсць у А. Германава пранікнёны, элегічны па настроі верш, які называецца «Я, твой друг». Паэт, гаворачы пра сваё жыццё, пра яго хуткаплыннасць, піша:

Абрысы тонкія яго ўбачыць можна толькі ў пунктах перасячэння з жыццямі другіх людзей…

Ацэнім па вартасці гэтае высакароднае, чалавечнае прызнанне нашага добрага сябра, выдатнага балгарскага паэта.

1974

МЫ ПОМНІМ, МЫ СВЕДЧЫМ... 

1. Які след пакінула ў Вашай памяці вайна?

2. Чаму Вы пішаце пра вайну і якое месца ў Вашай творчасці займае яна?

3. Што, на Вашу думку, новае адметнае ўнесла ў асвятленне тэмы вайны пакаленне, якое не ваявала, але ўсё ж зведала, яе?

Анкета часопіса «Маладосць» да 30-годдзя з Дня Перамогі над фашысцкай Германіяй

Слова «след» тут, бадай, слабаватае для належнага вызначэння. Гутарка ж ідзе аб пакаленні, дзяцінства якога было сапраўды апалена вайной. Праўда, яно ўжо занадта звыклае для нас, гэтае словазлучэнне: «апаленае вайной». Ад частага паўтарэння, як гэта бывае заўсёды, яно крыху страціла свой трагічны сэнс. А калі задумацца... Мне даводзілася не раз быць сведкай таго, як рэагуюць, перад тэлевізарам ці ў кінатэатры, сын і дачка на самыя драматычныя моманты вайны (схватка, забойства, пакаранне, гвалтаванне і г. д.), як скаланаюцца яны ўсім целам, як сціскаюцца пакутліва ў камячок усёй сваёй істотай. Дачка ў такіх выпадках закрывае са страхам вочы, плача. Ёй адзінаццаты год... Столькі ж было мне, калі вайна была ў разгары, калі ўсе жахі яе я, як і мае аднагодкі, бачыў, што называецца, у натуры, не на экране. Можна ўявіць сабе цяпер (калі не ўсё помніцца), як мы адчувалі тады сябе, што мы тады адчувалі... Вайна настройвала нас, падлеткаў, на гераічна-ратны лад. Нам хацелася ваяваць, мы прыхоўвалі на гарышчы зброю (які-небудзь без затвора аўтамат або заржавелы вінтовачны ствол) і марылі аб тым, як уцячы з дому і пайсці ў партызаны (спасылаюся на свой, але, відаць, тыповы вопыт). Некаторыя з нас трохі і партызанілі — выконвалі заданні як сувязныя і разведчыкі. Памятаю, сам некалькі разоў падвозіў ноччу партызан у пушчу і вяртаўся скрозь ноч у вёску, сам-насам са сваім конікам. Было вусцішна, было страшна. А потым, у такі ж начны час, павесіў сам, па сваёй ініцыятыве хлапечай, у цэнтры вёскі самаробную, не вельмі пісьменна напісаную лістоўку, змест якой зводзіўся да закліку: «Ідзіце ўсе ў партызаны! Біце немцаў!..» Лістоўка выклікала перапалох у мясцовых акупацыйных улад, прыехалі немцы, паліцэйскія, дапытваліся, шукалі. Але праўду ведаў толькі я адзін, нікому, нават маці, не прызнаўся ні ў чым, не падзяліўся сваёй тайнай.

Быў і такі бок у вайны. Не самы горшы. І было нешта горшае, больш драматычнае і трагічнае... Нямецкая засада недалёка ад нашай хаты... Начны бой... Пажар... Трывожнае абуджэнне... Чорны труп партызана на заснежаным агародзе... Напружанае чаканне нейкай непазбежнай развязкі... Поўная няўпэўненасць у заўтрашнім дні, у бліжэйшых гадзінах... І зноў труп — на гэты раз мышаста-зялёнага немца на зялёнай абочыне... Словам — вайна, словам — смерць, гібель, знішчэнне, няпэўнасць, хаос... Пра гэта, пра такое вось грубое судакрананне дзяцінства з вайной я спрабаваў сказаць потым у вершы «Яны да вайны гулялі ў вайну». А раней, у адным з сваіх першых вершаў, дзе гаварылася пра калек мінулай вайны, пісаў:

У адных з іх няма вачэй, у другіх жа — рука адна. Ну, а трэцім яшчэ цяжэй: ім скалечыла душы вайна. Яны з крыўдай глядзяць на свет. Ім кашмары сняцца ўначы. Цела доўга лячыў лазарэт, а душу паспрабуй палячы.

Тут размова ішла яшчэ толькі пра «іх», пра тых, хто ваяваў на фронце. Пра сябе, пра сваё пакаленне яшчэ размовы не было, не хапала для гэтага рашучасці, лірычнай смеласці, ці што. У «Рэквіеме па кожным чацвёртым» выказаўся ўжо больш смялей і больш абагулена (ад першай асобы, ад «мы»):

Кожны другі на целе меў раны, апёкі ці шрамы. І ўсе мы, усе мы мелі на душы сваёй раны.