Так, словам «след» тут усяго не выкажаш, не вызначыш.
Вайна апаліла, вайна раніла, вайна траўміравала. Яна нам ўспамінаецца, яна нам сніцца... Гады тры таму назад я ўбачыў зноў у сне вайну — крывавую, балючую. Прачнуўся, убачыў у акне светлы вясновы ранак, высокае сіняе неба. На кантрасце сон здаўся такім недарэчным, прыйшлі ў галаву сумныя радкі:
Вайна наклала глыбокі адбітак на нашу псіхалогію, на наша светаадчуванне, вызначыла ў значнай ступені нашу маральна-філасофскую арыентацыю (вядома, не толькі ў негатыўным, але і ў станоўчым сэнсе, у сэнсе нашай большай жыццястойкасці, больш устойлівага аптымізму). Мы зараз гаворым звыкла: «Да вайны... У вайну... Пасля вайны...» Між тым наша сённяшняе грамадства можна ў пэўным сэнсе смела дзяліць на дзве палавіны — на тых, хто перажыў вайну, і на тых, хто вайны не бачыў (акрамя як на экране тэлевізара). Каб у гэтым пераканацца, дастаткова прыгледзецца да людзей новага пакалення, да нашых дзяцей. Пры ўсім пры тым яны намнога шчаслівейшыя за нас...
Здаецца, я ўжо адказаў і на другое пытанне анкеты.
Мы не можам не пісаць пра тое, што носім у душы, што нам сніцца (а сніцца, як вядома, самае глыбіннае, самае істотнае). Зноў-такі: каму што баліць... Па-другое, мы, жывыя сведкі вайны, не маем маральнага права маўчаць. І тут нашы вершы і паэмы трэба яшчэ разглядаць як і сведчанне. Ці не так? Наш літаратурны равеснік, прадстаўнік пасляваеннага пакалення японскіх пісьменнікаў Кэндзабура Оэ (аўтар раманаў «Футбол 1860 года», «Моладзь, якая спазнілася», якія мы нядаўна прачыталі ў перакладзе на рускую мову) піша: «Усе мы стараемся як мага хутчэй забыць свае нягоды — і вялікія і маленькія. Зусім нядзіўна таму, што чалавецтва забывае пра найвялікшую чалавечую трагедыю — Хірасіму. У падручніках для пачатковай школы няма ні слова пра Хірасіму. У нашы дні дарослыя не спрабуюць перадаць дзецям памяць пра Хірасіму...»
У падручніках нашых школьнікаў нямала слоў пра вайну, пра трагедыю Хатыні і Хірасімы. Нашы людзі застаюцца вернымі труднай памяці вайны, помняць народны подзвіг і народныя ахвяры. І абсалютна натуральна тое, што наша паэзія лічыць сваім свяшчэнным абавязкам гэтую памяць падтрымліваць.
Я думаю, што маладзейшае пакаленне паэтаў, якое сустрэла вайну ў дзіцячым узросце, унесла тут сваю дастойную лепту. Без вершаў і паэм М. Арочкі, Р. Барадуліна, Г. Бураўкіна, Д. Бічэль-Загнетавай, Н. Гілевіча, А. Грачанікава, В. Зуёнка, А. Лойкі, Е. Лось, Ю. Свіркі, Я. Сіпакова, Ул. Паўлава, К. Цвіркі цяжка было б уявіць сёння паэтычны летапіс вайны, карту нашай паэзіі, прысвечанай так званай ваеннай тэме. І калі гаварыць пра тое адметнае, што яны ўнеслі ў мастацкае асэнсаванне мінулай вайны, то яно, відаць, і заключаецца менавіта ў тым, што яны выказалі вопыт свайго пакалення, паказалі вайну так, як яе ўбачыла — шырока адкрытымі ад здзіўлення, нечаканасці і страху вачыма — іх апаленае, зноў-такі, вайной дзяцінства.
І апошняе, што б мне хацелася сказаць у сувязі з пытаннямі анкеты. Справа, вядома, не толькі ў тым, каб помніць вайну і выказваць свае ўспаміны, свой боль, свой смутак, сваю жалобу ў вершаваных радках. І справа не толькі ў тым, каб услаўляць подзвіг народа. Справа яшчэ ў тым, каб самым непасрэдным чынам асацыіраваць памяць з сучаснасцю, успаміны — з сённяшнімі думкамі і пачуццямі, з поглядам у заўтрашні дзень. Каб, іншымі словамі, пераплаўляць у нашых творах боль і смутак у любоў да жывых, у добрыя справы і пачуцці. Зрэшты, гэтая думка выказана ў адным з апошніх маіх вершаў, напісаным ад імя паўшых і названым «Іх апошняя воля»:
Мы лад ваш зямны спакойны сніць будзем у вечным сне. Былі сусветныя войны, сусветнага міру — не. Вы паўшымі даражыце. Ды першая ўвага — жывым. Адзін аднаго беражыце, дружыце адзін з адным. Вы нам не шкадуйце сумотных, журботных пачуццяў сваіх. Ды лепшая памяць аб мёртвых — ваша любоў да жывых.
1975
ПАЭТ — АСОБА - ЖЫЦЦЁ
Такое словаспалучэнне, як «крытычная мера» — лагічная памылка, своеасаблівы аксімарон. Але калі мець на ўвазе, што нішто так нас не дысцыплінуе, не падцягвае, не мабілізуе, нішто так не ўносіць у справы канструктыўны, цвярозы, а значыць, і крытычны дух, як гэта робіць мера, — яна тут — нястомная і вялікая рэвалюцыянерка, — то натуральнасць спалучэння гэтага паняцця з эпітэтам «крытычная» становіцца відавочнай. I разам яны могуць быць вызначэннем крытэрыю. Так што, аказваецца, патрабаванне меры адносіцца не толькі да мастацкай літаратуры, да паэзіі і прозы, але і да крытыкі.