Выбрать главу

Чаму я загаварыў пра крытычную меру?

Відаць, таму, што хацеў лішні раз звярнуць увагу: без адпаведнай крытычнай столі, крытычнай атмасферы не можа быць аднаго з важных стымулаў развіцця літаратуры. Крытыка не нараджае паэта або празаіка, але паколькі ў творчасці таго або іншага важнае месца займаюць стыхійнасць, выпадак, інтуіцыя — без гэтага, як вядома, творчасці няма, — то яна, крытыка, безумоўна адыгрывае важную ролю ў фарміраванні яго светапогляду, яго маральных, грамадзянскіх прынцыпаў. З другога боку, без крытыкі мы не можам змагацца з небяспекай правінцыялізму, якая падсцерагае заўсёды калі не ўсю літаратуру, то частку яе. Правінцыялізм, як правільна заўважана, можа праяўляцца ў форме двух захворванняў. Адно з іх — самазадаволенасць, якая ахоплівае літаратуру тады, калі ў ёй надаецца ўласнай прадукцыі значэнне, якое намнога перавышае яе сапраўдную каштоўнасць. Другая хвароба заключаецца ў тым, што нацыянальная літаратура недаацэньвае сваіх пісьменнікаў і іх месца ў сусветнай літаратуры…

Заўважу да слова, што ў нашай перыёдыцы даюць пра сябе ведаць сімптомы той або другой хваробы. У цэлым літаратурнакрытычны багаж як быццам папаўнеў, узбагаціўся, з’явіліся значныя працы, даследаванні, асобныя кнігі Адамовіча, Арочкі, Бечыка, Бярозкіна, Бугаёва, Гніламёдава, Лойкі, Каваленкі, Калесніка. Але калі ўзяць нашу перыёдыку, у прыватнасці газетную, дакладней кажучы, наш «ЛіМ», то ў яго крытычным аддзеле ў апошні час, як мы ўсе ведаем, надзвычай выразна праявіліся гэтыя абодва захворванні правінцыялізму: самаздаволенасць і некрытычнасць, беспрынцыповасць там, дзе якраз ім і няма месца, і недаацэнка — зноў-такі там, дзе можна было б якраз быць больш шчодрымі на пахвалу, на станоўчы разгляд. Не ведаю, як гэты аддзел будзе весціся надалей, але апошнія гады справа абстаяла менавіта так: пышным, зыркім цветам цвіў правінцыялізм.

I тут нам якраз і не абысціся без той крытычнай меры, пра якую я гаварыў.

Нельга нам без яе і ў другім сэнсе. Нядаўна на старонках «Литературной газеты» прайшла яшчэ адна дыскусія пра паэзію — дыскусія на тэму: «Паэзія» і «стихотворство». (Не ведаю, як лепш перакласці на беларускую мову гэтае слова. Арочка гаворыць аб другаснасці, Лойка аб шэрапісе, гэта, вядома, словы-сінонімы. Але яны не замяняюць слова «стихотворство».) Я быў запрошаны прыняць удзел у гэтай размове, ды не змог гэта зрабіць. I адна з прычын таму — збянтэжанасць ад разбежкі крытэрыяў, якая назіралася ў першых дыскусійных артыкулах — выступленнях крытыкаў Іны Растоўцавай і Сяргея Чупрыніна. Растоўцава змагаецца з, так сказаць, антылірычнымі настроямі сярод паэтаў, ратуе за эмацыянальнасць, лірызм паэзіі, Чупрынін, наадварот, выступае за эпізацыю апошняй і спасылаецца ў сваіх доказах на практыку пэўных паэтаў. Калі Растоўцава мяркуе, што «отказ от лирического переживания, попытка заменить переживание «эффектом» наблюдения приводит поэта «к поражению, к стихотворству», то Чупрынін, насуперак свайму апаненту, лічыць, што адмаўленне ад лірызму на карысць эпічнасці якраз і прыносіць паэту поспех, з’яўляецца для яго ледзь не выратаваннем ад «успевших окаменеть форм и приемов поэтического волеизъявления». Больш таго, Чупрынін знаходзіць, што такі разрыў з лірызмам не толькі станоўчы, прагрэсіўны, але нават з’яўляецца сведчаннем таго, што «дух творческого эксперимента все сильнее овладевает умами», «что идет активизация экспериментаторских поисков» і г. д.

Аб чым сведчыць такая, да камічнага дзіўная, разбежка ў падыходах да адной і той жа праблемы? Я гавару не аб рознасці поглядаў, не аб розных пунктах гледжання, я гавару менавіта аб палярнасці саміх крытэрыяў.

Аб тым, што, як пісаў паэт, «определенья поэзии нет»?

Есть очертанья у туч грозовых, А у любви и у музыки — нет… Вечная тайна! Сама назовись! Кто ты, поэзия, дай мне ответ!

Так, вызначэнне паэзіі — справа нялёгкая сапраўды. Нават Бялінскі, які, як вядома, вельмі тонка адчуваў паэзію і спрабаваў не раз вызначаць яе, робячы гэта арыгінальна і пераканаўча, тым не менш не раз гаварыў аб складанасці і суб’ектыўнасці падобных спроб. «Калі двое, — пісаў ён, — пачнуць тлумачыць адзін аднаму, што кожны з іх мае пад словам «паэзія», то і выходзіць на паверку, што адзін называе паэзіяй ваду, а другі — агонь… I вельмі натуральна: калі цяжка вызначыць паэзію навуковым чынам, то яшчэ цяжэй намякнуць на яе значэнне штодзённай мовай грамадства, усім і кожнаму зразумелай».