Выбрать главу

Так, адна з прычын, магчыма, у цяжкасці самога вызначэння. Але справа не толькі ў гэтым. Справа перш за ўсё ў тым, што ў сваіх размовах і спрэчках аб нашых літаратурных праблемах, у прыватнасці аб праблемах паэзіі, мы часта выходзім з надуманых пасылак, штучных збудаванняў і забываем пра галоўны крытэрый — крытэрый жыццёвай праўды. На ўсходзе, у нашых сярэднеазіяцкіх рэспубліках, існуе і зараз так званы айтыш — спаборніцтва самадзейных паэтаў-музыкантаў. На свята ці з нейкай іншай нагоды (скажам, з нагоды гасцей) яны пачынаюць выступаць, стараючыся абыграць як мага больш фактаў з навакольнага жыцця. I вось хто больш скажа праўды, хто выступіць больш ярка, г. зн. больш праўдзіва і дакладна, — той і выходзіць пераможцам…

Патрабаванне арганічнасці, якое гучала сёння ў нашых дакладах, у прыватнасці ў выступленні Міколы Арочкі, тычыцца не толькі паэзіі, не толькі літаратуры, але і крытыкі (як бачыце, на яе распаўсюджваюцца шмат якія законы, уласцівыя мастацтву). Яно і зразумела. Суаднясенне фактаў і з’яўпаэзі . з фактамііз’явамі сённяшняга дня, з праблемамісучаснага грамадскага жыцця, з яго духоўным і ідэйным кліматам можа якраз і праліць святло на тэндэнцыі яе развіцця, на тыя цяжкасці, якія яна, паэзія, несумненна, перажывае ў нашы дні — дні навукова-тэхнічнай рэвалюцыі. Бо не сакрэт жа, што калі НТР распаўсюджвае свой уплыў на ўсе сферы грамадскага жыцця, у тым ліку і на сферу духоўную, культурную, то яна не можа не ўплываць і на светаадчуванне паэта, на змест і структуру паэзіі. Тут адной нейчай добрай ці дрэннай воляй усяго не вытлумачыш. Існуюць і аб’ектыўныя прычыны і заканамернасці.

Разглядам нашай літаратуры, з якімі мы пазнаёміліся, уласцівы рэалістычная мера, крытэрый жыццёвай праўды. Гэта несумненна добра. Але некаторыя меркаванні выклікаюць жаданне паспрачацца, выклікаюць пярэчанне… Мікола Арочка заўважае, што пачаў набываць сілу працэс эпізацыі. Дапусцім, што гэта так. Але вось яго сцвярджэнне, што гэты працэс — адна з перспектыўных тэндэнцый, — патрабуе больш пераканаўчага доказу. Не так даўно крытыка з захапленнем гаварыла аб лірызацыі прозы, разглядала такую з’яву, як з’яўленне лірычнага элемента ў празаічным творы. I разглядала яе як з’яву станоўчую, прагрэсіўную… Цяпер вось мы сцвярджаем, што паэзія імкнецца да эпізацыі і што гэта — правільны шлях. Атрымоўваецца, што паміж прозай і паэзіяй ідзе ўзаемаабмен уласцівымі ім асаблівасцямі і якасцямі, своеасаблівае ўзаемапераліванне крыві? Што, проза хоча стаць паэзіяй, а паэзія — прозай? Аб чым тут ідзе гутарка — аб нейкіх сапраўды рэальных працэсах ці аб тым, што кожны жанр абнаўляецца па ўласцівым яму законе і прыкметы абнаўлення ствараюць ілюзію гэтай самай лірызацыі ці эпізацыі? Тут ёсць пытанне.

Далей. Мікола Арочка гаворыць аб тым, што паэзія апынулася перад неабходнасцю глыбока эпічнага асэнсавання працэсаў грамадскай думкі і чалавечай псіхалогіі, перад неабходнасцю выпрацоўкі спецыфічна паэмных сродкаў… Па-першае, можа ўзнікнуць пытанне: а што гэта такое — спецыфічна паэмныя сродкі? Гутарка тут ідзе аб нейкіх іманентных, унутранаўласцівых паэме рэчах? Ці, можа, аб фармальна-вонкавых адзнаках гэтага паэтычнага жанру? Другое пытанне: чаму толькі глыбока эпічнага, а не і глыбока лірычнага асэнсавання? Можа быць, яшчэ не выкарыстаны, не выяўлены да канца рэзервы і патэнцыяльныя магчымасці і лірычнай паэзіі, лірычнага асэнсавання сённяшняга складанага жыцця? Можа быць, бабулькалірыка яшчэ ў стане «тряхнуть стариной» і таксама паслужыць добрую службу чалавецтву, паслужыць нам верай і праўдай? Дарэчы, Арочка амаль нічога не гаварыў аб так званай інтымнай лірыцы, лірыцы кахання. Інакш бы яму прыйшлося аддаць належнае ёй у асэнсаванні тых жа самых працэсаў грамадскай думкі і чалавечай псіхалогіі, пра якія ён піша.

М. Арочка, палемізуючы з паэтамі-лірыкамі, якія недаацэньваюць жанравыя заканамернасці, аспрэчвае іх думку, што талент вырашае ўсё. Ён тут салідарызуецца з той жа Растоўцавай, якая сцвярджае, што паэт вольны ў выбары формы, што рашае тут яго свядомая ўстаноўка. Як бы не так. Не, ён сапраўды не выцягне, не ўздыме тэму ў любой жанравай форме, — тут Арочка мае рацыю, — але ён уздыме тую тэму і вырашыць яе ў той форме, якія найбольш адпавядаюць яго таленту, яго мастацкаму выбару. I ў гэтым сэнсе талент вырашае ўсё. А калі мець на ўвазе ўвесь складаны творчы комплекс — светапогляд, грамадзянскія перакананні, характар — то ўжо дакладна, што рашаючае слова за імі — за талентам і гэтым комплексам.

Аркадзь Куляшоў напісаў сваю паэму «Хамуціус» не таму, што быццам бы пасля свядомага ўзважвання і вывучэння заканамернасцяў жанру драматычнай паэмы рашыў увасобіць тэму Каліноўскага менавіта ў гэтым жанры. А, відаць, таму, што не мог вырашыць яе ў іншай форме, што менавіта жанр драматычнай паэмы быў найбольш блізкі яму, калі ён браўся ўвасабляць вобраз героя.