Выбрать главу

Канечне, ён пакрывіў бы душой, калі б працягваў даводзіць, што едзе ў той дом без таемнага намеру пабачыць Люсю: з песні слова не выкінеш. Не жадаў бы ён спаткання з Люсяй – хто б прымусіў яго ехаць, такіх дамоў колькі ні панаадчыняна апошнім часам паўсюль. І Алуша не такая дурніца, каб да гэтага не датумкаць. Так што яе рэакцыю на ягонае рашэнне ехаць цалкам можна зразумець: хто ж узрадуецца, што яго спрабуюць трымаць за дурня? Абраза і падман, хай сабе і ў выглядзе маўчанкі, заўжды ходзяць поруч. І не жанчыну, які б вынаходлівы і спрытны ні быў мужчына, на зазуб тае маўчанкі беспакарана падсякаць.

Гэта была першая іх размова, падчас якой ён распавёў жонцы ўсё пра свае дзяцінна-юнацкія стасункі з Люсяй Гарнак. Але што значыць – усё? Як можна распавесці ўсё іншаму чалавеку пра тое, чаму і сам нават у паважным ужо ўзросце не ў стане даць дакладнага азначэння? Не кажучы ўжо пра нейкія там інтымныя нюансы, што суправаджаюць падобныя гісторыі. Кшталту гэтак абсмяянага рознымі цынікамі ды ўсё адно гэтак помнага кожным з нас ад гадоў маленства камяка ў горле ад доўгачаканага пагляду, дотыку, усмеху, што апячэ душу праяваю прыязнасці ды застанецца ў памяці на тле абыякавасці іншых людзей як ледзь не самае дарагое, што здарылася з намі ў жыцці.

Адзіным, чаго ён баяўся падчас размовы, было – ці дасць Алуша яму веры. Жанчын заўсёды найперш цікавіць – ці было, а калі было, то што? І тут паспрабуй даць рады не патрапіць у нерат. Скажаш, што было – значыць, юрлівец, валацуга, скажаш не было – значыць, хлус, бо не быць пры гэткім жаданні сустрэцца праз гады папросту не можа.

Як ні дзіўна, Алуша такога пытання яму не задала. Быццам адчула яго недарэчнасць ды дыпламатычна ўнікла, хоць, магчыма (і хутчэй за ўсё, што так), і круцілася тое пытанне ў кабеціны на языку.

Галава цягніка з кропкаю святла паперадзе вынырвае з-за павароту, набліжаецца да станцыі.

— Дык што – неабыякавы? – нагадвае пытанне Алуша і саступае пад ціскам патэнцыйных пасажыраў з пляцоўкі на суседнія рэйкі. – Ну, што тут скажаш! Тэлефануй, як што спатрэбіцца... Дарэмна Ігараў мабільнік не ўзяў, вось і будзеш мучыцца, шукаць якой будкі, калі наогул яны там ёсць. – І дадае быццам паўжартам ужо пад самы адыход састава: — Глядзі ж, хоць там без глупстваў...

Яна нешта кажа яшчэ, але словы яе патанаюць у гудку цеплавоза. І неўзабаве і сама яна, ухутаная завесаю ці то дыму, ці то шэрані – надвячоркам прайшоў пасля невыноснае паўдзённае спёкі спорны дождж, а прыпарка так ані і не паменшала — знікае з вачэй пад вясёлы акампанемент колаў цягніка.

Састаў то гайданецца на павароце, то суцішыць рух, то зусім спыніцца на чарговым паўстанку. Субота, люду ў цягніку няшмат. Купэ, у якім Дарашэнку дастаўся квіток, — бадай, адзінае цалкам укамплектаванае пасажырамі ва ўсім вагоне. Ззаду паўгадзіны язды, і вось ужо, асвойтаўшыся збольшага сярод незнаёмых людзей, то адзін, то другі з Дарашэнкавых суседзяў адзавецца асцярожлівай рэплікай у спадзеве намацаць глебу для размовы.

Найбольш гаманкая з чацвёркі – пажылая кабета-медычка з Таліна. Яе сусед, маладзён гадоў трыццаці, таксама талінец і таксама, як і жанчына, беларус з паходжання. Абое хваляць не нахваляць жыццё ў сваім Таліне («палтус такі танны – ледзь не штодня ямо!»), і разам з тым абаіх родніць нейкі неўразуменна-глыбінны асцюк помслівае незычлівасці да тамтэйшых аўтахтонаў, што раз-пораз вымкнецца з вуснаў то аднаго, то другога.

— Паспытаюць яшчэ і нішчымнага, палтус, ведаеце, таксама не бясконцы, — падагульняе тэму кабеціна і з мінаю чалавека, што належным чынам выканаў свой грамадзянскі абавязак, застывае над сканвордам.

Чацвёртая пасажырка, дзяўчына з фінгалам пад левым вокам, знешне, асабліва неахайнасцю прычоскі, нагадвае ці то ўлюбёную Ігараву спявачку Б’ёрк, ці то маладую Пугачову. Яна, як і Дарашэнка, тутэйшая, раз-пораз выходзіць у тамбур папаліць. Фінгалам яна абавязаная свайму сталічнаму каханку-суценёру, які ўзлаваўся на яе за тое, што прыхавала ад яго частку заробку. Два тыдні таму яна збегла ад мучыцеля да бацькоў, але ў правінцыі жыць сумна, ніякіх табе забаваў, вось яна і вяртаецца зноў у сталіцу, каб быць бліжэй да цывілізацыі.

— Час бяжыць, што ўхопіш, тое і тваё, — кажа і прыхільна – ужо хто-хто, маўляў, а мы з табою дамо рады паразумецца — усміхаецца маладзёну.

— Ну, гэта як каму што даспадобы, — шматзначна, быццам ведае штосьці такое, чаго ніхто на свеце больш не ведае, зазначае медычка. – А не баяцеся, што зноў ваш каханак вас паб’е? Нос паламае ці яшчэ што... Гэтак і калекай нядоўга застацца. Вунь колькі выпадкаў, у газетах пішуць ды па тэлебачанні распавядаюць...