Яна сцягнула Туфялька з зэдля на падлогу, перакуліла дагары, узялася выпростваць рукі і ногі. На шчасце, гэта ёй удалося без цяжкасці: цела яшчэ толькі ледзь-ледзь паспела прыкалянець. Цяпер трэба было памыць нябожчыка і апрануць у чыстае, але гэта ўжо было ёй адной, адчувала, не па сілах. Яна ўзгадала, як нядаўна Люда намаўляла ім з Туфяльком клікаць яе ў выпадку чаго на дапамогу, кінулася шукаць мабільнік.
Як на тое, тэлефона нідзе не было. Ні на стале ў лепшым пакоі, ні на палічцы з абразамі, ні ля тэлевізара – нідзе, быццам карова языком яго злізала. Яна ўжо падумала, ці не скраў хто-небудзь цацку, улезшы ў хату, пакуль яны з Туфяльком здымалі ў горадзе з укладаў грошы, як раптам успомніла, што клала яго нібыта з вечара ў сумачку. Паклала і забылася, і нават і ў голаў не прыйшло пашукаць у сумцы, пакуль цягнуліся ад аўтобуса дахаты, хоць і, памятаецца, сама пра яго згадвала, напалохаўшыся мужчынскага голасу ля ігрушыны пры руінах Шлёмкавай стадолы.
Яна схапіла сумачку, ліхаманкава абмацала яе знадворку: сапраўды, мабільнік быў там, у сумцы, тырчэў бокам пад партманетам з грашыма. Яна торкнула руку ўнутр сумачкі, хуценька выняла мабільнік разам з партманетам, паклала ўсё на стол. З мабільнікам усё было ў парадку, а вось партманет штосьці насцярожыў яе відавочнаю патаўсцеласцю. Яна адчыніла яго і ледзь не ахнула, убачыўшы паверх даляраў і квітка неакуратна, абы-як спханыя купюры Туфяльковых эўра. Агулам купюраў было так шмат і ім было так цесна ў партманеце, што дзіўна было, як Туфялёк даў рады спхаць іх туды за хвіліну да скону, мабыць, пакуль яна кешкалася ў сенцах з квасам.
Ды грошы грашыма, а трэба было даваць рады нябожчыку. Туфіля начэрпала конаўкай з дзяжы ў вядро вады, панесла ставіць у бакоўку на газ: пакуль Люда з мужыком з’явяцца, якраз і будзе гарачая, каб абмыць Туфялька. Затым яна вярнулася ў кухню, паднесла да святла мабільнік, павольна, баючыся зрабіць што-небудзь не так, узялася набіраць нумар Людзінага тэлефона.
— Здарылася што-небудзь? – азвалася, збянтэжаная такім познім тэлефанаваннем старой пляменніца. – Што-небудзь з дзядзькам Адамам? Што, цётка, кажыце ж!
— Ага, з ім, — сказала агаломшаная нязвыкласцю прагучалага ў слухаўцы мужавага імя Туфіля і, пераадольваючы трымценне ў голасе, коратка, дадала: — Памёр… Адам.
Сказала гэтак і на ўсялякі выпадак азірнулася на нябожчыка: што, як і не памёр зусім Туфялёк, а проста жарт гэта ягоны гэткі чарговы… бляф, ці як яго там?
Праз два дні Туфялька пахавалі. Туфіля баялася, што цела не вытрымае спёкі і пачне дачасна раскладацца, але гэтага не здарылася. Туфялёк аж да хвіліны вынасу ляжаў у труне, як жывы, толькі надта ж ужо быў белы з твару. А адзін раз, калі яна падышла да труны, каб адагнаць з рукі нябожчыка муху, быццам нават варухнуў вуснамі, усё адно як мануўся ёй штосьці сказаць ці хацеў падзякаваць за тую нязначную паслугу.
Позна ўвечары, парадкуючы сталы пасля сціплых хаўтураў, спраўленых на ашчаджаныя з апошніх пенсій грошы, Туфіля паклікала да сябе Люду і аддала ёй даляры і эўра разам з партманетам. Пляменніца колькі часу паўпіралася дзеля выгляду, але хутка здалася.
— Што тут зробіш? Я ж разумею, цётачка, што вам адной страшнавата ў хаце пры гэтакіх грашах, — сказала і паклала партманет з купюрамі ў сумку. А адыходзячы, прапанавала Туфілі пераходзіць жыць да яе: маўляў, горш, як тут, наводшыбе, удалечыні ад людзей, вам у нас не будзе ні ў якім разе, не сумнявайцеся…
— Ну, там бачна будзе, а пакуль што — не, не пайду, — адчуваючы няшчырасць сваячкі, адмовілася Туфіля, і чамусьці ў голаў ёй прыйшла згадка пра тое, як прамаўляў у такіх вось выпадках Туфялёк улюбёнае сваё, мудрагелістае слова на літару «б». Яна спрабавала ўспомніць слова, але не дала рады. І назаўтра, і праз дзень, як ні пружылася, не змагла ажывіць тое слова ў памяці. І толькі праз паўмесяца, калі раптам нахапіўся аднаго разу надвячоркам ды тут жа і спыніўся, як знарок пацвеліўшыся са ссохлай зямлі і знябожаных чаканнем хоць якога прасвету людзей, дождж, нарэшце ўспомніла: блеф. Паўтарыла яго сама сабе цішком колькі разоў ды перастала: што слова? словам справе не паможаш.
На пачатку зімы Туфіля перайшла-такі жыць да пляменніцы. Увесь гэты час да пераходу, што заставалася яна ў хаце адна, грабежнікі ні разу ў Нізінную Мошу, хоць і шнарылі, даходзілі чуткі, па наваколлі, так і не наведаліся. Быццам духі мошаўскіх абшараў аберагалі ад іх Туфілю, каб самім спагнаць у прызначаны час напоўніцу апошнюю даніну за сумніўныя, ды ўсё адно дарагія дарункі лёсу.