Выбрать главу

Тры расстанні

Апавяданне

Усе тры гісторыі, ускосным сведкам завяршэння якіх давялося стаць на працягу аднаго тыдня, адбыліся ў розныя часы. А іх акалічнасці ўсплылі ў памяці дзякуючы радкам з верша Віславы Шымборскай. Верш пра тое, як два чалавекі, жанчына і мужчына, калісьці, а магчыма, і цяпер усё яшчэ дарагія адзін аднаму, выпадкова сустрэўшыся праз колькі год па расстанні ды адзін аднаго не пазнаўшы ў натоўпе, прайшлі міма, каб прадоўжыць паасобку свой зямны шлях у толькі ім самім ды Богу ведамым накірунку. Простае, але адметна пададзенае паэткай назіранне так трывала засела ў маёй галаве, што, выйшаўшы ўвечары на прагулянку, я міжволі злавіў сябе на думцы, ці не пачну зараз шукаць паралеляў з прачытаным у рэальным жыцці. І толькі так падумаў, як акурат убачыў на ходніку на процілеглым баку вуліцы В.

В. быў маім студэнтам на працягу двух семестраў і нічым асаблівым з шэрагу іншых, апроч высознага, пад два метры, росту не вылучаўся. Вось толькі хіба што яшчэ закаханасцю ў Т., дзяўчыну з іншага факультэта, чаго ні адзін, ні другі не хавалі. Каханне прыгожай пары было ва ўсіх на вуснах і доўжылася гады з два. Хлопец жыў непадалёку ад мяне, і я амаль штодня бачыў каханкаў у нашым мікрараёне. Неўдаваная пяшчота іх паводзінаў і паглядаў, заўсёды сплеценыя ў жарстлівай повязі рукі сумневу не пакідалі: быць ім разам да скону. Але раптам абое яны зніклі.

Зноў я ўбачыў – не іх, яго аднаго — дзесьці праз год. Пры зыбцы з немаўлём, з незнаёмаю мне маладою жанчынай. Па ўсім было бачна, што гэта сям’я. Паныласць чыталася ў ягонай паставе – ні каліва жыццярадаснасці веселуна, якім я яго памятаў ад дзён вучобы, ні звыклага бляску закаханага чалавека ў вачах. А неўзабаве пабачыў і Т., гэткую ж панылую і быццам нечым, як і ён, прыгнечаную. Потым зноў колькі разоў бачыў яго – чамусьці заўсёды аднаго і заўсёды не ў гуморы.

І вось... В. так гэтым разам некуды спяшаўся, так апантана шнарыў рукою ў кішэні плашча, што не заўважыў, як выслізнула з яе ды прызямлілася побач з лаваю пры прыпынку таксі маленькая, з далонь, кніжачка кшталту нататніка. Нейкая жанчына аклікнула хлопца, каб сказаць пра тое, але не паспела. Ён так хутка знік у натоўпе, што ёй нічога не заставалася, як пакласці нататнік на лаву.

І тут я ўбачыў ля лавы Т.. Яна з’явілася на прыпынку зусім неспадзеўна, быццам вырасла з зямлі ці сткалася з паветра. Тонкая, як і раней, пастава, разбэрсаныя па плячах валасы, самотныя вочы. Т. безуважна слізганула паглядам па кніжачцы, на імгненне прыпынілася, быццам разважаючы, ці ўзяць, і рашуча пакрочыла да скрыжавання. Знікла яна, як і з’явілася, так нечакана, што ўся дзея нагадвала сцэну з фільма фэнтэзі.

Я падумаў, што няблага было б вярнуць згубу гаспадару, і падышоў да лавы. Кніжачка, сапраўды, аказалася нататнікам. Яго зашмуляны выгляд сведчыў пра тое, што карысталіся ім даволі часта. На апошняй старонцы, прыладаваны зверху кавалкам ліпучкі да аркуша, ззяў шчасліваю ўсмешкай здымак былой хлопцавай каханкі, што толькі што злілася на скрыжаванні з натоўпам. Я зноў паклаў нататнік на лаву, пайшоў у краму. А калі вярнуўся на тое месца праз паўгадзіны, яго на лаве ўжо не было. Магчыма, В., вярнуўся ды, шчаслівы знаходкай, забраў яго. А можа, хто іншы: ахвотнікаў скарыстацца з чужое няўважлівасці заўжды даволі. Ды хто б там тое ні зрабіў, адно дакладна: гэта была, на жаль, не Т..

Другая гісторыя пачалася год трыццаць таму, а пра працяг яе я даведаўся ўсё на тым жа тыдні, падчас наведання з колішнім суседам магілаў яго бацькоў і заўчасна памерлага брата-бабыля на вясковым могільніку.

— Памятаеш выпадак з вінаградам і кавунамі? – спытаў, прыбіраючы з магілкі друз, сусед.

— Канечне, памятаю, — адказаў я: яшчэ б не памятаць, гісторыя так шмат у свой час нарабіла глебы для размоваў у ласай да навінаў і плётак вёсцы.

А было так. Брат суседа, С., вучыўся ў горадзе ў аспірантуры. Ён толькі што скончыў з адзнакаю інстытут і цяпер апантана штурмаваў вышэйшыя сферы фізікі паўправаднікоў. Заняты вучобаю, дадому ён прыязджаў вельмі рэдка, і як там што ў яго складвалася на асабістым ды іншых франтах, ніхто з нас нічога не ведаў. Бацькі зрэдку пасылалі хлопцу грошы на пражыццё, ды ён шмат не патрабаваў: маўляў, стыпендыі дастаткова.

Аднаго разу, прачнуўшыся ўранні, брат нашага героя выйшаў на ганак хаты і ўбачыў пры дзвярах нешта незвычайнае: кошык, поўны вінаграду, а побач вялікі, абгорнуты сеткаю кавун.

Увесь дзень і ўсе наступныя дні сям’я варажыла, што б тое магло значыць. Хто прынёс падарунак і чаму вось гэтак – употай, як крадком? Спрабавалі распытваць суседзяў, ці не бачыў хто што-небудзь, але дарэмна: таемны прэзентант быццам з неба спусціўся і знік, так і застаўшыся невядомым. Вінаград і кавун з’елі, а пра выпадак забыліся.