Выбрать главу

Моц веры ў значнай ступені залежыць ад наяўнасці або, наадварот, адсутнасці рэлігійнай традыцыі – у сям’і, у штодзённым атачэнні чалавека, у дзяржаве ў рэшце рэшт. Вось манашка маладзенькая ў зале падчас літаратурнага выступлення ў Браславе: наша, айчыннае гадоўлі – і такіх нямала ўжо. З аднаго боку, можа, не так і добры той зыход маладых дзяўчат у манаства і хлопцаў у капланства, калі браць пад увагу незайздросную сітуацыю дэмаграфічную. З другога – усцешна: традыцыя ахвярнасці, перарваная гадамі атэізму, хоць і паволі, але ўзнаўляецца. Высокая, паводле свядомага выбару, а не прынукі, ахвярнасць – яе ці не найбольш нам сёння ва ўсіх нашых справах, ад асабістых да дзяржаўных, не стае.

Адно з самых неадназначных патрабаванняў веры – уменне дараваць. Надта ж ужо, як, зрэшты, і ўменне папрасіць даравання, — няпростая рэч. Але ж і ўмець не дараваць – таксама навука, што немалых часам высілкаў каштуе. Не дараваць — не ў сэнсе помсціць, а ў сэнсе — давесці ненавязліва, што ты пра той учынак, наўмысна супраць цябе скіраваны, выдатна ведаеш. Адчужэнне, адцуранне часта – найлепшы сродак і кропкі над «і» належным чынам расставіць, і, галоўнае, магчымых новых непаразуменняў, што падчас працягу стасункаў непазбежна з’явяцца, унікнуць. Простая мудрасць, а як цяжка рэалізаваць яе ў засмечанай дробязямі і звадамі паўсядзённасці. Ды яшчэ ж і сумнеў, ці не будзе такі падыход праяваю элементарнай пыхі, не раз і не два пры нагодзе тузане.

Маючы за ўзор пабожнасць дзеда і бабы па лініі бацькі, я, згодна з традыцыяй, прыступіў да рэлігійнага навучання ў 6-гадовым узросце. Але касцёл знаходзіўся за сем вёрст ад дома, а законніцы трэба было плаціць за навучанне сякія-такія грошы, таму маці ўзялася вучыць мяне катэхізмам сама. Гэта было нялёгкая навука: па-першае, на незразумелай мове, па-польску, па-другое, без каліва валодання методыкай навучання з боку настаўніцы. Не дадавала надзеі на станоўчы зыход справы і атмасфера самой споведзі: немалады святар-паляк гаварыў занадта ціха і, падобна, недачуваў. У выніку іспыт на веданне асноўных рэлігійных пастулатаў я з трэскам праваліў. Давялося пачынаць усё спачатку. І хоць гэтым разам усё абышлося добра, страх разгубіцца, сказаць штосьці недарэчы так моцна засеў ува мне, што пераследуе па сённяшні дзень.

Нішто не здольнае так негатыўна паўплываць на справу, як аслабленне яе практычнага складніка. Мая вера трывала па першай споведзі да 15-гадовага ўзросту. Дакладней – сяк-так ліпела пад наглядам маці, зводзячыся да ўдзелу ў святкаванні Калядаў і Вялікадня. Ні пра які ўдзел у містэрыях з нагоды гэтых і іншых урачыстасцяў, як зараз, у той час пад пільным вокам піянерыі ды камсамолу і размовы быць не магло. Апошні раз ахвота пайсці ў касцёл наведала мяне і маіх суседзяў-равеснікаў дзесьці пасля сканчэння восьмага класа. Быў пік лета, мы так захапіліся на шляху да святыні збіраннем суніц абапал дарогі, што і не заўважылі, як мінуў час пачатку Імшы. Да касцёла мы ў той дзень так і не дайшлі. А ці пахваліліся пра тое старэйшым – дакладна не памятаю. Хутчэй за ўсё – так: што Бога, што бацькоў, мы, атручаныя бацыламі атэізму, ужо баяцца пакрысе пераставалі.

Што для мяне вера сёння? Як ні дзіўна, але найперш, бадай, – дарадца ў арганізацыі побыту. Чыннік той абыякавай у маладосці і ўсё больш жаданай у сталасці размеранасці жыцця, якой чым далей, тым усё болей патрабуе слабая чалавечая натура. Па-другое, безумоўна, адмысловы інструмент, так бы мовіць, рэгламентацыі ўласных учынкаў. І, канечне ж, як і для многіх, — якая-ніякая, а надзея на працяг існавання душы па фізічным сконе ды спатканне з тымі, чыёй прысутнасці (напрыклад, бацькоў) было так замала ў жыцці тутэйшым, зямным. Спадзеў на спатканне з роўнымі, чые сапраўдныя абрысы ды ўчынкі не заслоніць ад пагляду покрыва чужое ўдаванае зычлівасці, не сказіць насуперак праўдзе крывое люстэрка собскае твае легкавернасці.