* * *
Здаецца, што ўсё напачатку:
Шляхі i жыцця далягляд,
Ды час прыпляснуў пячатку:
Вяртання няма назад.
Наперад, наперад, наперад —
Да рысы, таемнай для ўсіх,
Якой ні травінцы, ні зверу,
Hi зоркам не перадасі.
Якую ты мусіш адолець,
Каб з юнымі ўсё падзяліць —
I волю, i гэту няволю
Ў свой час каляіну ўступіць...
* * *
Сыну Сярожу
У жніўні, як свята палоска,
З усходу істужка святла —
Жывая, а не пагалоска —
У куток мой паўночны прыйшла,—
Не той, што «на поўначы дзікай»,
А проста на поўнач акно,—
I сонца тут клікай не клікай —
Нічога не чуе яно...
І вось табе — шчасце якое —
Звініць на пахмурнай сцяне:
З акна — цераз два пакоі —
Прарвалася да мяне.
Ты сёння адкрыў свае дзверы,
А я не закрыў свае,—
Палоска, ды поўнаю мерай
Мне сонца сёння стае.
Палоска — вясны адгалоскам,
Усмешкаю, хітрай, тайком,
На беразе сенакосным
З русявых валос касніком —
Мабыць, на хвіліну, не болей,
Раптоўна, праз двое дзвярэй —
Злілося з ацішаным болем:
«Прыйдзі, абнадзей, абагрэй...»
ЗОРНАЯ ПРОСЬБА
Наш век да лірыкі не схільны:
Што ў небе мройным калясіць,
Дзе поўня бурбалкаю мыльнай
Загадак страчаных вісіць?
Усё там ясна, зразумела,
I ўжо да зор падаць рукой,—
Хто ж будзе іх лічыць нясмела,
Блукаючы па-пад ракой?..
Планеты вогнішчаў начлежных,
Смех сенакосных буданоў,—
Ля тэлевізараў улежна
І ўежна дрэмле ўсё даўно...
Ляцім, як мухі на скарынку,
З-пад неба зорнага дамоў:
Нашто спяваць — ад пуза «скрынка»
Дае i песень i прамоў...
Ці паскарэнне, ці старэнне?
Хутчэй ідзём ці ўсё цішэй? —
Ды ёсць пагроза стаць стварэннем,
Што зор не бачыць з-за вушэй,
I хрукнуць: «Атамы, не болей,
У тэрмаядзерным катле...»
...І зоркам не заззяць ніколі,
А толькі так вучона тлець?..
Хай неадольны час імчыцца,—
Каго — не знаю, а прашу:
Вярніце небу таямніцу,
А закаханым — іх душу.
* * *
При народе, в хороводе
Парень девушку обнял,
А девчонке стыдно стало,
Стала плакать и рыдать...
Цяпер усе, як паэты:
Пачуццяў сваіх не хаваюць.
Дзяўчат перад белым светам
І ціскаюць, і абнімаюць.
Вісус вусаты вісне,
Як хмель на тыніне тонкай,—
Стыдаешся, то адвярніся
І дэфеліруй з жонкай...
Абранніцы пры народзе
Рукамі хлапцоў аплятаюць...
І позіркі людзі адводзяць:
Паэзія... ды не тая...
ДЗЕТДОМАЎЦЫ
Чародкай вераб'інай
Дзяўчынкі, хлапчукі.
Палонілі машыну —
Аўтобус гарадскі.
А людзі не ўсміхаліся,
Як водзіцца заўжды,—
Маўчалі ці шапталіся,
Як ля чужой бяды...
Гарэзліва-няўтомныя,
Каленкі ў сіняках —
Сучасныя дзетдомаўцы,
Сіроты пры бацьках,—
Якія вы ўсе розныя
І як падобны ўсе...
Настаўніца пагрозліва
Вачыма гурт пасе.
Паправіць — то каўнерык,
То банцік-матылёк...
А я — вачам не веру,
А я — гляджу здалёк:
Я помню вас, дзетдомаўцы —
З агню, з-пад куль, з вайны,—
Вядомых, невядомых
Бацькоў сваіх сыны.
Вы імі ганарыліся,
Хоць i не зналі ix...
Стаіць хлапчук, жывы ліс.ток
Бацькоў сваіх чужых...
Чупрыну непакорную
Пакінуў белы госць...
I жоўтыя, i чорныя
Таксама трохі ёсць...
Хто ён? Баксёр плячысты?
Піжонскі элемент?
З машной тугою выстар?
Курсант альбо студэнт?..
Адна душа сказала б...
Ды не пачуеш ты:
Душа стаіць вакзалам,
I тлумным, i пустым.
Тут ад цябе запорамі
Замкнёны дзверы ўсе...
І маладосць заворваюць
Маршчыны пакрысе.