Каханне разбасячана,
І хто бярэ віну,
Што ў нас дамы дзіцячыя
Растуць, як у вайну?..
Прыпынак. Без прынукі
Спяшаюцца яны —
Дзетдомаўцы-унукі,
Дзетдомаўцы-сыны.
Шчабечуць, нібы птушкі,
Ажно зямля пяе —
Дзетдомаўкі-дачушкі
І ўнучкі... А чые?..
Ці злога, ці наіўнага
Кахання
гурт ідзе...
І мама калектыўная
Той ланцужок вядзе.
ДВА ПОЗІРКІ
Болей сонца не засвеціць,
Як вясной было i летам.
Хто сагрэе, хто прывеціць?
За акном — сканчэнне свету:
Ён ідзе, а я гляджу...
Замятае след завея,
І зіма — абдымкі насцеж,
Стыне сэрца і нямее...
Ах, вярнуць бы тое шчасце:
Я іду, а ёй — глядзіць...
* * *
Заснежаная леснічоўка,
На пяць вянцоў — ледзяшы.
Ні гуку... І раптам шчоўкнуў
Хтосьці ў напятай цішы.
І раз, і другі, і трэці...
Я позіркам да вершалін
Бяроз перабраў усё вецце,
Абшарыў лапы ялін.
Магчыма, злуе вавёрка,
Што ў царства яе зайшоў?
Ці клёст завіхаецца вёрткі,
Кормячы малышоў?..
А праз хвіліну якую
Я сам з сябе рагачу:
Ды гэта ж я кроплі цікую
І пульс капяжа лічу!..
Праверыў: як мой — дакладна
Ў мінуту — семдзесят пяць.
Стаю — абвяснелы і рады,
А кроплі — на снег ляцяць.
І хоць над вечар марозік
Вяртаўся ў куток лясны,
Я знаў: вясна на парозе,
Здаровы пульс у вясны!
Хай снег таўчэ ў сваёй ступе,
Пяклуецца хай зіма,
Аднак — што вясна наступіць,
Сумненняў ніякіх няма!
НА ДАРОГАХ ВЯСНЫ
Хоць яшчэ на лютаўскім замку
Сонцам назапашаная клець —
А пагорак стылую шчаку
Падстаўляе весела пагрэць.
Сочацца з-пад снегу ручайкі,
І ад вераб'інай гаманы
Зазвінеў лядзяш — марозны кій
На дарогах маладой вясны.
* * *
У віхурным покруце дзён
Па астрагале ўверх дзярэшся,
Ставіш борці, a ўсё не відзён
Рой жаданы з твайго паднябесся.
У бары ад сасны да сасны
Ходзіш з лесвіцай той сукаватай...
Сняцца борцям мядовыя сны,
Мне — гасцямі поўная хата.
І частую ўсіх весела я —
Па калейцы й гуртом — без прымусу.
Кожны госць — гэта песня мая...
Заклікаем сяброўскім хаўрусам:
Сонца, сонца,
Хадзі пад аконца:
І табе ёсць мёду
Поўная калода!..
Адлятаюць мядовыя сны,
Hi кавалачка сонца ў аконцах...
Пачакаем новай вясны —
Мёд салодкі самы на донцы.
* * *
Спрачацца аб славе не будзем —
Гісторыя дасць адказ.
Адно толькі: добрым людзям
Насцеж i дзверы i час.
НА ВЯСНУ
Вось i люты-лабагрэй
Зарыпеў ля весніц.
Кот грабецца да дзвярэй,
Стала іншай песня.
Хай пакуль i думаць грэх
Пра юрлівы марац,
А ўжо ён, абраннік стрэх,
Ходзіць з ласым тварам.
Не да печы, не да сну —
Ловіць пахі носік,
Хвост — трубою, на вясну,
Як жазло, узносіць.
Вільчык мроіцца ў цішы,
Просіць адгукнуцца,
І ўжо кошкі на душы
Кожны дзень шкрабуцца...
ПРAЗ ПЕСНЮ САЛАЎІНУЮ
Ноч радарам-поўняй
Кожны куст абмацвае:
— Хто ён, хто віноўны
За ўцечку інфармацыі?
Хто знайшоўся гэткі,
Выкрадальнік тайны,
І з якой разведкі? —
Цішыню пытае.
Закаханым вестку
Хто разнёс маланкай,
Што бягуць да ўзлеску
Ўсе на пагулянку?
Што танок заводзяць
І вясну вітаюць,
Хлопцаў карагодзяць
І ў зіму вяртаюць —
Каб зазнайкі зналі:
Ля каханых сцежак
Ходзіць побач з маем
І завейны снежань...
Хто аб веснім свяце
Ўсім шапнуў на сэрца?..
Хопіць, ночка, траціць
Клёк у паняверцы!
Стань лепш той — адзінаю,
Не чытай натацыі:
Праз песню салаўіную
Уцечка інфармацыі.