Выбрать главу
* * *
Як хочацца падпільнаваць імгненне, Калі з пупышак выпырхнуць пялёсткі, Ды не ўцікуеш:                        ёсць прадквецця геній, І ён не любіць лішняй агалоскі.
Ёсць геній таямніцы, і жыве ён Пад гэтай непрыгляднаю лушчынкай, Што знікне ўраз — і дрэва руя?авее І над зямлёй шугае аблачынна.
Тады — усе любуйцеся! І верце У знак наканаванасці прыроды, У гэту квецень і ў сваё бяссмерце, Якое тут — цяпер і назаўсёды.
ЛІПНЁВАЕ
Дзень пчэльны, сонцам поўненькі, Звініць на цэлы свет. Крамяныя бульбоўнікі Аздобіў сіні цвет.
Рыпіць над полем вáгамi Паўдзённая сухмень. Вусы — піўцо з прысмагаю — Пагладжвае ячмень.
Зязюля аблінялая Задыхана ляціць: «Дзяцей не гадавала я,— То хто ж падасць мне піць?..»
Бусліха трызніць Афрыкай, А бусел-целяпень Навіны тэлеграфныя Збірае на слупе...
Дзяжурыць ён па графіку Ў тым, ля дратоў, гняздзе: «Сюды б мне, кажа, Афрыку, Як сівер загудзе...»
Папаскаю агульнаю — З каровамі шпакі: На лузе панагульвалі Тугія валлякі.
Да выраю далёкага Драчы здаюць свой крос.
Спявае i галёкае Ліпнёвы сенакос.
Дажджы ў хмурынкі рэдзенькай Сплываюць на хвасце. I дзеці, як мядзведзікі, Ў малінавым кусце.
* * *
Апошняя ў лагеры змена — Як верасня блізкі сігнал. І певень будзільнік свой генны На восеньскі час перагнаў.
Распаляць касцёр піянеры, А ты налюбуйся здаля, Падумай, якія ёсць меры, Каб гэтак не бегла зямля...
І выйдзеш да мудрай высновы, І зноўку адкрыеш закон, Што вырас той стрыжань сасновы Для хаты тваёй без акон...
І тут не аб'явіш «вета»: Хоць зорак вяселіцца рой, З нябёс ападае ветах У сэрца паўночнай парой.
Апошняе ў песні калена: Блукае з драчом басанож... І лета прайшло. Несумненна. Прайшло... А не верыцца ўсё ж...
* * *
Надзея, хісткі човен мой, Круг ратавальны, Над бессмяротнаю турмой Мой знак астральны.
На галактычным рубяжы, На тым прадонні, Дзе «жыць» выходзіць «анты-жыць», «Ніколі» — «сёння».
У перакуленых вірах — Сухія смерчы, У зрэнках зорных — зорны страх Перад бяссмерцем.
На пералётах незямных, На вечных трасах, На тых спатканнях ледзяных З сабой сам-насам,—
Адна апора тут мая: Надзею маю, Што сам сябе сустрэну я — І не пазнаю.
* * *
Апошнія верасня ласкі, Як загадзя дар за імглу. Асеннія ціхія краскі Цярпліва чакаюць пчалу.
Рабіну дразды асядлалі, Галдзяць i жыруюць усмак, Як быццам ім дальнія далі, Разлукі i страты не ў знак.
Гукаецца ўзлессе грыбное, А рэха ляціць яшчэ ў май. І раптам сустрэча з вясною Рэальнаю здасца амаль...
«Ці будзе зіма? — я пытаю.— Ці ўжо яна даўняя быль?..» І з кветкі: «Не знаю, не знаю...» — Плячыма паціскаў матыль.
НАЧНОЕ ВОГНІШЧА
Калі пажніўная бярэцца Ноч на асенні халадок, Якім жаданым ён здаецца — Таемны сонечны грудок.
Якім далёкім i трывожным,— Глядзіш, як з іншае зямлі... Мужуюць людзі — i на кожным Даспехі-водбліскі былін.
На міг шырэе паднябессе, Калі падкіне хто галля. А потым вусцішна на ўзлессі Ізноўку звузіцца зямля.
Іскрынкі ападуць шматкроп'ем, Як пыл з касмічнага пляча... Аб чым яны ў той светлай кроплі Гамоняць, слухаюць, маўчаць?..