Выбрать главу
Зірнуў я на карту: ляжыць акіян — Блакітны, Вялікі i Ціхі, А ў цэнтры яго — астраўкоў каляя, Закінутых нейкім ліхам... Як быццам на двор акіянскі зярнят Сыпнуў хто курам са ступы... — Ды як жа адтуль ты сюды акурат Даплыў, даляцеў ці датупаў?
— Ды, кажуць, калісьці і хтосьці мяне На дыспут вучоны засватаў. А быў я, напэўна, у добрай цане — Пакінулі тут — экспанатам...
Вось так і стаю за шкляною сцяной З муляжнаю зграяй у згодзе... — Дык што ж ты тут пылішся?! Пойдзем са мной: І ў нас акадэмію знойдзем!
Пры голасе гэткім i гэткім хвасце Меў тэму б і вёў бы палеміку. У нас бы ў вучоных даўно ўжо тлусцеў — Членкорам, а то й акадэмікам!..
Збірайся хутчэй — не сумуй, як цямнік За тоўстай сцяною астрожнай. — Дык я ж экспанат, цвёрда ўзяты на ўлік, Ды плюс нежывы,— мне няможна...
— Ну што ж, разумею,— служыць можна й тут Вучонай справе цвярозай, Адно, каб, пакінуўшы Галівуд, Палітыкі мелі розум...
Давай з-за вітрыны ўзляцім па страху І не кукарэкнем — а грымнем Аб тым, што мудрэйшымі быць крыху І прэзідэнты павінны!..
«MIC НЬО-ЙОРК»
Вывозіць — іх прызванне — Адкіды з гарадоў. Іх «Міс Нью-Йорк» назвалі Сказаў пасол Шэльдоў.
Машыны-смеццявозы, Індустрыя хлам'я,— Раве матор з пагрозай: «Што — як заглухну я?
Ці раптам забастоўка: «Міс» будуць не ў страі? Тут — а ж казаць нялоўка — Пагрузніце ў гнаі...»
Я слухаў гэты голас, Што вуліцу гайдаў, І думаў невясёла: «Каб толькі ў тым бяда...»
Вам, «міс», за ўсе старанні Пасад між гордых муз!.. А хто вывозіць стане З грамадства бруд і друз? Як з прагнаю нажывай, Глынуць гатовай свет І вырваць з бедных жылы Пад перазвон манет?..
Тут статуя Свабоды — Пагаслы ваш маяк — Што высветліць народу?.. А з беспрацоўем як?.. Духоўныя трушчобы Хто будзе вымятаць, Дзе хіжыя мікробы Прывыклі кроў смактаць?..
Каб вычысціць завалы Мазгоў i чорных душ — Тут «Міс Нью-Йорк» замала, Сусветны трэба душ!..
Не-не, я не назола, Но падбухторшчык я: Свая ў вас кока-кола I галава свая,
Свае сцягі i плошчы, Багі, Канфуцыі...— Шапну пад часу пошчак: Нішто так не палошча, Як Рэ-ва-лю-цы-я.
ПЯШКОМ ДА ЗОРАК, АЛЬБО МАРШ МІРУ

Нашто ж на зямлі

Сваркі i звадкі, боль i горыч,

Калі ўсе мы разам ляцім

Да зор?

М. Багдановіч
Дарога надзею грэе, Ідзём — аж іскрыцца жвір. Дарога — як латарэя... Ды пройгрыш — не наш кумір.
А дзе адкрыецца мэта, За даляглядам якім — Мы скажам сытаму свету І сёння, і праз вякі:
На сто Еўроп i Амерык — Мы люстра вашай віны, Мы вашы петыцыянеры Перад вачыма вайны.
Мы ёй над зямлёю праносім Петыцыю нашу — праклён. Мы ў нелюдзяў міру не просім, Ды сам не прыходзіць ён.
Дарозе служым ахвярна — Ахвярнікі цёмных згрызот: Каб грыб не вырас пачварны, Трымаем зорны паход.
Нас толькі жменька — не многа, Каб зрушыць мільярды людзей, Ды зорная наша дарога Да зорнага міру вядзе —
І людзі аднойчы пачуюць!.. Мы свету ўсяму відны: Для Бруклінаў i для Мачулішч — І сонца, і зоркі адны...
Ад зорных войнаў залогам Сэрцы свае мы кладзём. Як Млечным Шляхам — дарогай Да зорак пяшком ідзём.
ХЭЛОЎ, БІЗНЕС!
Дзяды і прадзеды казалі «Добры дзень», Дабра жадаючы на добрую сустрэчу. «Паклон» і «Прывітанне!..» — У людзей Заўсёды ўсё было па-чалавечы.
«Здарова, браце!» — бацька мой гукаў, Каб на здароўе быў сусед багаты. А хто знаёмства з Езусам шукаў — Яшчэ казаў і «Пахвалёны ў хату»,..