Выбрать главу
Нямала зычных воклічаў i тут, Яны такія ж, як i ў нас прыблізна. Але праз тлумны прывітанняў гуд Мне чуецца адно: «А як твой бізнес?»
Калі ты ў сіле і ідзеш у рост: Працэнты наганяеш на працэнты — Усе ляцяць з вітаннямі наўпрост, Каб ветліва абставіць канкурэнтаў.
Той за руку трасе, як цягне трос: Аж на нагах не ўстоіш — захістае, Калі ж жанчына ты i спраўны бос — Дык чмокне ў шчочку i сваю падставіць.
Той коціцца — абдымкі наразлёт: Здаецца, задушыць гатоў, бамбіза... A заўтра будзе ўсё наадварот: На языку i на абліччы — лёд, Бо ты ўжо труп, бо прагарэў твой бізнес...
Вітаюцца — як запускаюць трал, Каб выцягнуць улоў за пацалунак,— Такі аднакалейны рытуал, Такі адналінейны накірунак...
«Хэлоў! — Як бізнес?», тое ж i «Здароў!» — Амерыканскі афарызм крылаты. І перад ім — ні блізкіх, ні сяброў, І «Добры дзень» — як «Бізнес вам у хату».
КРОПЛЯ
Упала кропелька чырвоная на дол — I ножык, бог кухонны, не заўважыў, I нават палец заўтра не адкажа: То быў парэз ці гэта быў укол,— I нехта пройдзе за святочны стол, Пакіне шумна след свой нехлямяжы, I ў бруд затопча кроплю, i наляжа На закусь пад размовы пра футбол...
Бязгучна ўпала кропелька крыві I не сказала: «Тайну но гняві...»
Яна маўчала, як маўчыць сусвет, A ў ёй крычала будучыня наша: Мільён галактык, сонцаў i планет Упала ў небыццё з крывавай чашы...
З НЕАДАСЛАНАГА ПІСЬМА
Жыву ў цяпле, табе пакінуў восень, Але і тут, на гэты бок зямлі, Усё ў табе злілося, як у лесе, Гукаюць родны бераг караблі.
Юнацтва май, і жнівень мацярынства, І снежань крыўд,— усё, усё з табой, Мая і супрацьлегласць, i адзінства, Мой радасны і мой пакутны боль,
Мая свабода i мая няволя, Мой жаўранак над свежаю раллёй, Маіх дарог расстайная таполя I поле гравітацыі маёй.
* * *
Я на гэтым сусветным базары, Як у сівер на золкім юры, I апора адзіная зараз — Голас твой,— гавары, гавары...
Цераз моры i кантыненты Ён ляціць — як надзеі птах,— Што міністры i што прэзідэнты, Што яму гэты блазенскі жах
Перад чынам i перад кар'ерай, Перад шанцам плюхнуцца ўніз,— У яго ёсць свае намеры: Прыляцеў i сеў на карніз,
Потым скокнуў i крыльцамі ў шыбу Пазваніў i пачаў шчабятаць,— I якія граніцы маглі быць, Каб стрымаць яго i пераняць?! —
Калі ён так спяшаўся, так верыў, Што пачую, вазьму на руку: — Гаварунчык, разбойнічак шэры, Пашапчы i дыхні на шчаку...
Затрапечацца сэрца, заные: Дзе там песні блукаюць мае? Як там займішчы нашы грыбныя? Што там шпак на бярозе пяе?..
Адляцеў? Ах, прабач, што забыўся Там жа час адлятаць, сапраўды... Я прашу: паспяшайся, не збіся І на сэрцы развей халады.
Вось табе спадарожнік адданы — Голас мой...               І пайшлі стрымгалоў, І ляцяць над сівым акіянам Два крылатыя птахі дамоў...
* * *
Асенняе шматкроп'е журавоў Злятае ў вечнасць са старонак неба, Пакінуўшы шматзначна без правоў Пражыты дзень, як парастак без глебы.
А заўтрашні? Як прачытаць яго? Хто разгадае тайныя пісьмёны, Што праступаюць з дальніх берагоў, Тым развітальным крыкам заімглёных?
Мінулае рукі не падае, А будучае дзесьці за вякамі. Апошні клін у небе растае, Жыццё маё смяротна рассякае...
* * *
І грэх, здаецца, не такі вялікі — Ці гэткае ўчыняе белы свет,— А ўсё ўваччу празаікі-заікі І гаманкі — да прыкрага — паэт...
Вакацыі ўлівалі нам вакцыну Бадзёрасці, i не было тугі. І песеньку «Чатыры капуцыны» Спявалі самадзейнасці багі.