Выбрать главу
Але ж: прыгажуні... З такой Прайсці б беражком Патамака. Палюбавацца ракой I вершам лірычна паплакаць...
Ды іншы ў дзяўчат інтарэс, І трэба збірацца паціху,— Не ў тыя настроі палез... Дзякуй за хвост, хвасціхі!..
Вы заставайцеся тут, А я засумую горка, Хоць ёсць яшчэ хвост на маршрут: Ён давядзе да Нью-Йорка.
Машына бярэ разгон,— Гэй, расступіцеся, Штаты, Дарогу дай, Вашынгтон: Кот Васька едзе хвастаты!
ЖАРТ ПРА ЧАСОВАГА ДЫПЛАМАТА
Канцэнтрат — i друг і брат Мне ў дарозе дальняй: Суп кіпіць — i дыпламат У найлепшым стане!
А заварыш чабарку З роднага залесся — З прапагандай пад руку, Ворагі, не лезьце!
Хоць сухі закон у нас, Ды чабор ускружыць Галаву, калі за раз Вып'еш тузін кружак.
Кожны дзень грамы прамоў Выдаём буржуям... Ды ўжо час: пара дамоў,— Праца там сумуе...
Сувеніры ўсім знайшоў — Грэе суцяшэнне... Едзеш — з лёгкаю душой, З чыстаю кішэняй.
НАД АКІЯНАМ
Ляцім — сусвет пад бокам. І недзе блізка ён — Сам бог. Глядзіць — ні ў воку: Закон для ўсіх закон. Стараецца трымацца: А як жа — дух святы... «А можа, без авацый, А проста так — на ты?..» І бог — зусім не п'яны — Сказаў — хоць і буржуй: — Не грэх над акіянам... І я: «Не грэх»,— кажу. Згадзіліся на гэтым, Бо трэба ж праясніць: Ляцім над белым светам, А дзе i як тут жыць?.. — Тут іншыя законы,— Сказаў паважна бог — I сам наліў па поўнай... Адмовіць я не мог. — За кошт аэрафлота Ды па маёй цане — Глыні. I ўся турбота. Адказнасць — на мяне... Глынуў, навокал глянуў — I ўсім глынуць памог... Ляцім над акіянам. Над намі — толькі бог.
РАЗВІТАЛЬНАЕ
Я з неба гляджу, як анёл, На грэшных віроў тваіх заверці... І добрае, і насланнё — Не тоне бязгучна ў памяці.
Не раз, пэўна, буду і я Ісці да цябе напамінам: Ёсць людзі, i ёсць зямля, I выжыць яны павінны.
Усё зразумей, Нью-Йорк,— Для гэтага і сустракаліся, Хоць дзень мой чаканнем прагорк І дома — мяне зачакаліся.
У дружбе сардэчнай з табой На ростані мы не кляліся. Жыві, Нью-Йорк, сам сабой. А я — уразаюся ў высі.
I слёз развітальных няма. Хоць можна было б i расчуліцца... Бывай — i руку трымай. А мне ўжо — відно Мачулішча!
* * *
Змые ўсё навальнічнай паводкай Час — і думы, і кнігі, і мары. Прашумяць ля дарогі кароткай Першацветных палян пажары.
Ні вясны, ні зімы, ні лета. Нават восень прыйсці не захоча... Застанецца адно — над сусветам Мацярок нашых ціхія вочы...