Выбрать главу
Я пчала
Ася Волкава

***

Я пчала Я бачыла, Як плача баба, У якой адняло мову. Нібы выцірае Мокрымі газетамі Вымытае шкло.
Я пчала Тры дні Карова плача Па адабараным цяляці. Тры дні плача, А потым забывае, Нібы і не было.
Я пчала Я бачыла. Я пчала Я бачыла Жыццё паміж Аконнымі рамамі. Ад шкла да шкла Я пчала.

***

Какаін. Ты такі хударлявы, Бо ўжываеш какаін. Праз гадзіну Мы разганяем твой “Бьюік” Па М1 так, Што з неба кокс Сыплецца проста на лабавое.
—Каін. Бацькоў накрыла, І яны далі мне імя Каін. Распавядаеш ты, Пакуль левай Трымаеш стырно, А правай шнарыш у бардачку, Шукаючы, чым запаліць.
—Шнары. Адкуль яны, Усе твае гэтыя шнары?
Пытаюся я, Разразаючы тваім нажом Свае джынсы (Спадзяюся, гэта адзіныя парэзы, Што застануцца пасля цябе).
—Авель. Самы вялікі Пакінуў Авель.
—Баліць? — Ніколі не пытайся, Ці Каіну баліць. Ніколі.

***

Ева валодае Прасторай сілы. Калі ёй баліць горла, Яна ідзе на Бабіну гару І гарох там таўчэ, і лён трэ.
Ева валодае Прасторай любові. Калі ёй баліць рабро, Яна ідзе на Перунову гару І гаворыць там замовы.
Ева валодае Прасторай дзіваў. Калі ёй баляць вочы, Яна ідзе на Дзявочую гару І сыпле ў іх дробны пясок.
Ева валодае Прасторай руху. Калі ёй баляць ногі, Яна ідзе на Авідаву гару І душыць там вінаград.
Ева валодае Прасторай жыцця. Калі ёй баліць жывот, Яна ідзе на Богаву гару І нараджаецца там наноў.

***

Старая сівая Ссохлая жанчына Глядзіць на мяне.
— Вы мяне пазнаяце? — Я не хачу.
Яна не прызнае Ува мне родзічку, І думка пра тое, Што яна прыняла Мяне за смерць, Вельмі палохае.
Мне робіцца невыносна Шкада яе, Але адзінае, На што здольная я — Гэта правесці далонню Па сівых валасах Колькі разоў.
Ледзь чутна Кажа яна: — Мамачка, я баюся.
Але гэта ў ёй Прамаўляе маленькае Дзяўчо, Якое не ведае, Чаго яно больш баіцца: Баіцца жыцця Ці памерці баіцца.
І ў гэты момант Мы мяняемся з ёю Месцамі.
Пад ейнай сухою рукою Сівеюць мае валасы.

Ананімная гутарка

Вясна гола перапала. Паласкала горам горла, З рабіны горкай і снегу Зрабіла пацеркі.
Перабірай іх і цярпі, Перабірай і цярпі.

* * *

Упершыню я ўбачыла цябе праз кішэннае люстэрка: Я тады фарбавала вусны чырвонай памадай. А потым ты дэкламаваў свае вершы, А я дэкадавала твой погляд. У вачах я прачытала жаданне: Заняцца са мною сексам, Пасля запаліць, Потым, Калі пашанцуе, Яшчэ раз заняцца, І яшчэ запаліць… Пасля патушыць недапалак і закахацца ў мяне, Ажанніца са мной, пабудаваць дом і вырасціць сына. Далібог, я бачыла гэта ў тваім позірку… Адзіную белую ружу, якую трымаў у руках, Ты падараваў нейкай малалетцы, А я ў прыбіральні пакідала сваю чырвоную памаду На плячы ў сяброўкі, не разумеючы, А як жа секс, дом і сын?...

* * *

Танцуй, маленькая чараўніца, І хай нават прынцы паэтаў Перад табой лягуць ніцма!
Танцуй, праставалосая бестыя, А іхнія зайчыкі і заінькі Хай сабе павесяцца!