Выбрать главу
Радасці непрыядальны смак - Бо дарогі гора не пытае. Гэта й нашай лучнасцю няўзнак На зямлі нагода высвітае.
Поплеч, бліжай, блізкія мае! Чалавека шмат што згубай страшыць. Хай жыцця зарукай устае Поўнік дабраты й любові нашай!
Вечар за сняжынкамі цікуе. Чуеце?.. Зноў аўтамат такуе!..
'80
* * *

Ул. Андр. Калесніку

Няхай усім ліхім вятрам на злосць, Насуперак любой мажлівай слоце І далей Вам не здрадзіць маладосць, Каб думка й пачуццё былі ў палёце!
14 верасня '82
БУДЗЬЦЕ ШЧАСЛІВЫЯ, ЛЮДЗІ!
Светлае неба над жытняй далінай Высака ўскінула крылы свае. Толькі былое журлівай калінай Зболены голас душы надае.
Хто іх, палеглых, разбудзіць? Свет толькі згода ацудзіць. Будзьце ж вы лучныя, людзі, Будзьце шчаслівыя, людзі!
Не насычаецца горам у свеце Неўтаймаваны руйнотны агонь. Горнецца вецце трывожным суквеццем Да абеліскаў, да сэрца майго.
Хто іх, палеглых, разбудзіць? Свет толькі згода ацудзіць. Будзьце ж вы лучныя, людзі, Будзьце шчаслівыя, людзі!
25 красавіка '84
ДА 8-га САКАВІКА
Столькі розных святаў на зямлі, Каб святло душэўнае ўмагчыміць! Ды найлепшае між іх, калі На парог ступае Дзень Жанчыны.
Бо тады мяняецца няўзнак Штосьці нават у самой прыродзе. Яўна саладзее ветру смак, Яўна прамянісцей сонца ходзіць!
Дарагія, любыя! Няхай 3 гэтым светлым днём сакавіковым Расцвіце ў душы пяшчотны май, Радасці прымерыцца абнова.
Берагіні самаго жыцця, Хай жа й вам, нястомніцы, з любоўю Свеціць сонца на шляхах быцця, Дорачы цяпло, святло, здароўе!
Будзьце ў шчасці ўсюды і ўсякчас, Хай спрыяюць вам і лёс, і людзі, Хай і ў будні атуляюць вас Кветкі, ўсмешкі, прыгажосць і любасць!
Сакавік '97
* * *

Валечцы

Ах, як імклівяць нашы леты! Здаецца,толькі ўчора ты Была цыбаценькім падлеткам, Анёлкам праўды й дабраты.
А сёння вось - і жонка, й маці, І гаспадыня на зайздросць, Чыім стараннем лад у хаце, І ў куфры, й на стале ўсё ёсць.
І педагог ты не з аношніх, Ёсць і майстэрства, і чуццё, 3 удзякай выхаванец кожны Нясе твой воблік праз жыццё.
Прыгожая і маладая, Спагадная не напаказ, Дасціпная і гаваркая - Свяціся ж, зорачка, ўсякчас!
Ад юбілеяў не ўхавацца, Ды хай сабе гады лятуць, Табе ж сягоння толькі ...наццаць! Віншуем, родненькая! Будзь!
20 жніўня '95
НЕ АДДАВАЙ СЯБЕ САМОЦЕ

Э.М.І.

На золку прымаразкі ходзяць, Не першы жоўты ліст упаў. Не аддавай сябе самоце, Заўчасна ёй не саступай.
Няхай пазначана журбою Расстанне восені з вясной, - Нашто ж развітвацца з сабою, Сябе збаўляць першаасноў,
Калі вачам - нябёс сінеча, Калі рукам - барвяны ліст, Калі для сэрца - позірк нейчы, І ўздрыгне сэрца, як калісь...
15 чэрвеня '78
СЯБРЫНЕ
Не знадзейвайся. Перажыві. Хоць якая, ды ёсць патоля: Намарозіць радня па крыві — Адагрэе радня па долі.
Скруха - зашмаргай... Перарві. Ёсць лагода на боль, на скруху: Адрачэцца радня па крыві - Паратуе радня па духу.
Праўду гэту - як ёсць - прыві Да сцяжыны далейшага руху. Будзь здарова, радня па крыві. Будзь бяссмертна, радня па духу!