Выбрать главу
Што было, і што ёсць, і што будзе - Хай ступае каноўнай ступою: Толькі вопыт, які тут здабудзем, Забіраем у вечнасць з сабою.
Хай жа дух твой і далей шчыруе, Праўду, волю, натхненне мілуе!
10. XII.'96
• • •
Сябры, мне добра з вамі, - Заўсёды добра з вамі! Пагэтаму і чарку Я падніму за вас: Хай мы да скону будзем Багатыя сябрамі І вераю натхнёнай У сэрцаў зорны час!
7 студзеня '81
КУПАЛЬСКАЕ

Галіне Скарыне

Юдольныя, і плацім мыта За ўсё, што выпадзе ў дарозе: Найперш - за пыл ды за каменне, За град і за няшчаду спёкі, Але - і за глыток з крыпіцы, І за ліповы пах мядовы, І за сцяжыну прад вачыма, І за валошку каля сэрца...
А Купалка зноў гукае Ночкі цёмнай не баяцца, Кветку-папараць шукаць...
5 ліпеня '97
УГНЯЗДУЙ МЯНЕ Ў СЭРЦЫ

Паку Чжэ Ву,

С. Я. Йоффэ

Пілігрыму ад поўдня да поўдня Цераз плыўныя нетры часу Зоўна выбліснуў промень з Усходу: - Я апірка твая: не будзеш Выпускаць мяне з рук у дарозе - Не зняможашся на куп'іску, Па каменні не падаб'ешся. Я - апірка твая.
І кладка: Не сцураешся, не разбурыш - Правяду цябе лёгка, лётка Цераз твань і цераз правалле. Кладка я твая. І апірка.
І - цяпельца на гострых проймах: І сагрэю я, і разважу, І ў жарынку сэрца зыначу, Калі ў сэрца мяне ўбярэш ты Як святло, як святло Любові.
Калі ў сэрца мяне ўбярэш ты, Калі мне аднаму слугавацьмеш - Успануеш сам над сабою, Над памрокам і над бядою, Над ступою між зор, пілігрыме.
Угняздуй мяне ў сэрцы.
21 лістапада '95
РАТУНАК

Уладзіміру Барну

У зонгах восені прыпеў - Не кроны веснавой. Пара запальваць у сабе Агні душы сваёй.
У слотаю набраклы дзень Пры верным іх святле Пара цвяроза аглядзець, Што ў плён, а што - на тлен.
Няшчадна кінуць што ў агонь, А што - аберагчы, Каб зноў ад сонца самаго Вясне прыняць ключы.
Нам адмыкаць сябе сяўбе. Гукнуўся дзень з савой... Пара запальваць у сабе Агні душы сваёй.
17 кастрычніка '79
ПЕСНЯ Ў ЦЯРНОЎНІКУ

Алесю Разанаву

Лісцё між калюкоў Буй-цвету наварожыць, I сцішнавата ў гэтай варажбе... Давермася сабе: Што ўмеем мы, што можам? Давермася найлепшаму ў сабе.
Усё, што варта нас, Дарогу заступае, Бо шлях адзін: не ўскрай, а толькі праз. І вастрыё стралы Дакладна гэта знае, І руху птах наўзрыд снявае ў нас...
Хай з думак ападзе Цярновае калючча. За ўсё, што ёсць - і ў тле, і ў харашбе, За неймаверны дар Прылетаваць да кручы Раскрыймася найлепшым у сабе.
15 ліпеня '88

II.

ТАЯ ЎСМЕШКА

А. Зм. Кушчынай

Праўду кажуць, што ўпоцемках доля брыдзе, Бо не раз і не два спатыкнецца, Хоць магічны ліхтарык даецца — Тая ўсмешка, якая на вуснах цвіце, А карэніцца ў саменькім сэрцы.
Як багата людзей умурована ў змрок Страху, злосці або нараканняў, Ні сабе, ні камусьці ў блуканнях Не пасвецяць ні поблізу, ані здалёк, Пераслеплыя - да шкадавання.
І як мала, як мала між люду такіх, Хто ва ўласнай хадзе на выбоях Зберагае, як найдарагое, Чысты вогнік свайго міласэрдзя да ўсіх, Сам аж свеціцца хто дабратою.