— А цяпер катастрофа! Ліфт абрываецца! — закамандаваў нехта з дзяцей.
Малыя адпусцілі вяроўкі, і скрынка, адбіваючыся ад няроўных сценаў калодзежа, са стукам паляцела ўніз. Праз хвіліну з долу калодзежа данеслася скуголенне сабакі. Дзеці зазіралі ўніз, але там было зусім цёмна і нічога нельга было разгледзець. Тады дзеці пачалі паліць паперу і кідаць яе ў калодзеж, каб прынамсі пры такім святле пабачыць вынік «катастрофы ў шахце». Папера згарала або гасла, не даляцеўшы да дна.
Сабака скалечыўся, зваліўшыся на дно калодзежа. Амаль цалкам ён сядзеў у муле. У роспачы ён уздрапаўся на скрынку, якая ўпала каля адной са сценаў студні. Ён углядаўся ўверх і бачыў увенчаныя галовамі дзяцей берагі калодзежа. Ён пачаў вішчаць, выць, молячы сваіх нядаўніх сяброў аб ратунку… Ён яшчэ верыў у людзей. Але безвынікова… Яго ахапіў страх, калі ўніз пачалі ляцець падпаленыя кавалкі паперы. Ён дрыжаў. Туліўся да вільготнай сцяны калодзежа. Аднак агонь не дабраўся да яго. Ён зноў пачаў упрошваць аб дапамозе, аб выратаванні… Яго добрае сабачае сэрцайка не магло зразумець таго, што адбылося. За што ж яго гэтак пакаралі? Ён жа іх так любіў. Ён так цешыўся і скакаў, калі іх бачыў. Ён стараўся адгадваць кожнае іхняе жаданне, быў ім гэтак верны.
Нечакана ў калодзеж упаў вялікі камень. Потым другі. Пасля камяні пачалі падаць у студню амаль без перапынку… Дзеці нібы звар’яцелі. Яны бегалі па ўсім падворку, збіралі камяні, цэглу, кавалкі ржавага металу, паленне, калы і кідалі ўсё гэта ў студню, стараючыся пацэліць у сабаку, якога нават не маглі ўгледзець у цемры. Іх апанавала прага забойства. Іх узбуджала магчымасць бяскарна забіць некага. Іх разбіраў садызм… усё тое, што пазней стрымліваецца, але не раз упрост, пачварна або прыхавана, пад нейкай маскай, выяўляецца ў дарослых людзей.
Адзін з першых камянёў зламаў сабаку лапу. Некалькі іншых яшчэ больш яго скалечылі. Сабака пачаў імкліва шукаць паратунку. Ён глыбей закапаўся ў мул на дне студні і ўціснуўся пад край скрынкі, якая выставала з балота. Ён ляжаў у ліпкім халодным і смуродным глеі, прыкрыты зверху дошкамі скрынкі, і дрыжаў ад холаду і страху. А зверху ляцелі долу камяні. Яны валілі ў бакі скрынкі, грукаталі і падалі наўкола, трапляючы ў мул.
Прайшло шмат часу, і бамбаванне скончылася. Зноў краі студні акружыў вянец дзіцячых галоваў. Яны глядзелі ўніз. Прыслухоўваліся… Ціха… Нарэшце раздаліся галасы:
— Жучок!.. Жучок!..
— Цю-цю-цю-цю…
Цішыня…
Сабака не адгукнуўся… У ім памерла вера ў людзей… А ўзрасла нянавісць…
Вечарам на падворку запанавала цішыня. Сабака, дрыжучы ад холаду, вылез з балота і ўскараскаўся на скрынку. Яго мучыў голад. Балела зламаная лапа і пабітае камянямі цела.
У вышыні цьмяна свяцілі зоркі. Сабака заскавытаў. Гэтак ён скардзіўся небу на людзей. Доўга скавытаў…
Да студні ў паўзмроку ціха сунулася чалавечая постаць. Гэта быў Баран. Некалі ён заўважыў, што на гэтым падворку ёсць вяндлярня, таму зрэдчас, праходзячы побач, зазіраў са спадзевам, што нехта будзе вэндзіць шынку ці кілбасы.
І цяпер ён прыйшоў сюды акурат з гэтай нагоды. Заўважыўшы некага, ён перамясціўся ўглыб падворку. Недалёка ад студні пачуў сабачае выццё. Мужчына спачатку не мог зразумець, адкуль даносіцца гук. Падышоўшы да калодзежа, нахіліўся ўніз і пасвяціў кішэнным ліхтарыкам. Злодзей распазнаў унізе белае дно скрыні, а на ёй цёмнае тулава сабакі. Сабака неспакойна пахістваўся і, відаць, намагаўся ўцячы ў сваю ранейшую хованку, пад скрынку. Баран вылаяўся.
— Вось дзе подлае насенне! Не знайшлі сабе лепшага занятку, укінулі бедалагу!
Баран адышоў ад студні. «Відаць, здохне там з голаду». Вярнуўся да калодзежа. Выняў з кішэні фрэнча закручаную ў паперу французскую булку і, свецячы ліхтарыкам уніз, кінуў сабаку печыва, прыцэліўшыся, каб яно трапіла на скрынку.
Жыхары старожкі Шлемы Гоя вельмі здзівіліся, калі аднойчы вечарам да іх прыйшоў незнаёмы мужчына.
— Добры вечар, — кінуў ён з парога.
Усе маўчалі, разглядваючы госця. Швачка адклала сваю работу. Баран кінуў на лаўку шапку, падышоў да стала і паклаў на ім скрутак, загорнуты ў паперу.
— Гляньце, калі ласка, матэрыял, — звярнуўся Баран да швачкі.
Жанчына пачала разгортваць пакунак, а Баран прысеў на крэсле ля стала і дастаў з кішэні вялікі срэбны партсігар з залатой манаграмай. Адну цыгарэту ён дастаў для сябе, а другую кінуў праз пакой Уладзю Зайцу.
Уладзь не паліў, але неяк не змог адмовіць госцю і пачаў няўмела цмокаць цыгарэту. Неўзабаве закашляўся. Баран адгукнуўся:
— Кінь!
І Уладзь кінуў на падлогу недапаленую цыгарэту. Гэтым часам Лідзія Баля, швачка, худая бледная жанчына каля трыццаці пяці гадоў, аглядвала матэрыял. Гэта быў адрэз натуральнага шоўку крэмавага колеру. Кабета любавалася прыгожай тканінай і з прыемнасцю абмацвала яе пальцамі. Баран звярнуўся да яе:
— Хопіць гэтага на два камплекты бялізны?
Швачка здзівілася.
— Дык жа шкода…
— Ці досыць?
— Хопіць і яшчэ застанецца.
— То здыміце мерку, калі ласка.
Баран зняў фрэнч, і швачка абмерала мужчыну.
— Зрабіце, калі ласка, найлепей, як зможаце. Работа мусіць быць кароннай! — казаў Баран. — Самае важнае — гэта добра вырабіць каўнерыкі. Зрэшты, буду прыходзіць на прымерку.
Хутка Баран пакінуў жытло.
— Хто гэта можа быць? Пэўна, нейкі багацей, — пастанавіла Лідзія.
— Багацей… багацей… багацей… — казаў Уладзь, якія меў звычку паўтараць словы.
— Не запытаў нават, колькі каштуе пашыў. Пэўна, добра заплоціць.
— Заплоціць… заплоціць… заплоціць… — згаджаўся Уладзь.
Толькі Томка, якую называлі Куртатай, маўчала, седзячы ў куце, і пазірала на прысутных гожымі вачыма. Яна была калекай. У яе былі вельмі кароткія крывыя ногі. Гэта быў вынік перанесенай у дзяцінстве хваробы. Твар у яе быў таксама брыдкі. Але вочы былі цудоўныя, аздобленыя раскошнымі вейкамі. Працавала яна ў Шлемы Гоя за мізэрныя грошы. Удома ж яе даймала сястра, істэрычная векавуха. Уладзя Зайца, зрэшты, таксама тыраніла старэйшая сястра. Прырода не была літасцівай і да яго. А разарваная на патанцульках ударам гіры губа канчаткова скрывіла твар. Пры ўсім сваім брыдкім выглядзе Уладзь быў надзвычай уражлівы. Здаралася, што нехта казаў «холадна», а Уладзь ужо пачынаў паціраць рукі. Сказаны некім выраз або апошняе слова ў сказе ён мог паўтараць бясконца. Стась Рамізнік казаў, што ў Зайца сарваная разьба ў галаве. У Зайца было вельмі добрае сэрца, і ён любіў жывёлу. З людзьмі ён не ўмеў размаўляць, але да коней звяртаўся, як да дзяцей. Расказваў ім пра свае клопаты і трывогі, пачуваючыся ў іх таварыстве вельмі ўтульна.
Пасля першага візіту да Баляў Алік Баран неўзабаве зноў туды завітаў. Калі бялізна была ўжо пашытая, шчодра заплаціў, чым заваяваў прыхільнасць Лідзіі, якая пачала была называць яго панам памешчыкам.
— Аніякі я не памешчык, — адказаў Баран. — Я шавец абутку экстракласу. Прыехаў з Амерыкі і хачу тут заснаваць майстэрню.
З таго часу Лідзія, гаворачы пра Барана, называла яго Амерыканец.
Забраўшы бялізну, Баран праз некаторы час зноў з’явіўся ў швачкі і замовіў гімнасцёрку… Яго не пакідала надзея спаткаць тут некалі Паўлінку. Але дзяўчына або не прыходзіла, або з’яўлялася там, калі Барана ўжо не было.
Лідзія пашыла гімнасцёрку. Баран забраў і яе. А Паўлінкі ўсё не было. Дзяўчыну таксама зацікавіў Амерыканец. Яна столькі наслухалася пра яго ад Лідзіі, якая больш ні пра каго не жадала размаўляць. «Ты падумай: шаўковую бялізну шые, і то з якога яшчэ шоўку. А якія пярсцёнкі носіць на пальцах! А што за партсігар! Мільянер ён, далібог, які ўцёк сюды ад бальшавікоў!» Паўлінка аж калацілася з цікаўнасці, але ёй аніяк не ўдавалася з ім спаткацца.
Праз некалькі дзён пасля апошняга візіту Баран прыйшоў да Баляў пад вечар і запытаў пра Уладзя. Куртатая пакульгала на падворак шукаць брата. Калі Заяц, здзіўлены нечаканаму госцю, прыйшоў у старажоўку, Баран запытаў у яго:
— Вяроўка доўгая ёсць?