Выбрать главу

— Вось, хутка і сам усё пабачыш… Не будзь тады лайдаком… Памятай, што табе дзядзька Філіп казаў.

Аднойчы Ясь пайшоў з дзядзькам на базар на Траецкую гару. Дзядзька меў на продаж пяць параў ботаў з халявамі. Жардонь разбіраўся ў абутку, бо сам вырабляў халявы ды меў шмат знаёмых сярод шаўцоў. Гэтыя знаёмствы дазвалялі яму танна пашыць боты з самай тандэтнай скуры ды потым выгадна іх прадаць на рынку. Звычайна ж ён, аднак, скупляў старыя боты, туфлі і чаравікі, сам іх рамантаваў, а потым выстаўляў на продаж, часта зарабляючы нават у тры разы больш, чым выдаткаваў.

Ясь, які навучыўся гандлявацца і расхвальваць тавар, насіў на базары боты ў руках. Калі знаходзіўся кліент, пераважна селянін з вёскі, то пачынаўся торг. У той жа час да Яся падыходзіў дзядзька, які рэшту тавару меў у мяшку, ды таксама пачынаў разглядваць боты і, у залежнасці ад сітуацыі, падбіваў цану. Гэтак разам яны прадалі ўжо шмат абутку.

Цяпер зрабілі гэтаксама. Сёння ім асабліва пашчасціла, таму ўжо праз гадзіну яны збылі ўвесь тавар і зарабілі досыць вялікія грошы. Дзядзька быў у добрым гуморы і аддаў Ясю дзясятую частку заробку. Акурат была субота. Дзядзька прапанаваў Ясю пайсці ў лазню. Жардонь любіў папарыцца і хацеў, каб Ясь пасцябаў яго бярозавым венікам. Пасля шостай гадзіны вечара яны рушылі ў лазню на вуліцы Хрышчэнскай. Жардонь меў там знаёмых работнікаў і не плаціў за ўваход. Яся ён таксама правёў задарма.

Ясь любіў мыцца, але адчуваў сябе няёмка сярод людзей, якія атачалі яго ў лазні. Голыя мужчынскія целы сваёй выродлівасцю, а часам нават пачварнасцю выклікалі ў яго агіду. Ён з жахам азіраўся і пільнаваў, каб на яго не выплюхнулі вады, якою перад гэтым мыўся нехта іншы. Яму здавалася, што нават паветра тут было атручанае потам і нясвежым дыханнем іншых людзей. Сам Ясь быў высокі, складны, гнуткі і моцны. Будова цела ў яго была гарманічная, а паходка зграбная.

Выгляд парылкі, а таксама гукі, якія ў ёй раздаваліся, прымушалі ўзгадаць пекла… У клубах пары на аслізлых запэцканых дошках, што беглі ўверх, як сходы, енчыла больш за дзесяць чырвоных торсаў, з якіх сцякаў пот і бруд. Ясь зацята сцябаў гарачым венікам па старых касцях дзядзькі, які, нібы мазахіст, парохкваў ад задавальнення:

— Ата-та-та!.. Давай!.. Яшчэ… мацней…

Потым усе паліваліся ледзяной вадой. Гэта была праверка сэрца і лёгкіх на вынослівасць. І аж дзіва, што так рэдка ў такіх святынях гігіены нехта паміраў.

Нарэшце Жардонь і Ясь пасля дзвюх гадзінаў у пекле вылезлі ў чысцец у прылазніку і там доўга адпачывалі. Дзядзька дастаў з кішэні паліто чацвярцінку гарэлкі і два бутэрброды. Філіп выпіў тры чвэрці з бутэлечкі, а рэшту прапанаваў Ясю. Той адмовіўся, але з апетытам з’еў хлеб з салам.

З лазні яны выйшлі досыць позна. Калі праходзілі праз уязную браму, дзядзька раптам спыніўся, а потым сказаў:

— Хадзі… Пакажу табе нешта…

Яны пашыбавалі ў глыб цёмнага падворку, што з бакоў асвятлялі мутныя прамавугольнікі вокнаў. Некаторыя былі досыць ясныя, іншыя запацелі знутры і былі цьмяныя. Яны прайшліся лабірынтам з вялізных складаў дроваў і апынуліся ў далёкім закутку, каля аднаго з вокнаў. Яно было досыць высока. Дзядзька ўзяў з найбліжэйшай кучы дроваў некалькі паленаў ды паскладаў іх крыж-накрыж, зрабіўшы невялікія падмосткі. Стаўшы на іх, яны маглі добра бачыць вялікую ды светлую летнюю залу для жанчын.

— Ціха, не шумі, — сказаў дзядзька шэптам. — Глядзі цішком.

Зала, у якую Ясь уляпіў зрок, была першага класу. Там стаяла шмат лавак з мармуровай паверхняй.

Блішчэлі металічныя краны і мядніцы. Святла было дастаткова.

Ясь пабачыў каля дзясятка жанчын, якія мыліся. Зусім голых кабет ён бачыў упершыню. Хлопец адчуў, што сэрца ў грудзях пачало то заціхаць, то біцца з неверагоднай сілай. Яму перахапіла дыханне. Ён саромеўся, што падглядае за жанчынамі, але разам з тым не мог адарвацца ад гэтай карціны. Некаторыя з жанчын былі вельмі брыдкія, але большасць — маладыя і вабныя. Яму здавалася, што ён бачыць незямных істот, невымоўна прыгожых, якіх нельга ўявіць і апісаць хоць якімі словамі. Ён адзначыў сабе, што жанчыны маюць прыгажэйшыя рухі, чым у мужчынаў. Ён не мог адвесці вачэй ад высокай, дзябёлай, пэўна, ужо немаладой бландзінкі з цудоўнай фігурай. Ейная скура зіхацела, круглыя формы і пругкія грудзі блішчэлі, цела выгіналася, а кожная яе поза, нават самая непрыстойная, была поўная грацыі.

Ясь быў зачараваны музыкай яе рухаў і ціхенька дрыжаў. Раптам ён адчуў погляд кабеты на сваім твары. Ён рынуўся назад і саскочыў з падмостак. Дзядзька таксама кінуўся за ім следам з падмостак на зямлю.

— Чаго ты? — ціха запытаў Жардонь.

— Не, нічога…

— Не хочаш болей глядзець?

— Не…

Дзядзька паклаў на месца палены, і яны выйшлі на вуліцу.

— Такога ты ні ў адным кабарэ не пабачыш, — тлумачыў Ясю дзядзька. — Падумай толькі, якія грошы людзі плацяць, каб на голую жаночую нагу паглядзець! А тут усё як на талерачцы! Тут табе ніводная нічога не падробіць. Якая ёсць, такую і бачыш.

Дзядзька ніяк не мог адысці ад пабачанага і яшчэ доўга расказваў Ясю пра жанчын, павучаючы яго:

— Ты жанчыне ніколі не вер. Яна цябе заўсёды ашукае. Кабета можа быць і мякенькай, і салодзенькай, але яна найгоршае для нас стварэнне. Яна так умее аблытаць і падпарадкаваць сабе, што канец. Ужо ніколі з яе абдымкаў не вызвалішся!

Ад першага свайго настаўніка Ясь даведаўся шмат бязглуздай лухты ды пачуў бясконцую колькасць самых неверагодных гісторыяў, а навучыўся ад яго толькі гандляваць. Гэта ж было яму на вялікую карысць. Часта ён выходзіў на Нізкі рынак і там цярпліва чакаў добрай нагоды, каб купіць нейкую сапраўды танную рэч, якую пазней, вычысціўшы або адрамантаваўшы, прадаваў нашмат даражэй. Бывала, што нават цягам аднаго дня яму ўдавалася купіць некалькі розных рэчаў і адразу ж іх прадаць па выгаднейшым кошце. Ясь назбіраў ужо крыху грошай, якіх не распускаў, пакінуўшы іх на гандаль. З буйных заробкаў ён амаль усё аддаваў маці, а часам нешта перападала і сястры. Сам жа ён пакуль курыў найгоршы тытунь і ўвесь час марыў пра большыя прыбыткі. У праекты свайго дзядзькі хлопец не верыў. Ён пераканаўся, што гэта былі толькі фантазіі старога дзівака, якога, аднак, любіў за добрае сэрца, арыгінальны характар і зычлівасць да іхняй сям’і.

Другім настаўнікам Яся быў ягоны сусед з падворку, які здымаў невялічкую кватэрку з аднаго пакою і кухні, у тым самым доме, дзе жылі сёстры Пажарскія. Гэта быў манцёр тэлефоннай станцыі Віктар Уменскі. Манцёр быў грузным мужчынам сярэдняга росту. Выглядаў ён даволі арыгінальна: валасы заўсёды былі падстрыжаныя пад самую скуру, твар быў шэры са шматлікімі вуграмі і воспінамі, погляд у яго быў мутны, цяжкі, рухі надзвычай марудныя.

Уменскі меў дзве любові: музыку і слясарную справу. Уся ягоная кватэра была заваленая нейкімі металічнымі дэталямі і кавалкамі дроту. Акрамя таго, там месцілася цэлая механічная майстэрня, уключна з такарным станком. А на сцяне, пры якой стаяў ложак, вісела гітара і дзве мандаліны. У свой вольны час Уменскі альбо нешта майстраваў, альбо граў на гітары ці мандаліне. Граў ён слабавата, хоць слых меў добры. Перашкаджалі кароткія, заўсёды пакалечаныя пальцы.

Калі Уменскі толькі пасяліўся ў доме пад нумарам 157 па суседстве з сёстрамі Пажарскімі, то тыя спачатку моцна абураліся, калі ён ладзіў свае канцэрты. Яны проста пачыналі грукаць кулакамі ў сцяну. Манцёр неяк не вытрымаў і пайшоў да іх, каб запытаць, што адбываецца.

— Нам замінае вашае гранне… У нас хворыя нервы, мы гэтага не зносім.

— З хворымі нервамі, то трэба да доктара, — рашуча сказаў Уменскі. — А ў сцяну, калі ласка, мне не стукайце!..