Выбрать главу

Ён выйшаў з хаты, крыху пастаяў на панадворку, паслухаў, ці зачыніла жонка дзверы і, толькі пачуўшы шоргат засаўкі, павярнуўся і пакрочыў у канец вуліцы.

Ноч яшчэ не спавіла зямлю змрокам, але цяжкі жнівеньскі туман ужо клубіўся ля яе паверхні. У траве ўздоўж дарогі па-заліхвацку стракаталі конікі, ля Мухаўца ў кустоўі час ад часу дзіка крычала начная птушка.

Двор нябожчыка Гераські Дораха Самуіл знайшоў без цяжкасці. Чорная хата пад чорным дахам, абнесеная высокім чорным плотам, выглядала злавесна. Яшчэ больш злавеснасці дадавала ёй блізкасць лесу, які ў начны час падаваўся змрочным і непрыветлівым. Самуіл зябка павёў плячыма: «І чаго чорт панёс мяне ноччу ў гэтае гіблае месца? Што я тут спадзяюся ўбачыць?» Ён знайшоў пень у зарасніку лазы, прысеў на яго, суцішыўся ў чаканні.

Час цягнуўся нясцерпна доўга, хіліла да сну і, магчыма, Самуіл не вытрымаў бы і заснуў проста на пні, калі б не камары, якія з ніадкуль з’яўляліся ля яго твару і якіх без супынку трэба было адганяць пучком лазовых галінак.

Раптам праз камарыны піск лаўнік пачуў, як на двары Дораха мякка рыпнула засаўка, а праз імгненне бясшумна адчыніліся веснічкі і з іх выйшаў высокі, магутнага целаскладу чалавек. Незнаёмец павольна агледзеў наваколле, уважліва паслухаў начную цішыню, крыху яшчэ пастаяў на вуліцы і нягучна кашлянуў, — як зразумеў Самуіл — гэта быў умоўны сігнал, бо хутка з панадворку на вуліцу выйшлі яшчэ адзін мужчына і невысокая, танклявая жанчына. «Пэўна, Юлія», — здагадаўся Корчак. Ён, баючыся пашавяліцца і больш не звяртаючы ўвагі на камароў, праводзіў позіркам невялікую кампанію і, калі тыя схаваліся ў нізінцы, спачатку нерашуча, а потым усё смялей, прыгнуўшыся да самай зямлі, пабег за незнаёмцамі.

І тут, нібы назло, з-за хмары выпаўз месяц, асвяціў сваім нежывым святлом і лясную ўскраіну, і балоцістую, зарослую трыснягом і кустоўем, нізінку, і далёкі пагорак, на якім, як ведаў Самуіл, размяшчаліся гарадскія могілкі, да якіх наўпрасткі ішлі трое чалавек.

Корчак, ратуючыся ад месячнага святла, хуценька спусціўся ў нізінку і, ужо амаль не хаваючыся, пачаў прабірацца па кустоўі — пад яго ботамі трашчала гнілое голле, хлюпала балотная твань. Яму было страшна ісці наперад, але яшчэ страшней было вяртацца назад.

Хутка ён выйшаў на сцяжынку, азірнуўся навокал і, убачыўшы, што людзі не змянілі свайго шляху і крочаць да могілак, спыніўся, прысеў ля куста, выліў з ботаў гнілую ваду і толькі потым, дзе хаваючыся за кустоўе, а дзе паўзком, ён накіраваўся да самотнага пагорка.

Ён бачыў, што людзі і сапраўды прыйшлі на могілкі, спыніліся на іх ускрайку ля паваленага дрэва. Мужчыны селі на яго ствол, а жанчына адышлася крыху ўбок, прытулілася спінай да абпаленай маланкай сухаліны і паднесла да свайго твару рукі. Корчак ужо сабраўся падпаўзці бліжэй, як раптам начную цішыню прарэзала воўчае галашэнне, ды такое голаснае, такое жахлівае, што Самуіл ледзь не падскочыў на ногі, ледзь не кінуўся ўцякаць ад гэтага крыку, ад гэтых людзей і гэтых скасабочаных крыжоў. Ён ледзь не самлеў ад жаху. Аднак рэха ад галашэння растварылася ў лясной цішыні, а навокал нічога не змянілася. Як і раней, побач з ім мірна трымцела сваім лісцем маладзенькая асінка. Як і раней, месяц асвятляў чорны лес. Як і раней, мужчыны сядзелі на паваленым дрэве. І Самуіл здагадаўся — то выў не воўк, то крычала жанчына. І калі жудасны крык паўтарыўся зноў, ён ужо аднёсся да яго больш стрымана, без ранейшых панічных думак і неабдуманых памкненняў.

Раптам месяц схаваўся за хмару. Цемра запоўніла наваколле, і лаўніку падалося, што яно пачало змяняцца, што нават паветра стала іншым — цяжкім, густым, калючым. Без усялякай прычыны ў верхавінах дрэў зашумеў вецер. Спачатку ціха і нерашуча, потым мацней, а праз нейкі час на могілках па-сапраўднаму ўжо разыходзілася віхура. Ды яшчэ крумкачы і вароны, якія да гэтага начавалі на дрэвах, паднялі такі вэрхал, што Самуіл начыста забыўся, для чаго ён прыйшоў на гэты пагорак і адно, раз за разам жагнаючыся, апантана шаптаў малітвы ды цалаваў свой нацельны крыжык.

Ён не бачыў, адкуль на могілках з’явіўся яшчэ адзін мужчына, не чуў яго гутаркі з жанчынай і яе братамі, не заўважыў калі і куды ўсе яны зніклі.

Корчак маліўся, і толькі, калі супакоілася патрывожанае вараннё, калі начная цішыня зноў ахінула сваімі мяккімі крыламі магільныя крыжы і камяні, ён апамятаўся, да яго вярнулася здольнасць разважаць, думаць.

Самуіл спачатку прыўзняўся на каленкі, потым сеў на кукішкі, агледзеўся. На ўсходзе ўжо ружавела неба, халоднае, сырое паветра непрыемна абдымала яго цела.

Лаўнік, бы прывід, падняўся на ногі, рукавом кафтана, мокрага ад расы, выцер твар і, не азіраючыся, больш ні ад каго не хаваючыся, пакрочыў у накірунку да горада.