Выбрать главу

— Ну-у, — разгублена заміргаў вачыма Фёдар.

— Яшчэ трэба дамовіцца з кімсьці, хто быццам бы знайшоў гэты скарб, — Самуіл зірнуў на войта. — Усё ж такі непрыкметна схаваць на двары паўсотні ратнікаў — няпроста нават для шляхціца.

— А навошта нам усім хавацца ў засадзе? — вочы пана Ключэўскага паюначы ззялі запалам. — Я адбяру два дзясяткі лепшых самастрэльшчыкаў і мы пераб’ём разбойнікаў проста на панадворку.

— Ноччу гэта будзе зрабіць складана.

— Цемната для нас не перашкода, ды і ночы зараз месячныя, светлыя.

— А для засады можна выбраць двор пана Быліцкага, — павесялеў і войт, — ён жыве адзін, ужо немалады, мае вялікі двор са старымі пабудовамі.

— Вось і добра, — намеснік падняўся з лавы, ад чаго яго даспехі весела зазвінелі. — Ты, — ён рашуча паказаў пальцам на Самуіла, — распускаеш плётку пра скарб, а я раблю засаду і, дасць бог, наступнай раніцай у гэтым пакоі мы з табой вып’ем па кубку добрага віна за тое, каб паганыя душы Ваўчыцы і яе хаўруснікаў добра-такі падсмажыліся ў пекле.

6

Лаўнікі выйшлі з ратушы на гандлёвую плошчу, спыніліся і, бы па камандзе, паднялі ўверх галовы.

— Сонца ўжо высока, — першым загаварыў Фёдар, — час і папалуднаваць.

— А работа? Мы ж с табой павінны распусціць па горадзе чутку пра скарб, які быццам бы знайшоў пан Юрый Быліцкі, і за якім заўтра прыедуць яго сыны.

— Дык у чым складанасць? — Фёдар у непаразуменні ўзняў бровы. — Ты толькі азірніся і паглядзі колькі тут народу! Шапні аднаму на вуха гэтую плёт­ку, а да вечара аб ёй будзе гаварыць увесь горад.

— Э-э не, даражэнькі! Аб тым, што пан Юрый знайшоў золата павінны ведаць усяго некалькі чалавек і сярод іх абавязкова павінна быць Ваўчыца.

— І дзе ты яе знойдзеш? — спахмурнеў Фёдар. — Калі ты ведаеш яе нару, то скажы аб гэтым пану Ключэўскаму, а ён, як я думаю, разбярэцца з ёй хутка, па-салдацку, без усялякіх дурацкіх прыдумак пра золата і самацветнае каменне.

— Ну не злуйся, Федзя, — Самуіл весела паляпаў сябра па плячы. — Я зараз вось аб чым падумаў...

— Папалуднаваць у карчме?

— Лепш: мы з табой сходзім у госці, пазнаёмімся з маёй будучай нявесткай. Там, спадзяюся, і папалуднуем, і па чарцы добрай гарэлкі вып’ем.

Фёдар адразу павесялеў, вочы яго спагадліва засвяціліся, вусны расцягнуліся ва ўсмешцы:

— А што, твой Марцін жэніцца? А я і не ведаў. Хто ж яна — яго абранніца?

— Удава Гераські Дораха.

— Цесляра Гераські? — Фёдар недаверліва зірнуў на сябра. — Таго, які памёр у пачатку лета мінулага года?

— Таго самага цесляра Гераські.

— Памятаю я яго, — уздыхнуў Фёдар. — Чалавекам ён быў неблагім: ціхім, спакойным, працавітым. Куфар мне некалі зрабіў адмысловы, вечка разьбой упрыгожыў. А аб тым, што ў яго была жонка, я і не ведаў, вось толькі зараз ад цябе і пачуў. Цікава!

— Ты толькі ў яе хаце нічога аб гэтым не кажы — пакрыўдзіш жанчыну, сапсуеш наша знаёмства. Дарэчы, а родныя ў Гераські былі?

— Некалі былі, але пасеклі іх татары дваццаць гадоў таму. Гераську толькі і пакінулі ў жывых, бо немаўля ён быў яшчэ грудное, думалі, пэўна, — памрэ і так.

— Цікава, — Самуіл задумліва прыгладзіў сваю ахайную бародку. — Аднак пайшлі ў госці, бо, як вядома, лаўніка ногі кормяць.

Дзень быў у самым разгары. Па-летняму яркае сонца ахінула горад гарачынёй і трапяткой цякучай смугой, у якой яскрава адчуваўся пах даспяваючых яблыкаў і свежазжатага жыта. Неба сінела сваёй безданню — у ім толькі дзенідзе ў недасягальнай вышыні бялелі лёгкія, як пух, чыстыя воблачкі.

Удава Гераські Юлія сустрэла гасцей на сваім панадворку. На выгляд ёй было гадоў шаснаццаць. Невысокага росту, танклявая, жылістая, з дробнымі рысамі твару яна здалёк больш нагадвала дзяўчынку-падлетка, аднак вочы! Чорныя, бяздонныя ў сваёй чарнаце, яны адразу пранізвалі чалавека ледзяной трывогай, якая паступова пераходзіла ў неасэнсаваны жах. Такім позіркам глядзіць на сваю ахвяру драпежнік, перш чым упіцца ікламі ў яе горла і бязлітасна парваць яго на шматкі. Самуіл паспрабаваў зазірнуць у іх бездань, дабрацца да яе дна, але акрамя чорнай пустаты нічога там не ўбачыў.

— Я старэйшы брат Марціна Корчака, — прадставіўся ён гаспадыні і са здзіўленнем адзначыў, як рэзка змяніўся колер яе вачэй — яны імгненна сталі цёмнымі і ў іх радасна запульсавалі вясёлыя смяшынкі. «Вось гэта сіла! — з павагай падумаў ён пра жанчыну. — З ёй трэба быць вельмі асцярожным». А ўголас патлумачыў: — Заходзілі з сябрам да вашага суседа Донькі, але яго жонка кажа, што ён зараз недзе на рэчцы і да вечара дадому не вернецца.

— Ён з сынам і сапраўды днямі прападае на Мухаўцы, — голас у гаспадыні быў звонкі, мілагучны і па ўсім было бачна, што яна вельмі рада гасцям, хаця крыху і разгубілася ад іх нечаканага прыходу. — Аднак, што мы стаім на панадворку? Міласці прашу ў хату, праходзьце.