Выбрать главу

Пасля сонечнага святла ў хаце было цёмна. Лаўнікі крыху пастаялі ля парога — пачакалі, пакуль вочы прывыкнуць да хатняга паўзмроку, потым зайшлі ў памяшканне, перажагналіся на адзінокі, невялічкі абраз, які вісеў пад самай столлю ў куце, і пад якім жоўтай плямкай цеплілася лампадка.

— Вы праходзьце да стала, — прыемным галаском запрасіла гаспадыня. — Мой брат зараз у вёсцы, таму вы ўжо выбачайце мяне за пачастункі.

— Ды не трэба ніякіх пачастункаў, Юлія, — адмоўна замахаў рукамі Самуіл. — Мы проста зайшліся да цябе, каб крыху пазнаёміцца, каб.

— Паглядзець і на цябе, і на тваю гаспадарку, і на парадак у тваёй хаце, — упершыню ўключыўся ў гутарку Фёдар. — І я не ведаю, аб чым там думае Корчак, а сам скажу — жанчына ты не толькі прыгожая і разумная, але і гаспадыня добрая, — Фёдар павярнуўся да свайго сябра, задзірыста запытаўся: — Што, не так? Панадворак чыста падмецены і пасыпаны свежым пяском, адзенне вымыта і ўжо сушыцца, печка выцеплена, у хаце чысціня і парадак — маёй бы Клаве гэтай работы на цэлы дзень хапіла б, ды і то.

— А я хіба з табой спрачаюся? — весела сказаў Самуіл. — І я не сляпы, бачу, што ў майго брата будзе цудоўная жонка.

— Ну хопіць вам спрачацца, панове, — Юлія зноў запрасіла гасцей да стала. Потым упэўненым рухам паставіла на яго місу са студнем, побач з ёй паклала вялікае кальцо вэнджанай каўбасы, глышку сыру. — Мы яшчэ не паспелі як след пазнаёміцца, а вы ўжо столькі добрага мне нагаварылі, што нават мяне, удаву, увагналі ў чырвань.

— Добрага чалавека адразу бачна, — не адводзячы вачэй ад каўбасы, прамовіў Фёдар.

Юлія на словы госця ніяк не адрэагавала. Яна дастала з палічкі кубкі, зняла з хлеба ручнік, павярнулася да прыпечка і паставіла на стол невялікі гляк. Потым уздыхнула:

— Ёсць яшчэ капуста ды параная рэпа, але.

— Ды не мітусіся ты, Юлія, — Фёдар падхапіў гляк, зубамі выцягнуў з яго палатняную затычку, панюхаў змесціва, задаволена хмыкнуў: — Акавіта!

— Брат, здараецца, пасля цяжкай работы выпівае яе кубак, — патлумачыла дзяўчына. — А я хмяльнога не п’ю, нават паху яго не выношу.

Фёдар завагаўся, асцярожна паставіў гляк на стол, паглядзеў на Самуіла.

— Ды ты, пан, налівай, — убачыўшы жэст госця, засмяялася Юлія. — Гэта я сказала, каб вы мяне выбачалі, што я піць буду жур, а не гарэлку.

Фёдар з палёгкай усміхнуўся, рашуча падхапіў пасудзіну і адразу наліў па поўнаму кубку сабе і свайму сябру. Потым паставіў гляк на стол, падняў свой кубак:

— Я прапаную выпіць за здароўе гаспадыні, — ён ветліва схіліў галаву ў бок Юліі. — Няхай яно будзе моцным, як гэта акавіта, а куты яе хаты няхай поўняцца дзіцячым смехам — самай вялікай каштоўнасцю на гэтым свеце.

— Дзякуй, — гаспадыня сціпла апусціла вочы і прыгубіла свой кубак з журам.

Мужчыны ж выпілі свае кубкі да дна. Закусілі.

Пасля акавіты Фёдар прыкметна павесялеў. Яго шчокі пачырванелі, вочы заблішчэлі і, як таварыскі чалавек, ён пачаў без супынку расказваць анекдоты з жыцця сваіх сяброў і знаёмых. Аднак, калі ўбачыў, што Самуіл пацягнуўся да гляка, супыніўся, адвёў убок руку сябра:

— Я сам, — запэўніў ён прысутных, лёгка падхапіў пасудзіну і зноў наліў кубкі да самага верху. Потым зірнуў на Самуіла і прапанаваў: — А зараз скажы некалькі слоў сваёй братавай.

— Ну, аб гэтым казаць яшчэ рана, — паправіў сябра Самуіл, аднак прыўзняў свой кубак і павярнуў галаву да Юліі: — Чалавек, які кахае, ва ўсім бачыць толькі прыгожае, і святло гэтай прыгажосці робіць высакародным і самаго чалавека, і яго ўчынкі, і яго памкненні. Таму чалавек, які кахае па-сапраўднаму, не можа быць забойцам, здраднікам ці нягоднікам. Вось я і хачу пажадаць гаспадыні, каб сэрца яе запаўняла толькі каханне, каб усё жыццё гэтае каханне было сапраўдным, і каб яе кахалі па-сапраўднаму моцна і шчыра — а інакш каханне, а значыць і жыццё, губляюць усялякі сэнс.

Выпілі, закусілі. У хаце нейкі час панавала цішыня, пэўна, кожны з пры­сутных асэнсоўваў Самуілавы словы. Першым загаварыў Фёдар:

— Ну што, Самуіл, давай вып’ем па апошняму кубку за гасціннасць гаспадыні і разыдземся па сваіх дварах? — ён узяўся за гляк, але напаўняць кубкі не стаў, чакаў, што адкажа сябар.

— Ты маеш рацыю, — пагадзіўся Самуіл. — Сонца ўжо амаль над лесам, а мне яшчэ трэба зайсціся ў ратушу, расказаць пану войту пра скарб, які сягоння выкапаў пан Быліцкі.

— Пра скарб? — Фёдар зрабіў выгляд, што не зразумеў сябра. — Навошта войту ведаць пра скарб, які знайшоў пан Юрый? Тым больш, што заўтра ён раздасць яго сваім дзецям, а дзяцей у яго многа, чалавек пяцёра ці шасцёра!