Выбрать главу

— Яшчэ наліць? — запытаў Іваноў.— Мацяйчук!

— Не, дзякуй. Я, знаеш, болей чай люблю. Слухай, а ў цябе траншэя прыстрэлена?

— Рэпер ёсць, — сказаў Іваноў.— За гэта можаш не баяцца. Дакладнасць гарантуецца.

— Знаеш, не бахай зашмат упачатку. Упачатку я ўжо як-небудзь і без таго. Мне пасля трэба. Там, на гары. Як зачэпімся.

— З дарагой бы душой. Але ж начальства запатрабуе. Яму ж, сам ведаеш, галоўнае, у пачатку каб грукату болей. Каб залп быў.

— Залп, да. А мне не залп трэба. Мне б хоць па пары снарадаў на кулямёт. Яны ж, ведаеш, маюць звычай з таго свету вяртацца. Здаецца, ты яго ўжо разбіў, два пападанні было, а ён праз пяць хвілін зноў страляе.

— Замяняемасць нумароў, што ж ты хочаш! — казаў Іваноў, беручыся за другую кварту кавы. — Агнявая падрыхтоўка.

— Падрыхтовачка яшчэ тая, гэта я ведаю. Пад Звонавам мае ўзялі ў палон іхняга снайпера. Два крыжы на кіцелі, можаш уявіпь, колькі настраляў нашага брата. I ўсяго месячныя курсы скончыў. Пытаюся, як вучыліся? Проста, кажа. Кожны дзень шэсць гадзін агнявой падрыхтоўкі на палігоне. Во практыка! А ў нас?

— А ў нас чорт ведае чаго толькі няма ў праграмах. Вунь артылерыстаў вучаць. I ПХЗ, і абавязкова страявая. Быццам на фронце — парады.

— Нягожа хваліць ворага, але так, — пагадзіўся Валошын. Ён ужо ведаў у характары Іванова ягоную рысу да самакрытычнасці ў адносінах ці артылерыі, ці нашых парадкаў, ці нават самога сябе і прывык да яе. Яна не калола іх вайсковага гонару і толькі сведчыла пра назіральнасць сябра і яго смеласць, ні на кога не зважаючы, выказаць праўду. Валошын жа так выказацца мог толькі ў крайнім выпадку.

— А чаму — нягожа? Наконт вайны яны майстры. Нічога не скажаш.

— Так, — без асаблівай ахвоты пагадзіўся Валошын. — Асабліва што датычыць пяхоты. Вунь колькі ў нас было да вайны статутаў па тактыцы, і ўсе насмарку. Цяпер у пажарным парадку напісалі новыя: і БУП-І, і БУП-2. I ўсё на аснове. якую яны нам навязалі ў вайне.

— Так, так. Хаця гэта ў вас, у царыцы палёў. У нас, у артьшерыі, амаль усё па-ранейшаму. Па-даваеннаму.

— У вас што — у вас матэматыка. Функцыі ўглоў адны і тыя ж, у нас і ў немцаў.

— Калі б яшчэ да гэтай матэматыкі болей снарадаў,— уздыхнуў Іваноў.— А то ну што за работа — на кожны стрэл дазвол у камандзіра дывізіёна прасіць! I так ужо ашчаджаеш, як скупы рыцар. Над кожным снарадам трасешся.

— Гэта так. Ну што ж, дружа, добра ў цябе, але трэба ісці. Паслаў разведчыкаў — чакаю выніку. Хоць бы касагор не замініравалі. А то заўтра будзе нечаканка.

Валошын угледзеўся ў свой швейцарскі гадзіннік — было два трыццаць.

— Не дай бог — міны, — сказаў Іваноў.— Ведаю.

— Пад агнём паспрабуй тады, размініруй.

— «Шпрынгены» гэтыя — чорт бы іх узяў. У мяне ж во камандзір узвода ўпраўлення на міне падарваўся. Цяпер узводам Мацяйчук камандуе.

Валошын устаў, зашчапіў на кручок каўнер шыняля. Томік вершаў Ясеніна з заламанай старонкай ляжаў на лапніку, і ён раптам згроб яго вялікай рукой.

— Знаеш, ты ўсё роўна спаць будзеш, а мне не да сну. Хоць, можа, душу адвяду, — прабачліва сказаў ён. Іваноў паморшчыўся, але не запярэчыў.

— Толькі з умовай: вярнуць. А то тут у мяне чарга… Яны абое выйшлі з зямляккі на сцюжу ветранай ночы, моўчкі паглядзелі ўніз на вышыню, якой цяпер зусім не было відаць. Навокал ляжала санлявае наваколле, поўнае далёкіх і блізкіх няўцямных гукаў, ветру і сцюжы, зводдаль цямнела насцярожаная постаць вартавога.

— Ну што ж, дзякуй за каву, за гутарку, — сказаў Валошын і з ціхенькай журбой паціснуў цёплую руку сябра. — Заўтра іншая гутарка будзе.

— Заўтра іншая, — пагадзіўся Іваноў.— Ну як-небудзь. Жадаю поспеху. А зрэшты, што жадаць, разам жа будзем.

10

З НП Іванова ён пайшоў да свайго ланцуга, мяркуючы неўзабаве наткнуцца на кулямёты Ярашчука. Але гэты Ярашчук, мусіць, быў сёння няўлоўны. Камбат прайшоў па схіле да нізу, да самага балота, і нідзе не знайшоў кулямёты. Ён зноў прамінуў іх і зразумеў гэта, калі згледзеў у цемры адзіночныя ячэйкі нейкае з сваіх рот, далей чарнела ў ночы хмыззё, між якога шарэлі плямы балотнага лёду. Яго ніхто не аклікнуў, але ён сам начуў сцішаны ўначы голас Муратава і здагадаўся, што гэта вярнуліся разведчыкі, якіх пасылаў Маркін.

— Трэба далажыць на КП. Дзе старшына? Ідзіце на КП.

— Не трэба на КП, — сказаў Валошын, падыходзячы да некалькіх цёмных постацей. — Усе вярнуліся?

— Усе, таварыш камбат, — ціха азваўся Муратаў.— На фланговым пагорку нашы.