Сёмая была ўжо на нагах, ніхто не спаў, байцы, вытыркаючыся з цёмных акопчыкаў, трывожна глядзелі на ашалелую ад агню вышыню, чакалі, што будзе далей. Ён прыняў убок, прыгінаючыся, дабег да знаёмай пры-бліндажнай траншэйкі, у якой стаяла некалькі чалавек і чуўся нервовы голас Самохіна:
— Не лезь, не лезь, не высоўвайся! Жыць надаела? Валошын саскочыў у траншэю, нехта пасунуўся, даючы
месца камбату, следам улез Гутман, і Самохін паведаміў заклапочана:
— Бачыце, што робіцца? Пэўна, Нагорны…
— Яшчэ не вярнуўся?
— Ды не.
— Зараз жа дзесяць чалавек цераз балота на выручку. Зараз жа!
— Ёсць! — кінуў камандзір роты. — Гамзюк! Гамзюк, бяры першы ўзвод і — уніз!
Падсветлены ракетнымі водбліскамі, Гамзюк выскачыў з траншэйкі, прыгнуўшыся, пабег уздоўж ланцуга, і блізкая агняная чарга ледзьве не збіла яму галаву — тоўстай зіхатлівай вяроўкай пранеслася над байцом. Калі яна згасла, стала відаць, як некалькі чалавек нерашуча выбраліся з сваіх акопчыкаў і ўпалі ў цемры, напэўна, не адважваючыся бегчы кудысь без каманды.
Яны марудзілі, пара кулямётаў з вышыні слепа страчыла па кустоўі ў балоце, трасірныя светлякі рыкашэтаў з шаршнёвым гудам разляталіся ў бакі. Нарэшце Гамзюк сабраў усіх і толькі памкнуўся бегчы ў балота, як у траншэйцы нехта сказаў:
— А во гляньце! То не Нагорны?
Усе павярнулі галовы ў той бок, куды паказваў баец, сапраўды, у змроку кустоўя быў прыкметны нейкі няпэўны рух. Мабыць, гэта заўважылі ўжо і байцы Гамзюка, хтось там, прыгнуўшыся, пабег у той бок. Праз хвіліну некалькі байцоў павярнулі назад, на ўзмежак, адна цесненькая групка іх скіравала да траншэйкі ротнага.
— Што такое, Гамзюк? — не стрываўшы, здаля гукнуў да байцоў Самохін.
— Ды во раніла.
— Каго раніла?
Яны падышлі да бруствера і асцярожна паклалі ў доле нерухомае цела, хтось узяўся расшпільваць на ім шынелак, а на бруствер, пазнаўшы камандзіра, цяжка апусціўся Нагорны.
— Нагорны? Што здарылася? — трывожна запытаўся Самохін.
— Зараз, зараз, таварыш лейтэнант…
Толькі цяпер усе заўважылі, што Нагорны зусім выбіўся з сілы, ледзьве дыхаючы, ён расхінуў шынелак, скінуў на зямлю шапку і доўга яшчэ не мог вымавіць слова.
— Зараз… Значыць, так… Ранілі во яго… Дразда.
— Дзе ранілі? — запытаў камбат.
— Там, ля траншэі. Мы дапаўзлі… А як пабеглі… Спярша паўзлі, а там гэта… Спіраль!
— Якая спіраль? — здзівіўся камандзір роты.
— Ну гэта… Бруно.
— НіЯкай спіралі там не было. Учора я ўвесь дзень глядзеў.
— Учора не было. Нацягнулі… Ну мы і ўперліся. Ні туды ні сюды. Я ўзяў, пацяг…
— Нашго? Нашто ты цягнуў, галава і два вухі! — узлаваўся лейтэнант.
— Дык, а Дразда як жа? Яго ж там раніла, — кіўнуў ён на байца, які супакоена ляжаў на зямлі, і камбат паморшчыўся ў цемры, калі ўбачыў, што там ужо поркаецца маленькая фігурка Веры. — Туды, як паўзлі, не было, пасля нацягнулі…
— А, яны зас там загарадзілі? Во сволачы! — вылаяўся камандзір роты.
— Ну. Я ж кажу…
Камбат не спыняў і не перапытваў, ён чакаў, даючы Нагорнаму паведаміць пра ўсё, што там здарылася. Факт з'яўлення спіралі Бруно не аблягчаў становішча, хутчэй наадварот. Але важней усё ж было даведацца аб мінах.
— Мы, значыцца, да самай траншэі дапаўзлі, чуем, яны гергечуць… Ды раптам ззаду як зашарудзіць нешта, ды так дужа…
— Як гэта — зашарудзіць? — не зразумеў камбат.
— Ну глядзім, а яны спіраль на калах расцягваюць. I зацягнулі нас, як карасёў у сажалцы. Ну тут яго і параніла.
— А міны? — не стрываў Самохін.
— Што? Дык мін там няма. Мы не знайшлі. Ды і тыя, з дротам, хадзілі так смела.
Валошын унутрана ціха ўздыхнуў, трывожная напружа-насць, якая ахапіла яго з самага пачатку гэтага перапалоху, патрохі аслабла. Самае горшае з яго апасенняў, здаецца, не спраўдзілася, мін не было, і разведчыкі, хоць і з адным параненым, вярнуліся ў роту. Было б горш, калі б яны, жывыя ці мёртвыя, засталіся за дротам. Але гэта спіраль Бруно! Яшчэ яе ім не хапала, як бы ў ёй не засесці ўранку.
— Што, дужа ранены? — ціха запытаў ён байцоў, якія корпаліся над параненым.
— Не відаць. Тут усё ў крыві,— сказаў адзін з іх. Вера маўчала.