— Гранатай яго, — пачынаючы спакайнець, сказаў На-горны. — Гэты гад, фрыц, пачуў і — гранатай. Якраз каля яго разарвалася. Асколкамі.
— Маладзец, што не кінуў,— сказаў капітан і ўпершыню з непрыязню падумаў пра Кабакова, замест якога на брустверы ляжаў цяпер гэты Дрозд. Атрымалася куды як нядобра — той сваёй непрыкрытай бояззю выйграў сабе жыццё. А гэты? Невядома яшчэ, ці выжыве.
— Такі тарарам усчалі,— сказаў Самохін пра немцаў.
— Нібы ашалелі. Думаў, таксама спякуся, але… Ледзьве выцягнуў.
— Хутка перавязвайце — і ў тыл. Старшына Грак!
— Я, таварыш камбат!
— Займіцеся асабіста. Параненага хутка ў санроту!
— Ёсць!
Страляніна ўсё ж памалу сціхала, пастрэльвалі два кулямёты з флангаў, астатнія быццам бы змоўклі. Толькі ракеты з кароткімі прамежкамі цемры ўсё сэяцілі над схілам, напэўна, немцы баяліся новай спробы разведчыкаў і старанна асвятлялі балота. Цяпер было зразумела, чаму яны не свяцілі ў першай палове ночы — абносіліся гэтай праклятай спіраллю Бруно. Вядома, калі прамарудзіць яшчэ пару дзён, дык на схіле паявіцца не адна спіраль, будзе і міннае поле, і дрот у тры калы, а можа, і яшчэ што.
Сапраўды, генерал сказаў правільна: трэба спяшацца.
Усё б выпадала няблага, калі б мелася свая мінрота, а ў Іванова было болей снарадаў, і ён бы мог як трэба падтрымаць пяхоту. У часе атакі ды і пасля, на вышыні. Цяпер было зразумела, што немцы ўсталёўваліся грунтоўна і надоўга, што так проста вышыні яны не аддадуць, будуць біцца за яе ўсур'ёз. Відаць, для чагось яна ім спатрэбілася, гэтая вышыня.
У траншэйку прыбег малодшы лейтэнант Ярашчук, убачыўшы тут камбата, бокам прашчаміўся да яго ў сваім драным, абшкрэбаным паўшубачку.
— Куды гэта вы прапалі, Ярашчук? — з папрокам сказаў камбат. — Надоечы ўсё поле аблазіў, так і Не знайшоў.
— А я тут. Вунь, праз чатырыста метраў якіх. Хацеў секануць давеча… А што? Яны вунь як лупяць, а нам усё маўчаць?
— Не варта, — сказаў камбат. — Паберажыце патроны. Спатрэбяцца.
— Патроны ёсць пакуль што.
— Лепш вось што, Ярашчук. Пад раніцу падцягніце кулямёты бліжэй. Пачнецца атака, будзеце падтрымліваць. Агнём цераз балота. Во тады і пакажаце ўмельства.
— Ёсць! Я зараз. Я ўжо тут і пазіцыю наглядзеў.
— Во давайце, — скончыў з ім размову камбат, і Ярашчук пабег у цемру да свайго ўзвода ДШК.
— Ах, гады, сапсавалі ўсю ноч, — зябка здрыгануўся на ветры Самохін. У траншэю каля бліндажа неяк крадком ад камбата саскочыла і знікла Вера. Параненага ўжо перавязалі, і старшына Грак з двума байцамі панеслі яго ў тыл.
— Добры баец быў,— са шкадаваннем сказаў Самохін і пагразіў кудысьці ў ноч: — Ну, а таму хрэну я пакажу! Будзе ведаць, як за чужыя спіны хавацца! Сачок чортаў!
Камбат ведаў, каго ён меў на ўвазе, але прамаўчаў. Нялёгка разабрацца ў такіх рэчах, яшчэ цяжэй прадугледзець усе іхнія вынікі. У душы ён таксама быў злосны на Кабакова, але ўсё ж паказваць яму нешта не меў жадання. Яшчэ невядома, што ў хуткім часе чакае самога Кабакова. Як бы ягоны лёс не аказаўся горшы.
— Ну што ж, — сказаў камбат. — Хутка ўжо ранак. Карміце байцоў і… Ваша, Самохін, паласа адгэтуль і прама па схіле. Восьмая трошкі прыме ўправа. Напраўляючым пусціце ўзвод Нагорнага, яму дарога знаёмая. Зрэшты, загад яшчэ аддам.
— Ясна, таварыш капітан. Як там артылерыі — не падкінулі?
— Не, не падкінулі, Самохін. Снарадаў трохі далі. Па дваццаць штук на гармату.
— Толькі па дваццаць? Малавата.
— Што зробіш? Уся надзея на ўзвод ДШК. Калі Ярашчук не падвядзе.
— Не павінен. Ён хвацкі младшой.
— Ён хвацкі, ага. Але…
Валошын не стаў тлумачыць свае, яшчэ яму самому не дужа зразумелыя сумненні — як ні старайся, перад боем усё не прадугледзіш, штосьці ўсё роўна вылезе, нечаканае і часцей за ўсё непрыемнае, такое, што прымушае заўжды быць гатовым да горшага.
Азіраючыся на вышыню, ён пайшоў у роту Кізевіча. Галоўны клопат ночы нарэшце зваліўся з ягоных плеч, без мін управіцца будзе лягчэй ва ўсіх адносінах. Але па-ранейшаму незразумела было з вышынёй «Малой» — хто там? Ці, можа, сапраўды нашы, і ён дарма сумняваецца, ганяе людзей і пора гарачку.
Як і належыць дысцыплінаванаму ардынарцу, Гутман увесь час ішоў ззаду, як раптам трохі падбег і параўняўся з камбатам.
— Цяпер Самохін пакажа кузькіну маць гэтаму Кабакову. Праз яго ж Дразда пакалечылі.
— Праз яго, ага, — пацвердзіў камбат.
— Я б яго, гэтую гніду!.. Ух, ненавіджу баяк!
— Да? Сам ніколі не баяўся?
— Я? Баяўся, чаму? Але каб за іншых хавацца!.. Не, гэтага за мной не было.