Выбрать главу

А што, калі правесці манеўр, не прадугледжаны ні камандзірам палка, ні статутам, і яшчэ да пачатку артпадрыхтоўкі да світання паслаць на той бок роту — у час атакі яна б пасобіла астатнім, узяўшы агонь на сябе. Ды і сама памагла б агнём. На самай справе! Ноччу прабрацца пад вышыню, напэўна, удалося б, кустоўе ў балоце маскіравала ад ракет і хоць не хавала ад агню з вышыні, усё ж байцам было ў ім надзейней. Хаця для таго, каб паслаць роту зноў, трэба звяртацца да камандзіра палка, зрабіць гэта без яго ведама камбат не меў права. Хіба што ўзвод? Скажам, таго ж Нагорнага…

Валошын хутка крочыў уніз, да балота, пад аціхлую ўранні вышыню. Вецер не пераставаў, было здорава холадна, мароз браўся, напэўна, градусаў пад семнаццаць. Набліжаўся світанак, стала зусім цёмна, толькі зоркі ў разрывах аблокаў бліскалі неспакойна і востра. Але ён ведаў, што неўзабаве іх бляск пачне слабнуць, неба нальецца сінькай, з начной цемры пачне выступаць шэры, непрытульны абсяг, і для батальёна праб'е яго час — шэсць трыццаць.

Валошын азірнуўся — Чарнаручанка з Прыгуновым адставалі, корпаючыся са сваёй катушкай, каторая часам гучна трашчэла, заядаючы кабель, мабыць, буксавала зубчатка. Ён хацеў як мага хутчэй асталяааіша ў роце, але без сувязі цяпер не мог абысціся ні адной хвіліны і спыніўся, чакаючы байцоў. У пачуццях была кароткая палёгка, што ўдалося адчапіцца ад правяраючых, якія па сутнасці нічым памагчы не маглі, толькі блыталіся пад нагамі і заміналі. Кожны з іх адчуваў сябе разумнейшым у яго справах, а галоўнае — пнуўся са сваім правам указваць і нават загадваць. Як жа — яны былі пасланы ў батальён зверху, з палка і дывізіі, і, значыцца, адчувалі сябе больш дальнабачнымі, чым усе, хто быў у батальёне. Нават і гэты дывізійны ветэрынар, якога гэтак ашаламіла яго негатоў-насць да атакі.

«Хай сядзяць сабе на КП, чакаюць Маркіна, — падумаў Валошын. — Утрох ім сумна не будзе».

Аднак ён памыліўся.

Толькі ён прыйшоў у роту Самохіна і загадаў Чарнаручанку паставіць тэлефон у траншэйцы, а Прыгунова паслаў у ланцуг па Самохіна, як ззаду трохі наводцаль ад роты пачуўся прыглушаны голас. Спярша здалося яму, што гэта хтосьці з байцоў, але затым данесліся характэрныя інтанацыі Гутмана, і ён узрадаваўся, падумаўшы, што Гутман, нарэшце, нясе доўгачаканыя звесткі аб разведцы вышыні «Малой».

Сапраўды, гэта быў Гутман, Які хутка ішоў уніз да траншэі, але за ім, адстаючы, варушыўся хтосьці ў паўшубку, і камбат, прыгледзеўшыся да яго, пазнаў нядаўняга свайго правяральшчыка са штадыва.

— Таварыш камбат, вось прадстаўніка дывізіі прывёў,— бадзёра сказаў Гутман, быццам чакаючы пахвалы за сваю ініцыятыву. Камбат у душы вылаяўся, згледзеўшы, як настырны маёр, сапучы, лезе ў вузкаватую для яго траншэйку.

— Хутка, аднак, вы ходзіце, камбат. Добра, што ваш ардынарац папаўся, — казаў ён як ні ў чым ні было.

14

Па меры таго як бліжэла хвіліна атакі, усё шпарчэй бег час, і Валошын баяўся, што не паспее, запарыцца з паспешлівай сваёй падрыхтоўкай, запарацца камандзіры рот, не паспеюць байцы. Але роты ў свой час атрымалі сняданак, разабралі падвезеныя ім боепрыпасы і цяпер з трывожнай напружанасцю бавілі рэшту гэтай пакутлівай перад атакай гадзіны. Нагбрны таксама, здаецца, паспеў. Мінула хвілін дваццаць, як ягоны ўзвод (зрэшты, хутчэй аддзяленне — чатырнаццаць чалавек), ціхенька споўзшы з узмежка, знік у перадранішняй цемры кустоўя, і ўсё там, за балотам, пакуль было ціха. Але што б ні рабіў камбат, чым бы ні займаўся ў сваёй прыбліндажнай траншэйцы, усёй сваёй абвостранай увагай ён быў там, за балотам. Ён вельмі баяўся, што немцы да часу заўважаць байцоў Нагорнага і сарвуць увесь яго план, які ён пакуль што ўтаіў ад камандзіра палка і стараўся ўтаіць ад гэтага датошнага прадстаўніка штаба дывізіі, што лез да яго з пытаннямі, нашто і куды ён пасылае байцоў. Але ішоў час, а перадсвітальная ціша над балотам нічым не парушалася, даючы камбату слабенькі спадзяванак на ўдачу.

Між тым разведчыкі Кізевіча ўсё не вярталіся, і гэта цяжкім каменем ляжала на свядомасці Валошына. Да апошняй хвіліны спадзеючыся на іх паяўленне, ён бавіў час у траншэйцы і не аддаваў загаду. Побач чакалі выкліканыя для таго камандзіры падраздзяленняў, з ракетніцай напагатове ляжаў на тыльным брустверы Гутман, а ён усё марудзіў, услухоўваўся і з усё болынаю нецярплівасцю пазіраў у бок дзевятай — ці не ідзе Кізевіч? Але Кізевіч, напэўна, таксама чакаў да апошняй хвіліны, і камсорг Круглоў, які прыткнуўся ззаду на брустверы, зразумеўшы неспакой камбата, сказаў напаўголаса: