— Да, улопаліся, напэўна, вашы разведчыкі. Напэўна, улопачіся, падумаў камбат, але дзе? Калі там, на пагорку, свае, дык дзе ж яны маглі ўлопацца? Значыць, не свае, мабыць…
Аднак марудзіць далей стала немагчыма, да пачатку артпадрыхтоўкі засталося трыццаць хвілін, неба ўжо болей віднела, ужо добра стаў бачны хмызняк у балоце, і камбат спахапіўся:
— Гутман, бяжыце па камандзіра дзевятай. Ардынарац сарваўся з бруствера і жвава пабег краем балотца. У траншэі прымоўклі, адчуўшы набліжэнне самага важнага, для чаго сабраліся тут — аддачы баявога загаду, пасля чаго ранак ужо будзе належаць не ім. Пачнецца бой, цяжкі і доўгі, можа быць, на ўвесь дзень да вечара, і для некага з іх гэты дзень, напэўна, стане апошнім у ягоным жыцці. Але кожны з тых, хто стаяў цяпер у траншэі, пераборваў у сабе гэта дрыготкае адчуванне, маскіруючы яго то паспешнай закуркай, кароценькім жартам, пустой, неабавязковай тут рэплікай. Яны былі не навічкі на вайне і ўмелі валодаць сабой нават у такім самотна-гнятлівым чаканні, як гэтыя апошнія перад атакай хвіліны.
Камбат абвёў вачмі прысутных і, не ўбачыўшы камандзіра батарэі, запытаў:
— А дзе капітан Іваноў?
— А вунь бяжыць быццам, — сказаў, азірнуўшыся, Круглоў.
Сапраўды, з пагорка, прыгнуўшыся, спазнела прыбег камандзір батарэі і, шорхаючы палаткай, упаў бокам на бруствер. Два тэлефаністы з цяжкай, толькі што распачатай катушкай цягнулі за ім тэлефонную сувязь.
— Сюды, сюды давайце! — сцішана гукнуў ім капітан і вінавата сказаў прысутным: — Затрымаўся, прашу прабачыць. З боепрыпасамі марока. Толькі што прывезлі.
Стоячы на паўабарота, Валошын стрымана кіўнуў галавой. Позірк камбата слізгануў па маўклівай постаці лейтэнанта Муратава і спыніўся на ягоным суседзе Самохіне, які, прыпякаючы пальцы, нервова дакурваў «бычок». Камбат хацеў пра нешта запытаць у лейтэнанта, але па другі бок траншэйкі заварушыўся са сваім пакамечаным блакнотам усё той жа ветэрынар з дывізіі.
— Таварыш камандзір батальёна, прашу адказаць яшчэ на адно пытанне. Як забяспечваецца ў вас падвоз боепрыпасаў?
— Усё, што далі, ужо прывезлі,— сказаў Валошын. — Больш не чакаецца.
— Як гэта?
— Проста. Болей сёння не дадуць. Выдалі ўсё, што было.
— Ах, што было, — зразумеў маёр.
— Таварыш маёр, — сказаў камбат. — Я б вам параіў, пакуль не развіднела, адправіцца на мой КП. А то, як пачнецца, адсюль не выберацеся.
Ветэрынар пакрыўджана ўскінуў крануты шчаціннем, трошкі азызлы за бяссонную ноч твар.
— А я і не маю намеру выбірацца, таварыш камбат. Я прысланы камандзірам дывізіі знаходзіцца тут, пакуль не будзе ўзята вышыня. Я абавязаны ажыццяўляць кантроль за выкананнем яго загаду.
— Ну як сабе хочаце, — спакойна сказаў камбат, адразу губляючы да маёра цікавасць — у яго была процьма спраў болей важных.
Ён чакаў Кізевіча з Гутманам, але спярша прыбег адзін Гутман, які кінуў камбату: «Няма разведчыкаў», пасля з прыцемак паказаўся камандзір дзевятай. Яго змрочны выгляд красамоўна пацвердзіў невясёлае паведамленне ардынарца, і камбат расчаравана адвярнуўся. Чакаць далей не было магчымасці.
— Таварышы камандзіры!..
У траншэйцы і на брустверы ўсе разам прыціхлі, хаця і так амаль усе маўчалі, спыніўся шорхат палатак аб зямлю, настала важная хвіліна, якая патрабавала засяроджанай увагі ўсіх.
— Слухайце баявы загад, — цвёрдым, трошкі напружаным голасам сказаў камбат. — Арыенціры. Нумар адзін…
Аддаючы загад, ён стараўся прытрымлівацца пунктаў нядаўна ўведзенага баявога статута пяхоты, хоць у яго і была свая, адпрацаваная практыкай схема загаду. Але ён пакасіўся на ветэрынара, які азяблымі пальцамі старанна крэмзаў у сваім блакноце, напэўна, запісваючы ягоныя словы. Зрэшты, тое мала непакоіла камбата, увагу якога цалкам узяў сабе план бою, трудная, можа быць, марная магчымасць уварвацца на вышыню і адолець там немцаў. Ён бы хацеў і болей сказаць аб праціўніку, але ён мала пра яго ведаў, сістэма яго агню не была ўся раскрыта, ягоныя агнявыя магчымасці таксама. Паставіць задачы ротам было няцяжка, тут усё было звьпсла, хаця камбата і не пераставаў непакоіць правы, адкрыты фланг яго батальёна. На выпадак якой непрыемнасці з-за гэтага фланга ён загадаў камандзіру дзевятай атакаваць вышыню ўступам, з загнутым у бок вышыні «Малой» флангам — мабыць, гэта будзе не лішне. Яму ж ён перадаваў адзін з двух кулямётаў Ярашчука, чым адразу ж выклікаў бурнае незадавальненне малодшага лейтэнанта.