— Што іх раскідваць! Так узвод, а то…
Камбат маўкліваю паўзай ігнараваў гэтую яго заўвагу і прадаўжаў ставіць задачы:
— Паўтараю: галоўны план бою заключаецца ў хуткасці дзеянняў. Роты пераадольваюць балота бягом, як мага хутчэй выходзяць на рубеж узвода Нагорнага. Камандзір дзевятай! Ваша задача асабліва важная — як мага глыбей ахапіць вышыню «Вялікую» справа і ні на хвіліну не ўпускаць з-пад увагі вышыню «Малую» за балотам.
— А калі там немцы? — сказаў з бруствера заклапочаны цяпер Кізевіч.
— Калі там немцы, вы не зможаце ажыццявіць гэты ахоп. Тады спярша трэба збіваць адтуль немцаў.
— Кім збіваць? Узводам?
— Гэта будзе відаць. У ходзе бою.
Ён яшчэ не паспеў скончыць аддачу загаду, як унізе ў паспешна выкапанай ячэйцы заварушыўся ля тэлефона Чарнаручанка.
— Дзесяты выклікае.
З незадавальненнем спыніўшы размову, камбат апусціўся на кукішкі і ўзяў з рук тэлефаніста трубку.
— Валошын, засталося пятнаццаць хвілін. Я чакаю даклад аб гатоўнасці,— раздражнёна напомніў камандзір палка. — Што вы доўга капаецеся там? Аператыўней трэба!
— Я аддаю баявы загад, — сказаў Валошын.
— Аддавайце і дакладвайце. Роўна ў шэсць трыццаць артылерыя павінна адкрыць агонь.
— Я буду гатовы ў час.
— Ну-ну. Я чакаю.
Камбат выпрастаўся ў траншэі і нечакана для сябе сустрэўся позіркам з камандзірам восьмай Муратавым.
— Галоўны ўдар наносіцьвосьмая, лейтэнант Муратаў.
— Як заўсёды, — з глухаватай няпэўнасцю азваўся Муратаў.
Валошын падумаў: сапраўды, як заўсёды. Але што рабіць, такі лёс усіх часцей і падраздзяленняў, якія знаходзяцца ў цэнтры баявога парадку, наступаюць у лоб і церпяць болей за іншых. Затое ў абароне больш дастаецца фланговым; усе непрыемнасці ў абароне звычайна сыплюцца з флангаў.
— Якія пытанні? Што незразумела? — запытаў камбат, зірнуўшы на гадзіннік. Сапраўды, трэба было спяшацца, яго час канчаўся. Але ўсе заклапочана маўчалі, у траншэі зрабілася надта ціха, толькі Круглоў гулліва кідаў з брустве-ра камячкі зямлі на недалёкую плаху лёду.
— Калі пытанняў няма — па месцах! — сказаў камбат, з асаблівай выразнасцю адчуўшы, што ўжо зусім нічога не засталося. Заставалася дачакацца прызначанай хвіліны і паслаць у неба букет зялёных ракет. Пасля будзе бой.
Камандзіры выскачылі з траншэі і, прытрымліваючы палявыя сумкі, пабеглі да сваіх падраздзяленняў. У траншэі стала вальней, разам з камбатам у ёй застаўся Самохін, дзіўны ў сваёй службісцкай упартасці ветэрынарны доктар, капітан Іваноў з двума сувязістамі. Праз дзверы расчыненага бліндажа засяроджана пазіралі сувязныя — па адным з кожнай роты. Чарнаручанка корпаўся ў сваёй ячэйцы, а Круглоў на брустверы, таропка прыкурыўшы ў Гутмана, сказаў да камбата:
— Пайду, напэўна, у роту Кізевіча. Гляджу, тут камандзіраў хапае.
Валошын таксама выняў гадзіннік — доўгая стрэлка няўхільна набліжалася да шасцёркі, затым неўпрыкмет перапаўзла яе, і ўнізе зноў зазумерыў тэлефон.
— Скажы, што камбат пайшоў у роты, — сказаў Валошын, і Чарнаручанка, блытаючыся і заікаючыся, пачаў тлумачыць у трубку адсутнасць камандзіра батальёна.
— Так будзе лепш. Ну як бачнасць, Паша? — запытаў ён Іванова.
— Яшчэ б дзесятак хвілін. Ледзьве прыкметна стала траншэя.
Валошын узняў бінокль.
— Бачыш канец траншэі, самы яе ніжні адростаквус? Там бліндаж або, можа, дзот, з кулямётам.
— Ага, бачу. Учора мае засеклі.
— Далей на павароце траншэі яшчэ кулямёт, ноччу засек сам. Гэты самы небяспечны. На два схілы працуе.
— Во яго мы і прыхлопнем, — упэўнена сказаў Іваноў.— У першую чаргу.
— Далей усё па траншэі. Там кулямётаў пяць-шэсць. Трэба накрыць.
— Паспрабуем.
— Ну і спіраль Бруно. Хоць бы па адным пападанні на роту.
Не адрываючыся ад бінокля, Іваноў скамандаваў тэлефаністу:
— Батарэя, к бою!
— Батарэя, к бою! — як рэха, тэнарам адгукнуўся тэлефаніст і яснымі вачмі з-пад ссунутай на вуха шапкі ўставіўся ўгару на камбата — чакаў новыя яго каманды.
— Па кулямёту… Гранатай, узрывальнік асколачны… Зарад чацвёрты… Рэпер номер першы, лявей ноль сорак. Прыцэл сорак восем. Першаму адзін снарад — зарадзіць!
Тэлефаніст перадаў усё да апошняга слова, некалькі секунд пачакаў і нарэшце ўзняў да камбата ўсё той жа поўны гатоўнасці позірк сініх вачэй.