Выбрать главу

— Н-не, я не ранены, — выціснуў ён, заікаючыся.

— Устаць і бягом! Бягом! — скамандаваў Валошьга, ведаючы, што ад брызантных разрываў тут не схавацца, што трэба як мага найхутчэй выскачыць з раёна паражэння іх смяртэльных асколкаў.

— Бягом!

У наступнае імгненне з рэзкім аглушальным трэскам грымнулі яшчэ чатыры выбухі, трохі, праўда, далей, чым першы, бліжэй да краю балота, — якраз над тым месцам, дзе былі роты. Сотні сталёвых асколкаў гарачай віхурай абдалі кустоўе, зразаючы голле і наскрозь прапякаючы тоўсты, да самага дна, лёд. Ветэрынар зноў упаў, але тут жа падняўся; ззаду, ламаючы голле, яго даганяў Гутман.

Болей камбат не азіраўся, разам забыўшыся пра сябе і сваю бяспеку — трывога за роты, над якімі цяпер аглушальна загрукалі счацвяроныя выбухі брызантных, апаліла яго. Ён кінуўся наўпрасткі да блізкага ўжо краю балота, рашыўшы ў што б там ні было падняць батальён на апошні рывок, у якім было выйсце і адзіная магчымасць дасягнуць траншэі. Пад вышынёй на балоце яны доўга не вытрымаюць, у голым прамерзлым грунце не хутка акапаешся, ды і акопы ад гэтага агню не ўратуюць.

Чорт бы іх узяў, гэтыя брызантныя, ужо лепей бы агонь мінамётаў, збянтэжана думаў камбат, бегучы па кустоўі.

Ён выскачыў з балота пад новы брызантны залп, які прарэзліва і аглушальна грымнуў, здавалася, у некалькіх метрах над галавой, і збіты з ног гэтым залпам Валошын недарэчна ўпаў на жорсткую заінелую траву лужка. Але ён тут жа ўскочыў, акінуў позіркам ніз вышыні, дзе няроўна залеглі байцы восьмай роты. Нехта з іх ужо ліхаманкава працаваў лапаткай, хтось роспачна лаяўся справа, і ён павярнуў на гэтую лаянку, чакаючы ўбачыць там камандзіра роты, і ўбачыў купку байцоў — тыя на каленях схіляліся над кімсь, што ляжаў на траве. Яшчэ не дабегшы да іх, ён убачыў знаёмыя хромавыя боты Муратава, падхапіўшы якога, двое байцоў валаклі, прыгінаючыся, назад да кустоўя.

— Стой! — крыкнуў ён і не пачуў уласнага голасу, зноў накрытага чарговай серыяй выбухаў угары — адзін з байцоў упаў на калені, выпусціўшы руку ротнага, і ўткнуўся плячом у траву. Другі лёг побач, разгубленым позіркам матляючы навакол і не пазнаючы камбата.

— Што з лейтэнантам? — спытаў Валошын, прыся-даючы побач. Але толькі ён зірнуў на бела-бяскрбўны твар Муратава, як усё зразумеў адразу. Шэрыя крупінкі мозгу з разбітай патыліцы ротнага густа абляпілі ягоны каўнер і плечы з новенькімі, акуратна прышытымі пагонамі. Шынель на баку быў шырока распораты асколкам, і з дзіркі тырчаў шкумат аўчыннай камізэлькі.

— Пакінуць забітага! — загадаў ён.

— Таварыш камбат! — узмаліўся баец, пажылы чалавек з чырвонымі слязлівымі вачмі.— Таварыш камбат, як жа гэта? Яго ж параніла, мы паняслі, а тут… Як жа гэта, таварыш камбат?..

— У ланцуг! — жорстка загадаў камбат і позіркам пашукаў каго-небудзь з сяржантаў. Але сяржантаў паблізу не было відаць — на траве ніцма ляжала некалькі байцоў у новых і чыстых шынялях, высока насунутых на шапкі касках — учарашняе яго папаўненне. Іх трэба было падняць у атаку, прымусіць пераадолець пад агнём некалькі сот метраў на схіле, і гэтая задача здалася яму цяпер болей чым цяжкай.

Але іншага не заставалася.

Стараючыся перасіліць трэскат і дзіганне чэрг, ён прыпадняўся на руках і пракрычаў, выразна выгаворваючы кожнае слова:

— Ро-та!.. Пад-рых-тавацца да атакі!

Знешне рота амаль не адрэагавала на гэтую яго каманду, хаця рэагаваць на яе цяпер і не было патрэбы — трэба было яе ўясніць, а галоўнае — сабрацца з духам перад самым адчайным рыўком наперад. Разумеючы гэта і счакаўшы хвіліну, ён скамандаваў зноў:

— Па-аддзялённа!.. Кароткімі перабежкамі!.. Упярод!

I лёг грудзьмі на зямлю, з трапяткім напружаннем чакаючы, паднімуцца ці не? У ланцугу відавочна марудзілі, і ён падумаў, што цяпер вельмі прыгадзіўся б стары камандзірскі прыём: устаць самому і скамандаваць проста «За мной!». Але за гэты прыём ён сам неаднойчы спаганяў з сваіх камандзіраў рот і не мог яго дазволіць сабе. Усё ж у яго быў батальён, лёс якога ў многім залежаў ад яго, жывога. Мёртвы ён батальёну быў непатрэбны.

Да яго данеслася з ланцуга некалькі няпэўных урыўкаў каманды, некалькі чалавек у розных месцах усё ж ускочыла і, прыгнуўшыся, кінулася пад узмежак наперад. Прама перад камбатам мільгануў руды ў падпалінах шынелак на спіне байца, які рухава ўзбег на ўзмежак, ды раптам упусціў вінтоўку, павярнуўся, нібы хочучы паглядзець назад, і плазам рухнуў у дол. Пападалі таксама і іншыя, што паслухаліся ягонай каманды і падняліся першымі. Кулямётныя струмені з мноствам мільготкіх зеленаватых трас цяпер усе зышліся сюды і густа лупілі па ўзмежку, ушчэнт разбіваючы травяністы дзірван і з пранізлівым віскам разлятаючыся ў бакі. Тыя з байцоў, чыя чарга надышла, каб падняцца, яшчэ болей прыціснуліся да зямлі, і камбат не падаў новай каманды. Ён ужо зразумеў, што атакаваць пад такім агнём немагчыма, што так ён вельмі проста пакладзе тут увесь батальён. I ён пачаў услухоўвацца ў грымлівае шматгалоссе бою, стараючыся знайсці ў ім хоць якую-небудзь магчымасць для выканання задачы, і не знаходзіў ніякай. Адзіная магчымасць, якую на некалькі хвілін даваў раптоўны ўдар Нагорнага, была беззваротна ўпушчана, і цяпер усё вырашалі суадносіны сіл, якія складваліся яўна не ў карысць батальёна. Агонь спрэс быў нямецкі, гэты бок маўчаў. Некалькі мінамётных разрываў яшчэ трэснула на вышыні, і болей разрываў там не было. Замоўкла і батарэя Іванова, якая выпусціла, мабыць, усё, што магла выпусціць. Ён не прыкмячаў часу, але, мусіць, мінула болей чым дзесяць хвілін. Затое вышыня цяпер захадзілася ў звоне і гуле паўтузіны кулямётаў, патокі куль з густым віскам, не перастаючы, ішлі над балотам, хаця тут, за невысокім, да калена, узмежачкам, што аддзяляў сенакос ад нівы, было трохі схоўна, калі б не гэты брызантны абстрэл. Схавацца ад брызантных тут не было дзе.