Тым часам нямецкі карэкціроўшчык, напэўна, ужо прыстраляўся, і выбухі з невялікім адхіленнем па дальнасці і вышыні амаль усе ў лінію грукалі над ланцугом батальёна, дзеручы асколкамі травяны дзірван, пырскаючы крошкамі лёду на балоце, паднімаючы на вецер воблачкі пылу з нівы. Камбат на кукішках перабег некалькі крокаў да ўзмежка і азірнуўся, ліхаманкава шуКаючы, што рабіць. Але Гутман з Чарнаручанкам, прыгнуўшыся, ужо валаклі да яго канец провада, за імі паўзлі на кукішках трое сувязных з рот, і за ўсімі кароткімі перабежкамі спяшаўся ветэрынар у папэцканым, мокрым на жываце паўшубку.
— Сувязь! Жыва!
Чанаручанка скорчыўся на баку і непаслухмянымі рукамі пачаў прымацоўваць провад да клемаў, а камбат, не паварочваючы галавы, пракрычаў:
— Сувязны сёмай роты!
Яму ніхто не адказаў, і ён гучнейшым голасам паўтарыў выклік:
— Сувязны сёмай!
Праз густы кулямётны трэскат і гром выбухаў угары, якія, зрэшты, пачалі трохі аддаляцца ўправа, напэўна, у раён дзевятай Кізевіча, зблізку нічога не было чуваць, і Гутман, павярнуўшыся на локці, крыкнуў тром сувязным, што нерухома прыпалі да зямлі ў дзесяці кроках ззаду.
— Эй вы! Аглухлі?
Адзін з байцоў заварушыўся, з напружаннем на твары ўзіраючыся ў камбата, і той вылаяўся.
— Якога д'ябла маўчыш? Ану бягом за камандзірам роты!
Баец, надта прыгінаючыся, ледзьве не наступаючы на абвіслыя полы шыняля, з вінтоўкай у правай руцэ пабег уздоўж балота налева.
— Перадайце па ланцугу: сяржанта Яршова — ка мне! Гутман пракрычаў гучней, і, здаецца, ягоную каманду
перадалі далей. Калі Яршоў жывы, ён як-небудзь управіцца з сёмай, але невядома было, як справы ў дзевятай.
— Сувязны дзевятай!
— Я! — прыўзняўся на траве белабрысы баец.
— Бягом за камандзірам роты!
Толькі баец адбег паўсотню крокаў, як зноў грымнула над самым ланцугом восьмай, і ў паветры, выразна азначыўшы куткі трапецыі, зачарнелі чатыры воблачкі. Гэта таксама клас — мільганула ў галаве ў Валошына, прыстраляліся як мае быць. Хтось непадалёк, кінуўшы вінтоўку, нязграбна папоўз у хмызняк, цягнучы па зямлі параненую, з разматанай абмоткай нагу. Нехта крычаў напалоханым да жаху голасам:
— Пераб'е так усіх да д'ябла! Чаго ляжаць будзем?
— Ага! Дае, сволач, чых-пых! — сказаў Гутман. Чарнаручанка ўсё корпаўся са сваёй сувяззю, прадзі-
маючы трубку, і Валошын крыкнуў:
— Ну, ты доўга там?
Сувязіст, аднак, падняў да камбата занепакоены твар, зацепаў добрымі вачмі.
— Няма сувязі. Перабіла, напэўна…
— На лінію марш! Жыва!
Чарнаручанка нешта ўмольна кінуў да Гутмана, піх-нуў за спіну карабін і, падхапіўшы провад, пабег да балота.
Валошын нядоўга чакаў, усё ўслухоўваючыся ў суцэльны няўрымслівы грукат, з неразумнай упартасцю імкнучыся ўчуць у ім хоць што-небудзь суцяшальнае для батальёна, але нічога ўчуць не мог. Цяпер ужо ўвесь агонь ішоў з боку немцаў, нашы ў ланцугу не стралялі, змоўкла артылерыя, і затаіліся ДШК за балотам, мусіць, падаўленыя гэтым гагатлівым шквалам куль і асколкаў, што абрынуліся на батальён. Разрывы брызантных у небе бязлітасна трэскаліся над раёнам дзевятай, адкуль праз якіх чвэрць гадзіны замест старшага лейтэнанта Кізевіча прыбег краем хмызняку жвавы баец у ватоўцы. Камбат памятаў яго ў твар, але прозвішча цяпер успомніць не мог. Кашляючы ад удушлівай трацілавай гаркаты, што асядала ў балоце, баец выцягнуўся поруч з Валошыным.