Выбрать главу

Некалькі байцоў наперадзе паспешна скочылі ў свае нядаўна пакінутыя і зноў радасна знойдзеныя акопчыкі. Ззаду і трохі ўбаку спазнела, але з ранейшым аглушальным трэскам бабахнулі разрывы брызантных. Камбат, не спяшаючыся, хісткім крокам кіраваў па адкрытай мясціне да сваёй траншэі. Яго цяпер надта проста маглі зрэзаць кулямётнай чаргою ззаду, маглі накрыць разрывам бры-зантнага, але ён ужо не дбаў аб сваім жыцці пасля таго, як столькі чалавечых жыццяў засталося па той бок балота. Не зірнуўшы нават на змрочна паніклага за брустверам Іванова, ён скочыў у траншэю, апынуўшыся побач з апярэдзіўшым яго ветэрынарам. Камандзіры сустрэлі камбата моўчкі, і ён маўчаў, хвіліну пазіраючы, як з кустоўя, выблытваючы ў голлі провад, таропка выбіраўся Чарнаручанка. Тэрмінова патрэбна было звязацца з камандзірам палка.

— Да, глупства атрымліваецца, — адчуваючы настрой Валошына, паныла сказаў Іваноў.

— Чаму так кепска працавала артылерыя? — горача загаварыў у траншэі ветэрынар. — Чаму раптам замоўклі гарматы?

— Каб артылерыя добра працавала, патрэбны боепры-пасы, — сказаў Іваноў.— А боепрыпасаў якраз кот наплакаў.

— Гэта чаму? Хто вінаваты?

— А вы пра гэта ў штабе дывізіі запытайцеся, — стоячы да маёра бокам, сказаў камбат. — Падвоз і снабжэнне ў арміі ажыццяўляюцца зверху ўніз.

Маёр шумна і гаротна ўздыхнуў, напэўна, пачынаючы разумець нешта, і Іваноў сказаў:

— Восем снарадаў засталося. Як было апошнія выпусціць?

Ён быццам апраўдваўся перад маёрам ці перад камандзірам батальёна, але камбат не вінаваціў яго і нават не крыўдаваў, разумеючы, што без снарадаў камандзір батарэі яму не памочнік.

У невясёла-раздумнай маўклівасці Валошын стаяў, прысланіўшыся да тыльнай сцяны траншэі. Тым часам Гутман з двума байцамі вынеслі з балота цела Муратава. Зышоўшы са слізкага лёду, яны, можа, ад стомы ці не ведаючы, куды скіраваць далей, нерашуча паклалі яго на траву, але Гутман тут жа пачаў падганяць іх, і байцы зноў узяліся за рагі палаткі. З натугай узлезшы на ўзмежак, яны паклалі забітага каля ўвахода ў траншэю, і ў камбата на хвіліну перацяла ў горле, калі ён прыпамятаў іх начную размову аб гадзінніку. Вось яна, забабоннасць! Зрэшты, хіба ён адзін? У тых многіх, што асталіся пад вышынёй, наўрад ці былі хоць якія-небудзь гадзіннікі. Ды і асаблівыя прадчу-ванні таксама.

— Накрыйце лейтэнанта! — крыкнуў ён Гутману. — Палаткай накрыйце.

Побач роспачна вылаяўся Іваноў, які наогул ніколі не лаяўся.

Бой, аднак, памалу сціхаў, нямецкая батарэя збавіла тэмп, падобна было, збіралася зусім спыніць агонь, па адным змаўкалі і кулямёты. Валошын працягваў паныла маўчаць, уяўляючы сабе, як нямецкія кулямётчыкі на вышыні разраджаюць цяпер перагрэтыя свае «машынан-гевэры», мяняюць гарачыя ствалы, закурваюць і выхваляюцца адзін перад адным, як яны спрытна адбілі атаку рускіх. Што ж, яны перамаглі, і хоць камбат не адчуваў сябе пераможаным, настрой яго быў болей чым кепскі. Чакаючы, пакуль Чарнаручанка наладзіць сувязь, ён пазіраў на вышыню і хмызняк, з якога ўсё яшчэ валакліся адставакі і параненыя. Апошнімі выйшлі два байцы, адзін аслабела абапіраўся на плячо другога. Яны брылі быццам сляпыя, абыякава глухія да стрэлаў ззаду, аб чымсьці скупа перагаворваліся між сабой. Пасля той, што быў паранены, адчапіўся ад пляча таварыша і знямогла апусціўся на дол, другі пачаў тузаць яго, прымушаючы падняцца, і, павярнуўшы твар, тонкім голасам пракрычаў да ўзмежка:

— Таварыш камроты! Санітара!

Валошын зірнуў у кірунку ягонага позірку і ўбачыў лейтэнанта Самохіна, які рашуча крочыў уздоўж акопчыкаў сваёй роты.

— Ану памагні ім! — крыкнуў ён там камусьці і грузна ўваліўся ў траншэю, ледзьве не збіўшы з ног Чарнаручанку.

— Што ж гэта атрымліваецца, таварыш капітан?

Валошын пахмурна зірнуў у поўныя злоснага адчаю вочы ротнага. Галава таго пад коса насунутай вушанкай была свежазабінтавана, і скрозь марлю бінта праступіла і распаўзлася свежая пляма крыві. Лейтэнант хваравіта дакрануўся да павязкі бруднай рукой, і твар ягоны скрывіўся ў пакутнай грымасе.

— Што, здорава? — кіўнуў камбат.

— Мяне ерунда! — махнуў рукой лейтэнант. — А вось паўроты нібы карова языком злізала. Апошняга сяржанта ўхлопалі. Грак ранены ў абедзве нагі. Як жа так, таварыш камбат? Гэта ж безабразія. I гэта артылерыя, чорт бы яе задраў. Яе б саму ў ланцуг, хай ба папоўзала пад іх кулямі.