— Я не згодны са зняццем камандзіра батальёна.
— Вы? — здзівіўся Гунько. — Хто вы такі?
— Я ўпаўнаважаны штадыва, маёр ветэрынарнай служ-бы Казькоў.
«Во як?» — зусім ужо недаўменна падумаў Валошын, які зусім не разлічваў на чыю-небудзь абарону, і цяпер заступніцтва гэтага ветэрынара з'явілася ўсё ж прыемным для яго суцяшэннем.
— Ну і што? — холадна кінуў камандзір палка. — Ну і што, што вы ўпаўнаважаны? Камандзір батальёна не забяспечыў выканання баявой задачы, вось я яго і адхіляю ад пасады. Дарэчы, з ведама камандзіра дывізіі.
— Вы памыляецеся! — рэзка сказаў маёр. — Я быў у батальёне і бачыў усё сваімі вачамі. Камандзір батальёна дзейнічаў правільна.
— Многа вы разумееце! — сказаў камандзір палка. — Тут я гаспадар, і я прымаю рашэнні. Вось са сваім намеснікам. Маркін!
— Я, таварыш маёр!
— Выклікайце камандзіраў падраздзяленняў, стаўце задачу!
— Ёсць выклікаць камандзіраў падраздзяленняў! — як рэха, адгукнуўся Маркін, і гэты яго паслухмяны адказ, нібы вядро сцюдзёнай вады, вярнуў да Валошына адчуванне няўхільнай рэальнасці. У адно імгненне і з усёй выразнасцю ён зразумеў, што вось зараз ці, можа, праз некалькі хвілін стараннасцю гэтага паслухмянага Маркіна будзе канчаткова пагублены яго батальён. I каб не дапусціць гэтага, ён ухапіўся за апошні свой аргумент, іншых довадаў у яго не засталося.
— А снарады для батарэі нам выдзелены? Батарэя сядзіць без снарадаў, хто падавіць іх кулямёты? — злосна загаварыў ён, з адкрытай варожасцю гледзячы ў вочы камандзіру палка.
— Снарады я вам не раджу! — сказаў той. — Няхай іх лепш пашукае ў сябе камандзір батарэі.
— Батарэя — не снарадны завод, — цвёрда сказаў ззаду Іваноў.— Усё, што было, я ўжо выпусціў.
— Так ужо і ўсё?
— Да апошняга снарада. Можаце праверыць.
Настала пакутная паўза. Камандзір палка заклапочана паглядзеў у бакі, але тут жа хутка ўспомніў:
— Раз няма снарадаў, то — па-пластунску! Па-пластунску зблізіцца з праціўнікам і гранатамі закідаць траншэю. Зразумелі?
— Так точна! — з гатоўнасцю, хоць і без жаднага ўздыму паўтарыў Маркін.
— Гранаты ў байцоў ёсць?
— Ёсць.
— Таварыш кампалка, — зноў заварушыўся ў траншэі ветэрынарны маёр. — Пад такім агнём немагчыма нават і па-пластунску. Я бачыў…
— Мне напляваць, што вы бачылі! — ускіпеў Гунько. — Вы не для таго прысланы ў полк, каб перашкаджаць выкананню баявой задачы.
— Я прысланы кантраляваць яе выкананне, — раззлаваўся і ветэрынар. — I я буду дакладваць камандзіру дывізіі. Вы няправільна ставіце задачу…
— Не вам мяне вучыць, таварыш маёр ветслужбы. Маркін! Усіх у ланцуг! Камандзір батарэі, загадваю: ні на крок не адставаць ад камандзіра батальёна. Кулямёты… Дзе кулямёты ДШК?
— Тут. На сваіх пазіцыях, — азірнуўся Маркін.
— Кулямёты — упярод! Усяму батальёну паўзком упя-род! Панялі? Толькі ўпярод!
— Паняў, таварыш маёр, — адказаў зводдаль Маркін, і да Валошына ўсё з болыпай выразнасцю даходзіў фатальны сэнс, што адбывалася цяпер у гэтай траншэі. Уявіўшы сабе, які цяжар кладзецца на былога яго начштаба, ён непрыемна паморшчыўся — наўрад ці з ім Маркін справіцца. Але цяпер гэта яго не датычыла, ён перастаў быць камандзірам батальёна і ні за што болып не адказваў. Ён быў тут чалавек старонні.
— Дазвольце, я далажу камандзіру дывізіі,— не сунімаўся ветэрынар. — Я прашу не пачынаць атакі да майго даклада камдзіву.
— Гэта не ваша справа, — сказаў камандзір палка і запытаў, на паўабарота павярнуўшыся да Валошына. — Камандзіры рот усе на месцы?
— Апроч забітага камандзіра восьмай, — змрочна сказаў Валошын. — I ў роце не засталося ніводнага сярэдняга камандзіра.
— А тут недзе Круглоў быў,— успомніў нампаліт.
— Я тут, таварыш маёр, — пачулася зводдаль, ад увахода ў бліндаж.
— Вось ён часова і заменіць камроты, — рашыў Міненка.
— Круглоў, прымайце роту. I батальён — упярод! — павысіў голас камандзір палка, суровым позіркам нішчачы Маркіна, які заклапочана стаяў у траншэі.
— Ёсць!
Яўна задаволены сабой і сваёй здольнасцю распарадзіцца, камандзір палка спрытна выскачыў з траншэі, за ім вылезлі астатнія. Па адным яны перабеглі адкрыты ўчастак поля і схаваліся ў грыўцы кустоўя. Штабісты таксама. пайшлі, і апошні з некаторай нерашучасцю выбраўся з траншэі маёр ветэрынарнай службы. Ён быў заклапочаны і, ні з кім не развітаўшыся, моўчкі пабрыў па кустоўі.
У траншэі стала вальней. Маркін, чакаючы прыходу Кізевіча і Ярашчука, упарта маўчаў, прыдушаны цяжарам новага свайго абавязку. Іваноў ціха перагаворваўся з агневікамі па тэлефоне, высвятляючы, колькі ў іх засталося «агурчыкаў». Паводле ягоных падлікаў, іх павінна было быць на шэсць штук болей, чым дакладваў старшы на батарэі.