Седзячы на зляжалай саломе ў падземнай цішыні бліндажа, ён не мог ды і не стараўся перамагчы ў сабе накіпелы свой гнеў супраць камандзіра палка. Злавацца на маёра Гунько даводзілася яму не ўпершыню, але ніколі раней ён не быў такі бездапаможны, пазбаўлены ўсякай рэальнай магчымасці, сапраўды ад усяго адхілены, як сёння. Камандзір палка нават не назначыў яго камандзірам роты, а проста выставіў з батальёна, як абсалютную для яго непатрэбнасць. Зжыўшыся за гады службы з турботным пачуццём камандзірскай адказнасці і цяпер раптам пазбаўлены яе, Валошын амаль разгубіўся. Ды і што мог ён зрабіць? Ён не мог нават каму-небудзь паскардзіцца, бо скардзіцца на строгасць начальніка ў арміі забаранялася. Ён мог толькі чакаць, калі батальён возьме вышыню ці ўвесь застанецца на яе мёрзлых схілах. Але ў абодвух выпадках радасці яму будзе не шмат.
Дзесь у глыбі яго падсвядомасці з'явілася ціхенькае, але ўпартае жаданне: хай не выйдзе і ў Маркіна, хай і ў яго атака не ўдасца. На самай справе, не ўдалася яму, чаму яна павінна ўдацца ў яго падначаленага, які ва ўсіх сваіх камандзірскіх якасцях уступаў Валошыну. Хіба што настойлівасці ў выкананні загаду ў начштаба будзе больш, усё ж ён у гэтым батальёне чалавек новы — месяц як прыбыў з франтавога рэзерву. Валошын адчуваў, што Маркін у сваім увогуле зразумелым для яго старанні выканаць задачу надта ашчаджаць батальён не будзе і за некалькі гадзін можа пакласці ўсіх.
Што тады скажа Гунько? Як ён тады аднясецца да гэтага старання?
Але, відаць, гэта ўжо будзе не ягоны клопат, ягоныя адносіны з маёрам Гунько, мабыць, ужо ўсе скончыліся. Што ж, таго і трэба было чакаць, гэта канец лагічны. Цяпер нават цяжка было прыпамятаць, з чаго ўсё пачалося. Напэўна, з нейкіх прыкрых драбніц, а можа, і не з драбніц нават, — проста яны былі надта розныя людзі, каб доўгі час суіснаваць у згодзе. Прывыкшы да пэўнай самастойнасці, якую даваў яму ранейшы камандзір палка, Валошын не мог прымірыцца з прыдзірлівым апякунствам маёра і ў многім працягваў рабіць па-свойму і незалежна, і тады аказалася, што новы камандзір палка не церпіць ніякай незалежнасці. Іншы на яго месцы, магчыма, даў бы некаторую паслабку камандзіру лепшага з сваіх батальёнаў, але Гунько даваць паслабкі не стаў і ўсёй уладай старэйшага начальніка абрушыўся на камбата. Тое, што здарылася сёння, даволі наспела за месяц іх непрыязных адносін.
Аднак прымірыцца з гэтым Валошыну было не лёгка, асабліва калі ён не адчуваў сябе вінаватым і ва ўсім вінаваціў камандзіра палка. Толькі ён не мог не разумець, што ў арміі заўжды застаецца правы старэйшы начальнік. Але чорт з ім, з гэтым начальнікам, падумаў Валошын, хіба ён ваяваў для Гунько? Або быў у яго на службе? Таксама як і камандзір палка, ён служыў Радзіме і, як умеў, стараўся дзеля агульнае справы перамогі. У гэтым сэнсе абое яны былі роўныя. Несправядлівасць камандзіра палка была не болей за несправядлівасць маёра Гунько. Але, апроч таго, была вялікая армія, Радзіма, быў яго абавязак перад народам, людзьмі, нарэшце, перад яго батальёнам, які ён выхаваў, навучыў і дзякуючы якому стаў тым, кім ён быў дагэтуль. Думаючы так, Валошын адчуваў, што гэта былі простыя і абсалютна правільныя яго думкі, і ён проста ўзрадаваўся ім, калі б толькі яны суцяшалі. На жаль, суцяшэння ад іх было мала — па-ранейшаму грызла пачуццё несправядлівасці і было амаль па-дзіцячы крыўдна.
Раптам здорава грымнула ў баку саўгаса, залпам ударыла артылерыя, зямля пад спіной здрыганулася, пасыпаўся пясок у куце бліндажа. Валошын зірнуў на гадзіннік, было роўна дзесяць, мабыць, пачалі артпадрыхтоўку першы і другі батальёны. Вось-вось павінны былі ўстаць ягоныя роты. Што на гэты раз чакае іх за балотам?
Артылерыйская кананада тым часам ператварылася ў суцэльны аддалены грукат, у якім гучна трэснулі знаёмыя разрывы брызантных. Напэўна, тая нямецкая батарэя, што ўсю раніцу нішчыла яго батальён, зманеўравала траекторыямі і перанесла агонь на другі фланг палка. Цяпер там не салодка, але для ягонага батальёна ў гэтым можа быць паратунак, падумаў Валошын. Калі, не марудзячы, выкарыстаць гэты перанос, падняць людзей і — рыўком цераз балота, на вышыню? Але чаму так марудзіць Маркін?