Маркін, аднак, не марудзіў, проста Валошын не пачуў сігнальнага стрэлу з ракетніцы, да яго данеслася толькі некалькі прыглушаных каманд у ланцугу восьмай роты, якіх, зрэшты, было даволі, каб зразумець, што батальён падняўся. На гэты раз без артпадрыхтоўкі, нават без кароткага агнявога налёту. Група ўпраўлення камбата выбегла з траншэі адначасна з ротамі, Іваноў з тэлефаністам таропка сабралі сваё начынне і таксама пабеглі сдедам за ўсімі. У бліндажы і паблізу зрабілася ціха, і Валошын зацяў дьгханне.
Яму не было патрэбы сачыць за перабежкамі рот да знаёмай ужо вышыні, ён з заплюшчанымі вачмі мог сабе ўявіць усё, што адбывалася на яе схілах і ў балоце. Напружана слухаючы адцалены раскоцісты грукат, ён чакаў першых стрэлаў па батальёну, больш за ўсё баючыся брызантных. Зрэшты, цяпер тут, напэўна, будзе штось іншае.
Хвілін пяць немцы маўчалі, можа, не прыкмячаючы рыўка батальёна, а можа, наўмысна рашылі падпусціць яго бліжэй для кароткага кінжальнага ўдару ў лоб, і гэтыя хвіліны, як заўжды, былі самыя напружана пакутныя. Стомлены чаканнем, Валошын трохі адышоў ад тужлівых асабістых перажыванняў, імкнучыся ў думках туды, следам за ротамі. Ён ведаў, чакаць засталося нядоўга, восьмая ўжо, напэўна, адолела балота і выйшла да ўзмежка, значыць, вось-вось павінна было адтуль грымнуць. Павінна пачацца самае важнае, ад чаго будзе залежыць усё астатняе.
Як ён ні чакаў гэтых першых стрэлаў адтуль, грымнулі яны знянацку, і ён аж здрыгануўся, пачуўшы ў суцэльным адцаленым грукаце выразны здвоены залп. Мінныя выбухі раскаціліся дзесь паблізу, земляная падлога бліндажа хіснулася, вялікі мерзлы камяк з бруствера ўпаў на дно і разбіўся.
У той час раскаціста заліліся кулямёты.
Не скрануўшыся з месца, ён знерухомеў на ўтаптанай саломе, імкнучыся па гуках вызначыць хаду бою. Але кулямёты страчьші на ўсёй вышыні, яшчэ колькі разоў раскаціста грымнула, напэўна, у балоце. Агонь мацнеў, стралкам станавілася ўсё горш, і цяпер павінна была сказаць сваё слова артылерыя: варожую батарэю трэба было як мага хутчэй засеч і падавіць. Але чым было падавіць? Тым дзесяткам снарадаў, якія збярог Іваноў?
Нямецкія мінамётчыкі з цягам часу перайшлі на беглы агонь, і цяжкія міны з працяглым жудасным віскам абрынуліся з-за вышыні. Ірваліся яны трохі далей ад зыходнага рубяжа батальёна, напэўна, па той бок балота, значыць, роты паспелі ўжо пераадолець хмызняк. Але на схілах ім будзе горш. Усё будзе рашацца на схілах.
Сцяўшыся ў бліндажы, ён пільна ўслухоўваўся ў ашале-лае грымоцце бою і думаў, што неўзабаве павінен наступіць пералом у той або іншы бок. Так доўга працягвацца не можа. Кулямёты ДШК, якія нядаўна адкрылі агонь, чамусьці ўсе разам замоўклі, і ў гэтым быў першы нядобры знак; батарэя Іванова, здаецца, наогул ні разу не стрэліла. I раптам у кароценькай паўзе паміж выбухамі ён пачуў крыкі. Ён ужо ведаў, што так можа крычаць камандзір, калі, апроч голасу, у яго няма іншых сродкаў уздзейнічаць на падначаленых. I ён зразумеў, што там сталася ліха. Не ў стане далей стрываць трывогу, ён выскачыў з бліндажа.
На левым флангу батальёна, дзе наступала сёмая, яўна парушыўся баявы парадак, і частка байцоў, бязладна бегучы па схіле, кіравала назад, у балота. Некаторыя з іх ужо дабеглі да краю кустоўя і знікалі ў ім, накіроўваючыся да выратавальных сваіх акопчыкаў, а на шляху іхняга адыходу ў балоце магутна грохалі чорныя фантаны выбухаў. Восьмая, здаецца, ужо ўся перайшла цераз балота і залегла пад знаёмым узмежкам, дзевятая справа, пасоўваючыся ў рэдкім кустоўі, быццам бы спрабавала яшчэ наступаць. Валошын не ведаў, дзе знаходзіцца Маркін, але, зразумеўшы, што батальёну кепска, краем балота кінуўся насустрач сёмай.
Ён не думаў тады, што права на ўмяшанне ў ход бою ў яго ўжо не было, што наогул усё, што тут адбывалася, яго не датычыла, але ён адчуў востра, што калі батальён зблытае баявы парадак, дык гэта абернецца для яго разгромам. I ён, трошкі ўгінаючыся, бег праз хмызняк пад раскацістыя выбухі мін, раз за разам слізгаючы па разбітым, спрэс у варонках лёдзе. Аднойчы яго збіла з ног недалёкім выбухам, і, падаючы, ён балюча выцяўся каленам аб лёд. Пасля ён ускочыў, ледзьве не сутыкнуўшыся з байцом, які ў перакошанай на галаве новенькай касцы імчаўся насустрач, і Валошына непрыемна ўразіў выгляд байца, ніжняя сківіца якога адвісла, акругліўшы рот, смуглявы твар памярцвеў у сваёй ненатуральнай адзеравянеласці. Валошыну спярша здалося, што баец паранены, але, згледзеўшы, як той спрытна матлянуўся ў хмызняк пад новы віск мін, капітан зразумеў, што гэта ад страху. Тады ён спыніўся і нягучна, але ўладарна скамандаваў: