Выбрать главу

— Ану стой! Стой!

Побач грымнуў чарговы выбух, абодвух абдало хлюпкай балотнай граззю, Валошын упаў, распластаўся за кустом і баец. Але не паспела апасці ўзнятая ў паветры дробная крошанка лёду, як баец падхапіўся і з зайздросным спрытам кінуўся прэч. Капітан выхапіў пісталет.

— Стой! Назад!

Ён стрэліў запар два разы над яго галавой, баец прысеў, жаласна, з нявыказанай тугой у вачах азірнуўся.

— Назад! — крыкнуў Валошын і махнуў у бок вышыні пісталетам. — Назад! — I зноў стрэліў паверх галавы байца.

Не адразу, з відавочным намаганнем адольваючы свой

спалох, прыгнуўшыся на тонкіх у абмотках нагах, баец падбег да капітана і ўпаў на лёд.

— Як прозвішча? — крыкнуў Валошын. — Прозвішча як?

— Гайнатулін.

— Гайнатулін, упярод! — кіўнуў галавой капітан. — Упярод марш!

Ахоплены дробнай дрыжыкай, баец падняўся, і яны хутка пабеглі ў пашкуматаным хмызняку, па залітым граззю, пакарэжаным выбухамі лёдзе. Кулямёты з вышыні сыпалі кулямі па ўсім балоце, часам іх блізкія чэргі, б'ючы аб лёд, балюча сцябалі па твары ледзяной драбязой і пранізліва рыкашэцілі ў неба. У паднябессі рознагалоса вішчала і раўло, даносіліся незразумелыя крыкі, кожны раз заглушаныя магутнымі выбухамі мін. Падаючы і ўскокваючы, Валошын ужо выбягаў з хмызняку, калі спаткаў яшчэ двух байцоў, якія перабягалі паміж разрывамі ў тыл, і таксама завярнуў іх назад. Каля вялізнай, разварочанай у лёдзе і дрыгве варонкі на краі кустоўя тузаўся, спрабуючы ўстаць, адзін паранены, з яго расшкуматанага буйным асколкам нутра па шынялі і каленях лілася ручаямі цёмна-бурая кроў. Баец то ўскокваў на калені, заціскаючы рукамі жывот, то падаў, нешта намагаючыся сказаць.

— Двум узяць! Хутка! Здаць на медпункт і назад! Байцы з яўным страхам на тварах падступіліся да параненага, а капітан з астатнімі двума выбег з кустоўя.

Тут пачынаўся адкрыты ўчастак поля з прамерзлай травой балотца, далей не крута паднімаўся адхон, і агняна-трасірныя чэргі з вышыні густа мільгалі вакол, здавалася, ва ўсіх кірунках. Ужо не ўхіляючыся ад іх, Валошын прабег крокаў дзесяць і ўпаў, па жорсткай траве нядоўга прапоўз наперад, шукаючы позіркам каго-небудзь з камандзіраў сёмай. Але людзей тут было не шмат, напэўна, сёмая ўжо паспела схавацца ў кустоўі, некалькі чалавек, падобна, забітых, у ненатуральных паставах ляжалі на закіданай камякамі зямлі, палеглым іржышчы. Перачакаўшы серыю мінных разрываў, калі, здавалася, усё на свеце вось-вось абрьгаецца ў правалле, ён зноў узняў галаву і ўбачыў байца, які то заміраў ля самай зямлі, напэўна, чакаючы, калі скончацца блізкія выбухі, то, зноў ліхаманкава пера-біраючы рукамі, поўз у яго бок.

— Таварыш камбат!..

Валошын угледзеўся ў спрэс шэры, прысыпаны пылам ягоны твар, на шапцы байца затрымалася некалькі камячкоў зямлі. Вочы яго, аднак, цвёрда і заклапочана зірнулі на капітана, і той разам пазнаў у ім кулямётчыка сёмай Дзянішчыка.

— Таварыш капітан, бяда…

— Што такое, Дзянішчык? Дзе кулямёт?

— Ды во кулямёт разбіла.

— Ты цэлы?

— Пакуль што… А напарніка… I гэтага, камандзіра роты забіла, — цяжка дыхаючы, паведаміў Дзянішчык.

Валошын з намаганнем пераадолеў раптоўную спазму ў горле і запытаў:

— Многа… забітых?

— Хапае. Вунь ляжаць. Ды што — кулямёты сякуць так…

— Дзянішчык! — хутка адыходзячы ад яго весткі, сказаў капітан. — Паўзком у хмызняк і ўсіх — назад! Усіх назад, у ланцуг!

— Добра, добра, камбат, — з гатоўнасцю падхапіўся баец. — Я зраблю…

— Гайнатулін! — азірнуўся Валошын, і затрыманы ім баец лыпнуў вачмі.— Гайнатулін, за мной — упярод!

Але не паспелі яны па-пластунску адолець і двух дзесяткаў крокаў, як ззаду з кустоўя зноў даляцеў крык, у якім пачулася нешта знаёмае, і капітан азірнуўся.

Дзянішчык яшчэ не мог адпаўзці так далёка, туды, дзе з дробнага хмызнячку паўзком і прыгнуўшыся з'яўляліся ўцекачы сёмай роты. Хтось іх выганяў там на поле, яны азіраліся і, апынуўшыся на адкрытым, адразу ж падалі, пачынаючы неахвотна паўзці наперад. Неўзабаве, аднак, капітан убачыў і таго, чый голас ужо некалькі разоў занепакоіў яго — гэта была малодшы сяржант Вераценнікава.

Валошын ціха, сам сабе вылаяўся — яшчэ тут яе не хапала. А ён думаў, што яна на світанні пайшла ў тыл. Выходзіць, на штосьці спадзеючыся, Самохін, пакуль быў жывы, хаваў яе ў роце. I дахаваўся. Зрэшты, з лейтэнантам ужо нічога не зробіш, але што зрабіць з ёй?

Тым часам Вераценнікава таксама заўважыла тут Валошына і, штось злосна пракрычаўшы на байцоў, амаль не ўгінаючыся, краем кустоўя зморана скіравала да капітана.