Выбрать главу

Рота, аднак, быццам бы затрымалася, уцекачы па адным вярталіся з балота і ўкладваліся на схіле ў няроўны крывулясты ланцуг. Трэба было падумаць, як наступаць далей — сёмая не мела права адставаць ад суседзяў справа. Азіраючы шырокі выпуклы схіл, над якім мільгалі зеленаватыя ў святле дня трасы, Валошын заўважыў у недалёкай

варонцы скасабочаны край шчыта кулямёта і падумаў, што, пэўна, гэта і ёсць кулямёт Дзянішчыка. А можа, і не яго, а іншы, але пападанне было куды як трапнае, наўрад ці каму ўдалося там ацалець. Варонка ж была адзіным тут укрыццём, трэба было паспрабаваць дапаўзці да яе. Але спярша ён пачакаў Веру, якая, як толькі падбегла, бяссільна ўпала на дол:

— Таварыіц капітан! Таварыш капітан!!.

Хвіліну яна рыдала, уткнуўшыся тварам у падкасаны рукаў шыняля, плечы яе скаланаліся, шапка спаўзла на патыліцу. Валошын нядобра маўчаў, цалкам падзяляючы яе няшчасце, але чым ён мог памагчы? Суцяшаць у такім становішчы было б з ягонага боку ханжаствам. Да таго ж ён не мог адолець у сабе злоснага пачуцця таго, што гэтае наравістае дзяўчо так і не выканала яго загад, самавольна застаўшыся ў батальёне і тым ускладніўшы сваё і без таго не простае тут становішча.

— Так, хопіць! — строга сказаў капітан. — Хопіць! Слязьмі не паможаш. Дзе ён?

— Я ж казала… Я ж так і ведала, — падняла непрыгожы, змакрэлы ад слёз твар Вера. — Ён жа ўсё рваўся, усё наперад і наперад. Я стрымлівала, не пушчала… А тут… вырваўся!

— Дзе ён ляжыць?

— Там, пад самай гэтай спіраллю. Ён жа наперад за ўсіх выскачыў, ну і…

— Так, панятна! Давайце на левы фланг. Давайце ўсіх слабакоў упярод! Я паслаў Дзянішчыка, вы яму ў дапамогу.

— Я іх затрымала, — сказала Вера, раптам супакойваючыся, і бруднымі пальцамі выцерла твар. — Я іх павыганяла з балота. А то кінулі ўсё, пабеглі…

— Усіх сюды, у ланцуг! I чакаць сігналу ўпярод! Вера хутка папаўзла назад, у бок левага фланга роты, а ён зноў азірнуўся на Гайнатуліна.

— Гайнатулін, за мной упярод!

18

Здавалася, яны цэлую вечнасць паўзлі па схіле да гэтай разварочанай выбухам варонкі, раз за разам заміраючы пад гарачымі струменямі куль, што праносіліся над іх галовамі, прыціскаючыся грудзямі да пакрэмзанага міннымі асколкамі долу, чакаючы, пакуль скончыцца грымотны абвал блізкіх выбухаў, задыхаючыся ад патокаў узнятага ў паветры пылу. Аднойчы Валошыну так сцебанула па твары зямлёй, што ён, абліваючыся слязьмі, хвіліну цёр забітыя пяском вочы, пакуль нарэшце пачаў нешта бачыць. Ён не азіраўся, але адчуваў, што Гайнатулін быццам паўзе, і час ад часу прыкрыкваў цераз плячо: «Гайнатулін, упярод! Не бойся, Гайнатулін! Упярод!»

Нарэшце, дабраўшыся да варонкі, ён пераваліўся цераз крайнія, бязладна наварочаныя выбухам глыбы і апынуўся ў яе выратавальнай зямной глыбіні. Тут ужо можна было ўздыхнуць. Рукі яго да лакцёў патанулі ў перамеленай выбухам і густа начыненай асколкамі зямлі, якою да плеч быў засыпаны баец-кулямётчык з акрываўленай разбітай патыліцай. Зямля ў дне варонкі густа змакрэла ад яго ліпкай крыві, ногі байца былі расшкуматаны выбухам, а адна рука ўсё яшчэ ўчэпіста трымалася за ручку паваленага набок ДШК з загнутай ударам сталёвай пласцінай шчыта. Валошын з натугай адарваў гэтую руку ад кулямёта і націснуў на спуск. Кулямёт, на яго здзіўленне, грымліва здрыгануўся, кароткай чаргой узбіўшы зямлю наперадзе, і канец доўгай, засыпанай пылам стужкі з патронамі ажывела варухнуўся ў варонцы.

— Гайнатулін, сюды!

Валошын, нібы выратаванню, узрадаваўся гэтаму куля-мёту, клапотна здзьмухнуў з прыцэльнай рамкі пясок, выцяг з-пад камякоў усю стужку з паўсотняй жоўтых буйнакаліберных патронаў. Пасля, узяўшыся за кулямётныя ручкі, засцярожліва высунуўся з варонкі — трэба было вызначыць адлегласць і паставіць прыцэл.

Але, на ягоны жаль, аказалася, што не відно траншэі — пакатая паверхня схілу хавала яе ад ягоных вачэй, зрэшты, як і яго ад немцаў таксама, інакш бы яму сюды не дабрацца. Гэта было кепска, тым болын што ён ужо паспадзяваўся на сваю ўдачу. Значыць, трэба было выбірацца з гэтай варонкі, што пад такім агнём было самазабойствам. Гайнатулін тым часам, мабыць, пераадолеў у сабе свой спалох, зрабіўсд з выгляду болей спакойны і адкапаў у варонцы яшчэ дзве скрынкі з патронамі. Боепрыпасаў прыбавілася, трэба было неадкладна адкрываць агонь.

Валошын павёў позіркам па схіле ўправа, куды прыкметна аддаляліся выбухі і скіравала палова кулямётнага агню з вышыні — там, удалечыні за балотцам, у падножжа вышыні «Малой», варушыліся байцы дзевятай. Адсюль цяжка было зразумець, ці яны рыхтаваліся кінуцца на вышыню, ці штось у іх не атрымалася, і яны гатовы былі адысці за балота. Праўда, вышыня была далекавата нават для яго ДШК, але ён рашуча павярнуў кулямёт у яе бок.