Выбрать главу

— Выпаўзайце! — змрочна сказаў Маркін і выняў з кішэні трафейную, з белага металу ракетніцу.

— Асцярожна, — сказаў Іванову Валошын. — Яны тут кулямётамі ржышча стрыгуць.

Іваноў зматаў з пачатай катушкі даўгі канец провада і, схапіўшы за рэмень апарат, вываліўся з варонкі.

Абодва камбаты засталіся ў варонцы. Адносіны паміж імі былі прыкметна нацягненыя, размаўляць не хацелася, і Валошын сачыў, як пятляла-сучылася на скосе варонкі чырвоная нітка провада. Ён ведаў, што, пакуль яна варушылася, з Івановым было ўсё ў парадку.

— Вы з кулямётам застанецеся? — маючы на ўвазе хуткую атаку, запытаў Маркін.

— Я з кулямётам. Да, а вам вядома, што Самохін забіты?

— Ведаю. Сёмай пакуль камандуе Вера.

— Знайшлі камандзіра!

— А што? Дзеўка бядовая…

— Бядовая, ды цяжарная. Вы падумалі аб тым?

— Ну што ж, што цяжарная. Ніхто яе тут не трымаў. Сама засталася. Так што…

— Чорт бы вас узяў! — не стрымаўся Валошын, забыўшыся ў гэты момант, што гадзіну назад сам паслаў Веру наводзіць парадак у сёмай. Але тады ён ужо страціў свае паўнамоцтвы адпраўляць яе ў тыл, тыя паўнамоцтвы, якія разам з іншымі перайшлі да Маркіна і якімі новы камбат распараджаўся па-свойму. I ўсё ж было прыкра, галоўным чынам ад усведамлення таго, што Веры ў батальёне не месца. Ні да, ні тым болей у часе гэтай, з самага пачатку няладнай, атакі, якая, апроч яшчэ адной непатрэбнай смерці, нічога іншага ім не абяцала.

Прыгнуўшы галаву, Валошын сядзеў на скосе варонкі. Провад памалу варушыўся ля яго ботаў, ціха знікаючы ў полі. Значыць, Іваноў усё поўз, напэўна, яшчэ не бачыў траншэі. Але вось шырокая пятля провада замерла на краі варонкі, Валошын старанна выпраміў яе загіб, ды провад не варухнуўся. «Зараз скамандуе», — падумаў Валошын. Аднак мінула хвіліна, другая, каманды ўсё не было чуваць. Маўчала і батарэя.

— Ну што ён там? — нецярпліва сказаў Маркін і выглянуў з варонкі.

Валошын таксама выглянуў, але Іванова нідзе не ўбачыў, напэўна, той схаваўся за выпукласцю гэтага схілу.

Высоўвацца ж далей не мела сэнсу. Яны яшчэ пачакалі, але провад болей не кратаўся, і гаўбічная батарэя ззаду працягвала маўчаць.

— Чорт ведае што! — губляючы трыванне, вылаяўся Маркін, і ў свядомасць Валошына ўдарыла трывога. Як на бяду, ні ў варонцы, ні каля яе нідзе не было нікога. Счакаўшы трохі і не могучы адолець вострага непакою за сябра, Валошын падаўся па ягоным следзе з варонкі.

— Вы куды? — крыкнуў наўздагон Маркін.

— Я зараз…

Ён таропка папоўз уздоўж провада, які чырвонаю ніткай пралёг па схіле, і яшчэ зводдаль убачыў сябра — той нерухома ляжаў ніц на пакрэмсаным чэргамі ржэўніку, і ён падумаў, што, відаць, найгоршыя яго апасенні спраўдзіліся. Адсюль ужо відаць была вышыня і брустверны бугорчык бліжняга канца траншэі са ствалом нямецкага кулямёта на сошках. Кулямёт, зрэшты, пыхкаючы дымком, біў некуды ў фланг сёмай. Валошын падпоўз да Іванова і лёгка перакаціў на бок яго сухарлявае цела, зваліўшы з галавы на леташні ржэўнік яго скамечаную шапку; з вуснаў капітана споўз па шчацэ тонкі струменьчык крыві. Іваноў прастагнаў і кволым позіркам паглядзеў на Валошына.

— Дружа, куды цябе? — ліхаманкава абмацваючы яго, запытаў Валошын.

— Папала і мне, — прастагнаў Іваноў і раптам загрэбаў ля сябе рукамі.

— Баліць, га? Я перавяжу. Дзе баліць?

— Сувязь… Сувязь трэба…

— Чакай ты з сувяззю. Давай у варонку назад!

— Трэба перадаць на агнявую…

— Я перадам, ладна, — запэўніў Валошын і перакінуў ягоную руку сабе за шыю, каб цягнуць яго па схіле назад да варонкі.

— Перадаць даварот, — упарта паўтарьгў Іваноў, бездапаможна закінуўшы галаву. — Дай трубку!

Дрыготкімі рукамі, хвалюючыся і лаючыся, Валошын расшпіліў футарал апарата і выняў тэлефонную трубку. Іваноў прыўзняў аслабелую руку, у якую Валошын, адціснуўшы клапан, уклаў яго трубку.

— «Бяроза»… — ледзь чутна вымавіў камандзір батарэі.

— «Бяроза» слухае! — зараз жа бадзёра адгукнуўся ў трубцы. — «Бяроза» слухае, таварыш капітан.

— «Бяроза», я ранены. Даю паварот: рэпер нумар тры, правей ноль-сорак. Уравень болып ноль-ноль тры…

Лежачы побач, Валошын добра ўчуў у трубцы паўторы

ягоных каманд, чаго сам Іваноў, здаецца, ужо не чуў. Камандзір батарэі ўвачавідкі губляў свае сілы, і з імі, здавалася, знікала яго свядомасць. Ён маўчаў, трубка таксама замоўкла, амаль выпаўшы з яго рукі, пасля з яе загучала з трывогай:

— Што, можна агонь? Можна агонь, таварыш камбат?

— Агонь… Беглы агонь, — няслушнымі вуснамі пра-шаптаў камбат і сціх. Спалохаўшыся, што на агнявой маглі не пачуць ягонай каманды, Валошын падхапіў трубку і гучна пракрычаў у яе: