Выбрать главу

— Усімі снарадамі агонь! Адкрывайце агонь! Вы чулі, камбат скамандаваў агонь!

Пасля ён сунуў трубку ў футарал і, закінуўшы руку Іванова сабе за шыю, павалок яго назад да варон-кі. Ён яшчэ не дапоўз да яе, як зямля пад ім пругка здрыганулася, і чатыры гаўбічныя выбухі грымотна прагрукацелі на вышыні каля самай траншэі. Гэта было так блізка, што асколкі з фыркатным звонам пранесліся над яго галавой, і ён спалохаўся, як бы каторы з іх ненаўмысля не зачапіў Іванова. Але асколкі іх абмінулі, ён зваліў сябра з плячэй на краі варонкі, пасля, ухапіўшы пад пахі, сцягнуў уніз. Маркіна тут ужо не было, на скосе адзінока стаяў кулямёт ды насупраць супакоена ляжалі двое забітых. Да іх ён паклаў параненага.

Іваноў чуўся кепска, здаецца, губляў прытомнасць, і Валошын, не паспеўшы аддыхацца, кінуўся яго перавязваць. Ён расшпіліў дзягу з пісталетам, расхінуў запэцканы ў крыві паўшубак, пад якім аказалася мокрая, ліпкая ад крыві гімнасцёрка, і Валошын зразумеў, што куля ўдарыла капітана ў грудзі. Гэта было горш, рану ў грудзях перавязаць не проста, асабліва ў такіх умовах, калі няма часу і пад рукамі ўсяго адзін індпакет. Баючыся, што вось-вось прагучыць каманда на атаку, ён туга абгарнуў бінтам індпакета паверх гімнасцёркі з вялікаю плямай крыві і захінуў паўшубак. Яму трэба было не празяваць пачатак атакі, у якой заўжды нямала спраў кулямётчыку.

Але, здаецца, пакуль ён завіхаўся з параненым, атака ўжо пачалася. Наперадзе ля траншэі яшчэ рванула некалькі выбухаў, закідаўшы схіл камякамі зямлі, і хтось там ужо мільгануў сярод дыму і пылу, на секунду прапаў, пасля мільгануў зноў. Страляць па траншэі было ўжо позна, і Валошын, падумаўшы, што спазніўся, выкаціў цяжкі ДШК з варонкі, пацягнуў яго ўгору. Зводдаль і ззаду беглі байцы восьмай роты.

Відаць, збянтэжаныя знянацкім напорам, немцы на хвіліну разгубіліся, нават спынілі мінамётны агонь па вышыні «Малой», пераносіць жа яго па атакуючых так блізка ад сваёй траншэі яны, відаць, не адважыліся. Сёмая з восьмай жыва скарысталі гэтую нядоўгую замінку і ўварваліся на вышыню, амаль дабегшы да самай траншэі. Але з траншэі ва ўпор ім ударылі кулямёты, і байцы адзін за адным пачалі падаць на дол.

Адчуўшы на бягу, як густа зафукалі каля яго кулі, Валошын таропка павярнуў кулямёт і таксама ўпаў, затуліўшыся за пагорбленым яго шчытом. Лежачы, ён сцягнуў з пляча цяжкую з патронамі стужку і ўбачыў лейтэнанта Круглова, які на чацвярэньках поўз да яго і крычаў:

— Таварыш капітан!.. Таварыш капітан, вунь бачыце?.. Вунь, зараза, з-за бруствера…

Ён ужо ўбачыў на брустверы кулямёт, кулямётчык якога, мабыць, таксама заўважыў іх збоку. Звернуты крыху ўбок яго ствол раптам крута вывернуўся і, здавалася, упёрся ў Валошына. Не паспеўшы яшчэ прыўзняць ахоўнік, Валошын здрыгануўся, як ад апёку, аглушаны імклівым трэскатам скіраванай па ім кулямётнай чаргі. Аднак пагнуты, пакрэмзаны асколкамі шчыт ДШК яго ўратаваў, чарга сыпанула далей і ўзад, і ён, тузануўшы затвор, ударыў па кулямёту, зласліва адчуваючы, як ягоная разрыўная чарга змятае разам з рыхлай зямлёй усё, што было на брустверы. Калі ён расслабіў на спуску знямелыя ад намагання пальцы, кулямёта там ужо не было, толькі нешта пыльна шарэла нястрашным нежывым бугарком.

— Рота!.. — ускочыў і хрыпата закрычаў Круглоў.— Рота, упярод!

Валошын расслаблена выдыхнуў пад казённік пасля кароткага напружання, якое, аднак, ушчэнт знясілела яго. Ён зірнуў убок і ўбачыў, як некалькі байцоў непадалёк ускочылі з долу і падаліся далей за камсоргам. Нехта, не шмат прабегшы, хутка ўпаў, але хтосьці ўжо ўскочыў на бруствер і тут жа знік, мабыць, саскочыў у траншэю.

Вялізнае напружанне, якое столькі часу валодала капітанам, разам апала ад адной радаснай думкі — нарэшце зачапіліся, і ён таксама падняўся, каб бегчы туды, да траншэі.

19

Ім пашанцавала. Паўтара дзесятка байцоў, што апынуліся на стыку сёмай і восьмай рот, уварваліся нарэшце ў траншэю.

Мокры ад поту, Валошын, цягнучы за сабой кулямёт, заўважыў, як зводдаль у траншэі мільганула некалькі нямецкіх касак, некалькі разоў падземным грукатам вухнулі ручныя гранаты, але, калі ён узбег на разварочаны нагамі і засыпаны гільзамі бруствер, у траншэі ўжо ўсё было скончана. Ён з палёгкаю скокнуў у свежую, з выразным земляным пахам траншэю, прыкідваючы, дзе б да часу прыткнуцца з грувасткім кулямётам, які неўзабаве, мабыць, трэба было цягнуць далей. Але для таго ў вузкай траншэі яму патрэбна была дапамога. Азірнуўшыся, ён убачыў паблізу ў полі маладога байца ў новым шынялі і спыніўся, каб пачакаць яго, як аднекуль зверху, з не бачнай адсюль пазіцыі, гучна і грозна ўдарылі размераныя кулямётныя чэргі. Нізкія чырванаватыя трасы мільганулі наўкось па схіле, і баец, не дабегшы дзесятка метраў да бруствера, ткнуўся галавой у зямлю. Здаецца, яго зрэзала па самыя калені. У наступнае імгненне гэтыя трасы нізка пранесліся над галавой Валошына, той інстынктыўна прысеў, схапіўшыся за ручкі ДШК, але адсюль не было відаць за накапаным грабянём бруствера, адкуль біў гэты нямецкі буйнакалі-берны. Біў, аднак, здорава — нізка па схіле ў фланг восьмай, некалькі чалавек якой, так і не дабегшы да траншэі, бездапаможна распласталіся на ржышчы. Іншыя пачалі таропка адпаўзаць пад выратавальную ахову ледзьве прыкметнага пагорачка ззаду. У той час зверху густа і прарэзліва завылі нямецкія міны, якія пыльнымі выбухамі ляглі ўпоперак па схіле, пасля па нізе вышыні, па балоце.