Валошын скаціў кулямёт ніжай, на броўку, упёр казённік у супрацьлеглую сценку траншэі. Ён зразумеў усё. Надзея на ўдачу не спраўдзілася, момант быў упушчаны, батальён аказаўся разрэзаны на тры часткі, бой ускладніўся, і цяпер з упэўненасцю вызначыць ягоны зыход было немагчыма. Ва ўсякім выпадку жменьцы байцоў, што ўварвалася ў траншэю, хутка будзе не соладка.
Стараючыся, аднак, захаваць вытрымку, ён апусціўся на дно траншэі і пад віск і грымоцце выбухаў згарнуў цыгарку. У ягоным болей чым азмрочаным з раніцы настроі настаў пералом, у гэтай безнадзейнасці ён нечакана знайшоў у сабе спакойную ўпэўненасць, амаль абнадзейнасць. Усё цяжка перажытае ім дагэтуль спакваля адсунулася прэч, яго чакала штось новае, і ён адчуў, што самае галоўнае, мабыць, трэба яшчэ перажыць. I хоць ён не меў аніякіх ілюзій, ён быў упэўнены і спакойны. Ён уступіў у звыклую ролю салдата і не залежаў ужо ні ад Гунько, ні ад Маркіна, а толькі ад немцаў і сябе самога. Ягоны салдацкі лёс быў цалкам у ягоных руках.
Ён толькі раз зацягнуўся, як трохі вышэй у траншэі пачуліся незразумелыя крыкі і блізкая чарга з аўтамата секанула па брустверы. Было падобна на тое, што іх ужо спрабавалі адсюль выбіць і хтось там не ўтрымаўся. Але бегчы пад гэты агонь з траншэі, напэўна, азначала загінуць. Тузануўшы з кабуры пісталет, Валошын счакаў чвэрць хвіліны і, прыгнуўшыся, пабег па крывулястай траншэі. На другім ці на трэцім павароце ён наткнуўся ў дне на байца, што прысеў з прымкнёным да вінтоўкі штыхом і напружана ўзіраўся наперад, адкуль даносіўся крык і густа трашчалі аўтаматныя чэргі. Некалькі куль разбіла зямлю на брустверы, абдаўшы абодвух пяском і пылам.
— Што там? — запытаўся Валошын.
Баец паціснуў плячыма, трымаючы напагатове зброю, сам, аднак, не спяшаўся падацца назад, і Валошын крыкнуў яму:
— Давай назад да кулямёта.
Яны ледзьве разышліся ў цеснай траншэі, на дне якой ён з гідлівасцю пераступіў цераз труп немца ў расхінутым на грудзях шынялі, і на чарговым павароце ледзьве не трапіў пад знянацкую чаргу ўздоўж траншэі, паспеўшы, аднак, захінуцца за земляны выступ. Аднекуль спераду на яго наскочыў Круглоў.
— Што такое, лейтэнант?
— Дрэнь справа, камбат! Назад гоняць!
— Спакойна! — сказаў Валошын і заступіў траншэю перад байцом, які следам за камсоргам выскачыў з-за павароткі. Па ягонай шчацэ цякла за каўнер кроў.— Спакойна. Ану гранаты! Гранатамі — агонь!
Баец штось усхвалявана крычаў, памінаючы нейкага Лёшку, і машынальна размазваў даланёй кроў па шчацэ. Падпарадкоўваючыся камандзе, ён сарваў з брызентавай дзягі гранату і з лаянкай шпурнуў яе далей у траншэю. Калі яна разарвалася за паваротам, абдаўшы іх смуродам і пылам, спераду з-за калена выскачыла яшчэ двое, і ў тым, што быў без шыняля, у непадпяразанай гімнасцёрцы, Валошын раптам пазнаў Чарнаручанку.
— Чарнаручанка, ты што? Дзе Маркін? Чарнаручанка матлянуў па ім недаўменным позіркам.
— Там, — кінуў ён, падхапіў вінтоўку і стрэліў два разы па траншэі. Туды ж ударыў з пісталета Круглоў.
— Так. Адсюль ні кроку! — пачынаючы адчуваць заблытаныя акалічнасці бою, сказаў Валошын. — Адсюль ні з месца. Зразумела?
— Так точна, таварыш камбат, — сказаў Чарнаручанка і перазарадзіў вінтоўку.
Іх сабралася за каленам траншэі чалавек пяць, аднекуль спераду напіралі немцы, густа абсыпаючы бруствер і павароты траншэі аўтаматнымі чэргамі, а яны адстрэльваліся і час ад часу кідалі туды гранаты. Немцы таксама шпурлялі гранаты, дзве з якіх разарваліся, на шчасце, за брустверам, адну Чарнаручанка ўхапіў за доўгую ручку і адкінуў назад. Было зразумела, што з ходу выбіць немцаў з гэтай траншэі ў іх не хапіла сілы, і цяпер іх саміх як бы не выгналі ў поле. Гэта ўжо было горш, тым болей што дапамагчы ім тут не было каму.