Выбрать главу

— Ану давай усе сюды! — загадаў ён, калі некалькі байцоў высунулася з бліндажа. — Даставай лапаткі. Быстра перакапаць траншэю. Закрыць праход!

Ён адступіў крок назад, і першы баец — даўгі, у старой ватоўцы, хлопец па прозвішчу Лучкін, з сілай уваткнуўшы ў броўку лапатку, адваліў пад ногі пласт яшчэ свежай, па-летняму сырой зямлі. Па другі бок пачаў старанна абрушваць зямлю яшчэ адзін баец у новенькай зялёнай касцы.

— Так. Астатнім прыкрыць іх! Узяць у рукі гранаты! — распарадзіўся Круглоў.— Ні чорта! Яшчэ мы пабачым…

Плюючыся ад узнятага ў траншэі пылу, Валошын адышоўся на некалькі крокаў назад, прыслухаўся. Нябачны кулямёт справа ўсё грукацеў чэргамі на вышыні, з віскам несліся над схілам міны, і ад іх перуновых выбухаў няспынна калацілася зямля. Але ў траншэі страляніна заціхла. Ці надоўга толькі? Безумоўна, немцы не маглі іх пакінуць у спакоі, значыць, рыхтаваліся ўдарыць як мае быць. Адрэзаўшы іх ад асноўных сіл батальёна, тыя, вядома, маглі не спяшацца. Дзецца тут усё роўна не было куды.

З бліндажа выглянуў усё той жа замурзаны баец у ссунутай на вуха шапцы.

— Таварыш капітан! Лейтэнант кліча. Азірнуўшыся на знерухомеўшага каля байцоў Круглова, Валошын павярнуў назад і спусціўся па прыступках у адмысловы, пад двума накатамі глыбокі бліндаж. У яго паўзмроку было цяжка што ўбачыць, ён толькі згледзеў выцягнутыя на праход ногі ў ботах, абмотках, некалькі напружаных у паўзмроку твараў, па адным выглядзе якіх было зразумела, што гэта параненыя. Тут жа, прысланіўшыся спіной да сцяны, напаўляжаў на шынялі Маркін.

— Што з вамі? — запытаў Валошын. — Сур'ёзна параніла?

— Ды во, у нагу, — варухнуў лейтэнант забінтаванай, без бота нагой. — Так што зноў вам камандаваць.

«Куды як зайздросна, — падумаў Валошын, — прыняць гэта камандаванне ў такі здатны час». Батальён рассечаны на некалькі частак, адна з якіх залегла пад вышынёй, другая сунулася ў гэтую пастку, упраўлення ніякага, камбат паранены і цяпер перадае камандаванне. Але што ж… Так ці інакш ён тут старшы па званню, прыйдзецца, відаць, брацца за справу.

— Нашто было бегчы наперадзе ўсіх? Што і каму вы даказалі гэтым? Цяпер вы разумееце становішча батальёна?

— Я ўжо адразумеўся, — са змрочным спакоем сказаў Маркін. — Я ранены.

— А да ранення вы не маглі падумаць аб тым?

— А што думаць? Загадаюць — палезеш, куды і шыла не лезе.

— Да-а, — уздыхнуў Валошын і, ціха вылаяўшыся, стомлена апусціўся каля ўвахода.

Ішла вайна, гінулі сотні тысяч людзей, паасобнае чалавечае жыццё, здавалася, страціла звычайны свой кошт і вызначалася толькі мерай шкоды, якую яно наносіла ворагу. I тым не менш, будучы сам салдат і сам кожную хвіліну рызыкуючы галавой, Валошын не мог не адчуваць, што ўсё ж самае каштоўнае на вайне — жыццё чалавека. I чым больш у чалавеку сапраўды чалавечага, тым важней для яго сваё ўласнае жыццё і жыцці блізкіх яму людзей. I ў той жа час якім бы ні было дарагім жыццё, ёсць рэчы даражэйшыя за яго, нават не рэчы, а паняцці, пераступіўшы, аднак, цераз якія, жыццё разам губляла сэнс, рабілася прадметам ганьбы, а можа, і каменем для сябе самога. Праўда, да Маркіна гэта апошняе, мабыць, не датычылася.

Паклаўшы на калені рукі, Валошын хвіліну пасядзеў у спакоі, пакуль не адчуў, як запякло ў правай кісці — па пальцах на бот жыва скацілася некалькі цёплых кропляў. Ён памацаў кісць левай рукой і ўбачыў на пальцах кроў. Што за халера, падумаў капітан, які нават не заўважыў, калі гэта яго параніла. Але так, параніла, і трэба было перавязацца, каб спыніць кроў — кроў яму яшчэ будзе патрэбна.

— У каго ёсць бінт? — запытаўся ён, ссоўваючы рукаў шыняля.

— Во ў яго, — пачулася за ягонай спіной, і Валошын аж скалануўся. З паўзмрочнага кутка бліндажа на яго пакутна глядзелі знаёмыя вочы радавога Аўдзюшкіна, і Валошына пранізала спалохам, калі ён успомніў, што Аўдзюшкін быў ва ўзводзе Нагорнага.

— Аўдзюшкін, ты?

— Я, таварыш камбат.

— Ты што, паранены?

— Раніты, таварыш камбат. Во ногі ў мэнэ прастрэленыя.

— А Нагорны?

— Нагорны вбіты. Ёго гранатай вбіла. Тут, у траншэйцы.

— Раніцай?

— Ранкам, ну, — з натугай, стрымліваючы стогн, казаў Аўдзюшкін. — Як мы сунуліся, ну ён і навалівся. Всех пэрэбілы. Тількы я остався. I то во фрыц гэты спас. Пэрэвязав ногі.

— Які фрыц?